Нас чакае "чыстая работа". Далучайцеся да ўдзелу ў месячніку по навядзенню парадку

Ранняя вясна абудзіла прыроду, паклікала людзей заняцца прыборкай вуліц, падворкаў, тэрыторый. Імпульс і сістэмнасць гэтай "чыстай рабоце" прыдало рашэнне Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта ад 14 сакавіка 2019 года №186, якое вызначыла тэрміны, аб'ёмы і ўдзельнікаў традыцыйнага месячніка па добраўпарадкаванні, санітарнай ачыстцы населеных пунктаў і навядзенні парадку на тэрыторыі раёна.

-- Месячнік па навядзенні парадку пачаўся на Шчучыншчыне 18 сакавіка і будзе доўжыцца да 18 красавіка, -- праінфармавала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ганна Генадзьеўна Выдранкова. – Да гэтай грамадска-карыснай справы ўжо далучыліся працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, гараджане і вяскоўцы, людзі сталага ўзросту і моладзь. Месцамі прыкладання сіл сталі тэрыторыі вакол адміністрацыйных і вытворчых будынкаў, гарадскія жылыя кварталы, прыватныя сядзібы, памятныя мясціны, месцы масавага адпачынку, паркі і скверы… Да прыкладу, прадстаўнікі ўпраўленняў, аддзелаў і службаў райвыканкама, раённай бальніцы, ваеннага камісарыята, ветстанцыі, прадпрыемства "Гроднааблаграхімізацыя" і іншых на гэтым тыдні наводзілі марафет у гарадскім парку па вуліцы Савецкая. З асобных яго куточкаў ужо прыбрана леташняя ліства, галлё, бытавое смецце. На вывазцы была задзейнічана тэхніка Шчучынскага раёна газазабеспячэння і Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства.

 Па словах Ганны Генадзьеўны, падчас месячніка ёсць неабходнасць узяцца за граблі, мётлы, рыдлёўкі і навесці парадак і чысціню на могілках, міні-палігонах, вакол баз, ферм і комплексаў. Любяць догляд дарогі, вуліцы і тратуары, а "макіяж" – дзіцячыя пляцоўкі. Дарэчы, у райцэнтры з надыходам цёплых дзён такая работа ўжо пачалася: ідзе рэстаўрацыя асфальтавага пакрыцця на вуліцы Савецкая і рамонт тратуараў.

А сёння своеасаблівую эстафету чысціні прынялі работнікі ДЛГУ "Шчучынскі лясгас" і філіяла "Аўтамабільны парк №12 г. Шчучын". Каля двух дзясяткаў чалавек завіхаліся з раніцы на тэрыторыі старых яўрэйскіх могілак, што па вуліцы Акадэмічнай. І хаця прырода падрыхтавала людзям сюрпрыз – падкінула сакавіцкага сняжку, гэта не стала перашкодай для працавітых і адказных мужчын. Узяўшы ў рукі прафесіянальныя кустарэзы, бензапілы, іншы інструмент, яны прыступілі да выдалення кустоўя. Работа спорылася. "Скошаныя" галіны тут жа зносілі ў адно месца.

Леснікі Іван Станіслававіч Паўловіч і Аляксандр Іванавіч Кузьма перакананы: яны заняты патрэбнай справай. Месца апошняга спачыну былых жыхароў горада павінна мець належны выгляд. Для абодвух маіх суразмоўцаў "чыстая работа" не ў навінку. "Яшчэ будучы школьнікам падчас суботнікаў прыходзіў сюды з аднакласнікамі прыбіраць тэрыторыю", -- прыгадвае карэнны шчучынец І.С. Паўловіч. Аднадушныя леснікі і ў тым, што ўвесь наш горад павінен быць чыстым і дагледжаным. "Мы ж найперш для сябе гэта робім, -- зазначаюць мужчыны. – Упарадкаваны, прыгожы Шчучын – і для свайго вока прыемна, і для гасцей гэта сведчанне таго, што жывуць тут сапраўдныя гаспадары, людзі высокай культуры".

 

Дарэчы, праз дзень такая ж дружная працоўная талака -- ужо з удзелам работнікаў філіяла аблспажыўтаварыства, МПМК-166 і МПМК-177, "Аўтапровада", масласырзавода, сельгасліцэя -- збярэцца на пляцоўцы ля недабудаванага будынка па вуліцы Мічурына.

-- Традыцыйная вясновая прыборка будзе мець працяг, -- запэўнівае Г.Г. Выдранкова. – На ўсёй тэрыторыі раёна – ад маленькай вёсачкі да аграгарадка і пасёлка. Чысціня, парадак і прыгажосць у нашым агульным доме – гэта менавіта наш клопат. І хацелася б, каб кожны з нас знайшоў хвілінку папрацаваць на карысць свайго двара, пад'езда, месца адпачынку, каб зрабіць гэту прастору больш прыгожай і ўтульнай.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.