Наш праект "Фамільная каштоўнасць". Сённяшняе знаёмства ў праекце – з носьбітамі «птушыных» прозвішчаў

Мы пацікавіліся ў гэтых людзей, дзе іх малая радзіма – калыска жыцця, ці далёка вецер перамен аднёс іх ад бацькоўскага парога і наколькі моцная тая нітачка, што звязвае нашых землякоў з мілым сэрцу куточкам.

Прыцяжэнне Гарадца
– Іду на работу і радуюся вясновым прыкметам. А калі ўбачу шпакоў, абавязкова прывітаю: «Што, радня, прыляцелі!?» І так лёгка на душы становіцца, – гаворыць жыхар Шчучына Станіслаў Уладзіміравіч Шпак і залівіста смяецца. – Але, каб вы ведалі: прозвішча “Шпак» некалі давалі людзям, якія маюць добры голас, ці чорнавалосым. Дарэчы, мяне з дзяцінства часцей не па імені называлі, а “шпаком”...
Станіслаў Уладзіміравіч – чалавек адкрыты, надзвычай добразычлівы. Да таго ж на Шчучыншчыне вядомы і, як сцвярджаюць многія, дастойны павагі. Усё гэта дзякуючы высакароднай прафесіі і найперш асабліва адказным да яе адносінам. Сёлета ў чэрвені споўніцца 30(!) год, як фельчар брыгады хуткай дапамогі, спецыяліст вышэйшай катэгорыі С.У. Шпак дапамагае людзям справіцца з хваробамі, а то і ратуе ад смерці пацыентаў з усіх куточкаў нашага раёна. А ўвогуле на жыццёвай дарозе гэтага чалавека была праца ў розных гарадах, на розных пасадах – загадчыка ФАПа, памочніка санітарнага ўрача і старшыні райкама Чырвонага Крыжа. “Люблю дапамагаць людзям”, – прызнаецца Станіслаў Уладзіміравіч.
Малая радзіма Станіслава Уладзіміравіча – вёска Гарадзец, што ў Столінскім раёне на Брэстчыне. Адсюль сімпатычны малады паляшук прыехаў у Гродна, дзе падчас вучобы і сустрэў сваю палавінку. Ужо разам з жонкай накіраваўся на працу ў Слуцк, потым – у Любань. «А праз некалькі год жонка перацягнула мяне ў свой родны Шчучын», – расказвае С.У. Шпак. Тут Станіслаў Уладзіміравіч і Данута Мікалаеўна і працуюць плячо да пляча: яна – тэрапеўтам, а ён фельчарам. 
Але сёння наша гутарка не пра прафесію і работу, а ўсё больш пра малую радзіму, зямлю бацькоў – жыцця крыніцу.
– Здаецца, я даўно ўжо ў Шчучыне, сям’я тут, дзеці выраслі, але «паехаць дамоў» у маім разуменні – гэта паехаць менавіта ў Гарадзец, – прызнаецца субяседнік. – Там дом, які немагчыма прамяняць ні на што. Вось хутка бяру водпуск і з мамай, яна цяпер жыве ў мяне, адправімся ў нашу вёсачку. Там дабротны дом і надзвычай прыгожая прырода. Матулі Міліцы Уладзіміраўне ўжо 86, ёй у нас камфортна, але ўсёй душой яна там, у снах ходзіць па родным падворку... Нездарма кажуць, што старое дрэва нельга перасадзіць. Вось і чалавеку ва ўзросце складана прыжыцца на новым месцы. Дарэчы, менавіта мама некалі скіравала мяне ў медыцыну. Да мяне фельчараў у нашым родзе не было, а вось фармацэўт быў, у Вільні адукацыю атрымаў...
Станіслаў Уладзіміравіч, у прыклад іншым, ведае свой радавод цягам чатырох пакаленняў. Продкі былі людзьмі дастойнымі і заможнымі, мелі вялікія сем’і і надзелы зямлі, спраўную гаспадарку, а адзін з прадзедаў – яшчэ і манапольку. За гэта большасць сваякоў з матулінай радні ў свой час у Сібір саслалі... А дзядуля па бацькавай лініі ў 1924 годзе ў пошуках лепшага жыцця да Амерыкі дабраўся. Вярнуўся Іван Шпак з заробкаў – зямлі шмат купіў, залаты гадзіннік прывёз. Дарэчы, потым зямлю тую забралі. Але па волі лёсу кавалак яе выдзелілі іхняму ж сваяку.
 У гісторыі роду былі і надзвычай цікавыя старонкі.
