Наша вока павінна быць зоркім

Аб тым, што правілы бяспекі – галоўныя правілы жыцця, гаварылі на сельскім сходзе, які адбыўся ў Лычкаўцах.

Заўважыла, як жанчыны ў другім радзе змахвалі слязінкі, калі на экране змяняліся страшныя кадры пра пажары і няшчасныя выпадкі, у выніку якіх пацярпелі дзеці. Бралі за сэрца заклікі прыбітых горам бацькоў: “Ні на хвілінку не пакідайце дзяцей адных!”

Вось і школьнікі – члены агітбрыгады Васілішкаўскай СШ выйшлі на сцэну, каб нагадаць землякам, што агонь – партнёр сур’ёзны, неахайнасці не даруе. Калі ж слова ўзяла старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Т.І. Зубрыцкая, зноў ледзь улоўны цень смутку лёг на твары прысутных на сходзе мужчын і жанчын. Тамара Іванаўна ўспомніла пра нядаўнюю трагедыю ў вёсцы Хадэлі: на пажары загінулі пажылая жанчына і яе сын. Прыстойныя і працавітыя людзі. Мудрая і асцярожная матуля, кажуць, забараняла сыну курыць, а той… часам рабіў гэта ўпотай. Як высветлілася пазней, пажар пачаўся з хлява, які быў прыбудаваны да жылой палавіны будынка. Якраз з таго боку і прагарэла сцяна…
Старшыня сельвыканкама запэўніла: аглядная камісія не абмінала гэты дом, як і іншыя ў 92 вёсках сельсавета, дзе жывуць адзінокія, пажылыя людзі, інваліды, сем’і з дзецьмі. Гутарылі з людзьмі: напаміналі пра правілы бяспекі, папярэджвалі. А маці з сынам нават прапаноўвалі часова перабрацца на сацыяльныя ложкі, але тыя адмовіліся. Нішто не прадвяшчала бяды… “Будзьце пільнымі, акуратнымі ў абыходжанні з агнём самі і ўважлівымі да сваіх суседзяў”, – звярнулася кіраўнік улады да землякоў. 


Што абачлівасць і асцярожнасць, а таксама дакладнае выкананне правіл пажарнай, электра- і іншых відаў бяспекі – галоўныя абаронцы ад надзвычайных сітуацый, сцвярджалі і іншыя выступоўцы. Часам бяда нараджаецца з невялікага ўзгарання, і чалавек гіне ад дыму, папярэдзіў вяскоўцаў намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС А.Я. Ясеў. І прыклады яскравыя прывёў, і лічбы сумныя ў якасці аргументаў. Па яго словах, з пачатку года на Гродзеншчыне адбылося 275 пажараў (257 – летась), 20 чалавек загінула (24 ў 2016-ым).
Тэму прафілактыкі пажараў працягваў і начальнік Шчучынскага РАНС А.Д. Малюгін. Дарэчы, чацвёртая частка ўсіх загінуўшых сёлета ў выніку пажараў у вобласці – гэта жыхары Шчучынскага раёна, нагадаў ён. Чацвёра з пецярых ахвяр дыму і агню – пенсіянеры, адзін – непрацуючы. Каб не даць разгуляцца “чырвонаму пеўню”, варта не палічыць за цяжар і прытопачны ліст належнага памеру пакласці, і дымаход патынкаваць ды пабяліць. Канешне, аглядныя камісіі заходзяць і падказваюць, як засцерагчыся ад бяды, але далей усё залежыць ад гаспадара.


У небяспекі шмат патаемных схованак і крыніц. Так, жыхар аднаго з аграгарадкоў дом пабудаваў, а электраправодку ў ім праклаў з… тэлефоннага проваду. Спецыялісты, калі такую самадзейнасць убачылі, за голавы схапіліся. Узводзіў чалавек жыллё 10 год, а пазбавіцца мог за імгненне, перакананы інспектар Энерганагляду С.А. Куроўскі. Ён напомніў вяскоўцам: пажары адбываюцца і з-за няспраўнай электраправодкі. А таксама даў слушную параду: прымяняць аўтаматычныя пробкі, не перагружаць электралінію, своечасова замяняць стары кабель на новы і давяраць гэту справу толькі спецыялістам.


Аб правілах карыстання газам у быце і акцыі па замене ў дамах і кватэрах састарэлага газавага абсталявання расказала майстар раёна газазабеспячэння М.М. Скаромная. Важныя акцэнты па злабадзённай тэме бяспекі дарожнага руху расставіў начальнік АДАІ РАУС У.І. Хільмончык. Часта ў аварыях церпяць пешаходы і веласіпедысты, адзначыў ён. Актуальная і праблема дзіцячага траўматызму. Сёлета на дарогах вобласці загінулі дзеці… “Не дайце сесці за руль п’янаму: ён можа ўчыніць наезд на вашых блізкіх”, – папрасіў Уладзімір Іванавіч.


 Дарэчы, падчас сходу ў Лычкаўскім клубе-бібліятэцы мясцовыя людзі і жыхары іншых вёсак актыўна задавалі пытанні, выказвалі меркаванні. У прыватнасці, прагучала просьба на адным з участкаў дарогі зрабіць штучныя няроўнасці, каб машыны зніжалі хуткасць. 
– Пытанні бяспечнай жыццядзейнасці – найважнейшыя! – выказаўся, падводзячы вынікі размовы, старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. – Так, органы ўлады і кіравання, суб’екты прафілактыкі нясуць адказнасць за стан бяспекі ў рэгіёне. Вось і ў Васілішкаўскім сельсавеце шмат робіцца ў гэтым плане, абстаноўка ў цэлым нядрэнная. І ўсё ж непакояць такія тэндэнцыі, як бяспечнасць саміх грамадзян, алкагалізацыя і старэнне насельніцтва. Лічу, найперш кожны чалавек павінен несці адказнасць за сябе, сваіх дзяцей і пажылых бацькоў. Наша вока павінна быць зоркім. Бачыце які негатыў – падкажыце. Давайце калектыўна працаваць, каб было спакойна ў нашых дамах і на вуліцах.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!