Нарыхтоўчы сезон у самым разгары. Што сёлета здаюць шчучынцы і па якой цане?

Бываючы ў аграгарадках і вёсках, міжволі кідаю позірк на прысядзібныя ўчасткі. І калі з агароднінай ва ўсіх карціна, лічы, аднолькавая – дружна чырванеюць памідоры, “набухаюць” галоўкі капусты, просіцца ў жменю маліна, то ўраджай тых жа яблыкаў моцна розніцца. У адным садзе на дрэвах сіратліва вісіць па некалькі пладоў, у другім ад іх голле долу хіліцца – і самім гаспадарам хопіць, і капейку зарабіць можна.

 

– Калі параўноўваць з мінулым годам, то сёлета на яблыкі неўраджай, – сцвярджае начальнік аддзела прамысловасці, нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Ала Міхайлаўна Арлоўская, з якой мы размаўлялі ў сярэдзіне тыдня. – Між тым мы закупілі ўжо больш за 700 тон яблыкаў-ападкаў пры заданні 800 тон. Цана добрая – 17 капеек за кілаграм (летась была толькі 5 капеек). Здаўшы тону, можна зарабіць 170 рублёў, а гэта адчувальнае дапаўненне да сямейнага бюджэту. Адпраўляем гэтую прадукцыю на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Набываем і стандартныя яблыкі па цане 60 капеек: яны ідуць у рознічны гандаль. А ў зімовы сезон прапануем пакупніку садавіну з ААТ “Васілішкі” і занальнага інстытута раслінаводства, з якімі наш філіял даўно супрацоўнічае.

 

На маё пытанне, як удаецца кааператарам актыўна праводзіць яблычны нарыхтоўчы сезон, А.М. Арлоўская жартуе: “Мы ведаем месцы!” і ўжо сур’ёзна тлумачыць:

 

– Нарыхтоўкай яблыкаў, іншай садавіны, агародніны, а таксама дзікарослых ягад і грыбоў займаюцца чатыры раз’язныя штатныя нарыхтоўшчыкі. Гэта людзі з вопытам, яны маюць свой транспарт. Нікому, хто жадае рэалізаваць лішкі сельгаспрадукцыі і дары лесу, не адмаўляем. Мы прыедзем хутка, галоўнае, каб вы хутка сабралі ўраджай. Здаць яго можна таксама ў сямі стацыянарных ларках (акрамя Шчучына, яны працуюць у Жалудку, Астрыне, Ражанцы, Першамайску, Васілішках, Новым Двары) і на агародніннай базе. Трэба мець пры сабе толькі пашпарт. 

 

 

Дарэчы, на свае вочы давялося пабачыць на гэтай самай базе па вуліцы Цітова, 2 актыўнасць здатчыкаў. Якраз даставілі сюды свае лясныя “трафеі” – грыбы розных відаў – сёстры-шчучынкі Антаніна Дабрынская і Святлана Дубяга. Расказваюць, што спецыяльна бяруць водпускі на жнівень-верасень, каб на лясных дарах зарабіць добры рубель. Мяркуючы па аб’ёмах прывезенай імі прадукцыі, гараджанкі ведаюць ураджайныя мясціны і ўмеюць збіраць грыбы. 

 

 

Дарэчы, за кіло першых лісічак кааператары плацілі па пяць рублёў, але цана на іх вагаецца. Ужо закуплена звыш 300 кілаграмаў “жоўцікаў”. “ Мы сёння прымаем і іншыя грыбы, у прыватнасці, белыя – па 7 рублёў за кілаграм”, – запэўнівае кладаўшчык-нарыхтоўшчык Валянціна Пятроўна Будрэвіч. Яна таксама ахвотна паказвае скрынкі з памідорамі, агуркамі, капустай, кабачкамі, морквай… Гэтыя “вітаміны” здаюць і ўласнікі агародаў, і фермеры.

 

 

А вось у яшчэ ў аднаго здатчыка – Аляксандра Клімашэўскага з аграгарадка Тур’я – свой вялікі сад, у якім да 300 дрэў. І хаця, кажа, гэты год не вельмі ўраджайны, але садавінай, якой для сябе замнога, вырашыў падзяліцца з іншымі: прывёз здаваць і яблыкі – адзін у адзін, і слівы – з дзіцячы кулак, і вялізныя грушы.

 

Сёлета прырода падкарэкціравала планы нарыхтоўшчыкаў па вішні: закупілі толькі 80 кілаграмаў, а летась – 8000. Тое ж і з чарніцамі, з чорнымі і чырвонымі парэчкамі. Лепшая сітуацыя з клубніцамі: для рэалізацыі шчучынцам іх прывезлі з Брэстчыны.

 

 

На нарыхтоўчым канвееры ў пашане і бульба. Закладкай вялікіх аб’ёмаў “другога хлеба” ў стабілізацыйны фонд раённы філіял цяпер не займаецца, але закупляе для рэалізацыі ў рознічнай сетцы.

 

Даведацца аб тым, як здаць лішкі сельгаспрадукцыі, дароў саду і лесу, можна з аб’явы ў “Дзянніцы”, а таксама ў магазінах філіяла. Дарэчы, нарыхтоўчы сезон будзе працягвацца і ў верасні-кастрычніку.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!