– Мой дзед па маці з князем Радзівілам за руку вітаўся, – здзіўляе С.У. Шпак. – Калі вяльможа праязджаў праз іх мясціны на паляванне, продак, а ён таксама быў чалавек не бедны, яго сустракаў з глыбокай пашанай – хлебам-соллю. Задаволены князь падараваў яму ружжо і медаль, на работу да сябе запрасіў. Праўда, дзед, па сямейным паданні, з маладой паненкай раман “закруціў”, праз акно з яе пакояў уцякаў, нагу зламаў. Тады яго і адправілі ажно ў Пецярбург, на святара вучыцца... Калі вярнуўся дамоў, атрымаў прыход, доўгі час служыў Богу і людзям, даводзіў землякам важныя духоўныя ісціны.
А тое ружжо князя дзед аддаваў бацьку Станіслава. Але ён на ўзяў, і каштоўная рэч дасталася іншаму сваяку, а той захаваць не здолеў... 
Станіславу Уладзіміравічу Шпаку ёсць каму перадаць цікавінкі з гісторыі свайго роду. Малодшыя Шпакі – спрэс інтэлігенцыя, з вышэйшай адукацыяй. Адзін сын – урач, працуе прадстаўніком фармацэўтычнай фірмы, другі – ветурач. Нявесткі таксама медыкі: жонка старэйшага сына – дацэнт кафедры ў медуніверсітэце, малодшага – ветурач. Унук і дзве ўнучкі падрастаюць. Малодшыя Шпакі часта “злятаюцца” ў бацькоўскі дом, што вельмі радуе дзядулю і бабулю.
У сваім краі, як у раі

З такім сцвярджэннем згодна і жыхарка пасёлка Дубрава Людміла Францаўна Сарока. Яна – ураджэнка вёскі Пашыцы. І муж з мясцовых. “Ад нашай вёскі да яго родных Рымкоў напрасткі – пару кіламетраў, – распавядае жанчына. – А пазнаёміліся мы на вяселлі ў добрага знаёмага, і 40 год пражылі душа ў душу». 
Зразумела, што і сваё «крылатае» прозвішча жанчына атрымала ад мужа Уладзіміра Фёдаравіча. Расказваю новай знаёмай, што сарокі, ад якіх паходзіць прозвішча, адносяцца да аселых птахаў, ніколі надоўга не адлятаюць ад свайго жылля і гняздо сваё шануюць.
– Быццам пра род мужа сказана, – пагаджаецца суразмоўца. – Карані майго Фёдаравіча ў працавітай і дружнай сям’і. Бацькі далі пуцёўку ў жыццё, вобразна кажучы, крылы для ўзлёту пяцярым дзецям. Мае свёкар са свекрывёй гаспадары былі спраўныя – на ўсю вёску! І Валодзя ўсё лепшыя якасці ад бацькоў пераняў. Цудоўны быў чалавек, мой Валодзя... Прыстойны, сумленны, разумны, сем’янін – якіх пашукаць. На жаль, заўчасна, у 62 гады, пайшоў з жыцця. Але памяць пра сябе пакінуў добрую – у родных, сваякоў, сяброў і сваіх вучняў.
Дарэчы, муж Людмілы Францаўны скончыў Ракавіцкую дзесяцігодку, вучыўся ў адным класе з Сяргеем Маскевічам – будучым міністрам адукацыі. “Ці сустракаліся потым былыя аднакласнікі?”, – пытаю ў жанчыны. “А як жа! І не раз, – запэўнівае яна. – Так атрымалася, што наш сын у Мінску ў адным доме з Маскевічам жыў. Там школьныя сябры і бачыліся”.
Варта сказаць пра тое, што Уладзімір Фёдаравіч Сарока таксама абраў прафесію настаўніка і захаваў ёй вернасць: 37 год працаваў дырэктарам Ашмянцоўскай школы. Педагог і сама Людміла Францаўна. Яна пэўны час выкладала спевы ў Ашмянцоўскай школе, там жа працавала бібліятэкарам. Дадае, муж быў таксама заўзятым кнігалюбам. Падчас нашай размовы жанчына падкупіла сваёй непасрэднасцю, чалавечнасцю і дасведчанасцю. Пра сям’ю, у якую некалі ўвайшла ў якасці нявесткі, гаварыла з такой цеплынёй і душэўнасцю, што сумненняў не было: адчувала яна сябе там сваёй сярод сваіх. Падкрэслівала: яе і мужавы бацькі таксама добра ладзілі. Мудрыя вяскоўцы, прадстаўнікі дзвюх галін хрысціянства – каталікі і праваслаўныя – разумелі, што іх яднае адна зямля і адно неба.
– Мой жа свёкар Фёдар Іванавіч – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя запісана ў кнігу “Памяць”, – з гонарам працягвае аповед пра род Сарокаў гаваркая і добразычлівая кабета. – А вяртаючыся дамоў з Германіі, прывёз швейную машынку «Зінгер». Гэта рэч стала сямейнай рэліквіяй.
Цяпер Людміла Францаўна Сарока на пенсіі. Са светлым сумам успамінае пражытае з мужам, цешыцца з дзяцей і пяцярых унукаў. Часта гасцюе ў Шчучыне ў дачкі Насці. У яе доме заўжды затрымлівае свой позірк на галінцы сакуры, якая “цвіце» на сцяне дзіцячага пакоя. Малюнак – яшчэ адзін след рукі яе таленавітага Уладзіміра Фёдаравіча.
“Мама” па-ўдмурдску – “анай”...
Маленькая кніжка на ўдмурскай мове “Кветкі рабіны” – адзіная рэч, якая засталася ў Ганны Мікалаеўны Чапля як рэліквія з бацькоўскага дома, што ў сяле Іштуган Кукмарскага раёна Татарстана. Яна часам перачытвае яе, аднаўляючы ў памяці дарагія сэрцу словы на роднай мове: «анай» – мама, “атай” – тата...
У далёкім ужо 1985-ым годзе 25-гадовай Ані давялося прывыкаць да незнаёмых беларускіх і польскіх слоў – “патэльня”, “цвік” і іншых, якія ўжывала ў размове новая радня з прыгарадных Плянтаў. “Перакладчыкам” выступаў муж Гена.
– Пазнаёмілася са сваім Генрыкам, калі працавала ў горадзе Вяцкія Паляны Кіраўскай вобласці, – прыгадвае жанчына. – Ён на той час скончыў вучылішча ў Вязьме, быў мантажнікам-высакавольтнікам – пракладваў электрычныя сеткі на чыгунцы. Пажаніліся ў Расіі, а віць сваё сямейнае гняздо мой Чапля захацеў у Беларусі, побач з бацькамі, двума братамі і сястрой. Між іншым, яны ўсе кучна – у Шчучыне і Гродне – і жывуць. А тады мы з Генам прыехалі ў Шчучын з адным чамаданам. Гэта рэч потым саслужыла нам добрую службу, калі пераязджалі з адной кватэры на другую.
Погляд Ганны Мікалаеўны на далёкую малую радзіму з вышыні свайго жыццёвага палёту шчымліва шчыры:
– Напачатку цягнула дамоў вельмі моцна. Ездзілі ў Ішгутан кожны год. Ведаеце, там паветра іншае, там нават памідоры і агуркі па-іншаму пахнуць, бо зямля – скрозь чарназём з глінай. І ад сасны ў лесе такі водар, што галава кругам... А потым жыццё сям’ю прарэдзіла: не стала таты, браты ад’ехаліся – адзін у Растоў, другі – у Маскву. У сяле засталася сястра і мама... З роднымі цяпер больш па скайпу размаўляю, у “Аднакласніках” спісваемся... 
Чалавек, як і дрэва, расце, карэніць. Вось і Ганна Мікалаеўна задаволена, як склалася яе жыццё на беларускай зямлі. Хлопец з беларускай вёсачкі і дзяўчына-ўдмурдка захавалі свае пачуцці, вынеслі бытавыя нягоды. І, як кажа субяседніца, «паціхеньку разжыліся з таго аднаго чамадана». А яшчэ дапамаглі стаць на ногі дачцэ і сыну. Аляксей працуе ў Мінску, завочна заканчвае вучобу ва ўніверсітэце па спецыяльнасці «інжынер-электроншчык». А Наталля – работнік гандлю, ужо мае сваю сям’ю. Дарэчы, зяць часам просіць Ганну Мікалаеўну прыгатаваць што-небудзь з нацыянальных страў, і цешча ахвотна становіцца да пліты...
Цікава, што працоўная біяграфія Г.М. Чапля ў мінулым была звязана з друкарняй, кіёскам “Аркуш” і магазінам будматэрыялаў, а цяпер яна – загадчык склада ў ГТДА “Вета”. Муж Генрык Янавіч у свой час быў на вайсковай службе, а цяпер ён работнік дарожнай арганізацыі. Ладу і шчасця ў дом гэтай “крылатай” сям’і!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!