Напярэдадні Дня настаўніка гімназісты разам з педагогамі прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Дрэва замест кветак”

Акцыя праводзіцца па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства”. 

 

– Гэта акцыя стартавала яшчэ ў канцы жніўня, калі дзеці і бацькі рыхтаваліся да першавераснёўскай лінейкі, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі г. Шчучына Вольга Аляксандраўна Гудзень. – Члены арганізацыі заклікалі ўсіх не набываць букеты з жывых кветак, якія гінуць праз дзень-два і затым апынаюцца на звалках, а пасадзіць дрэўцы на школьным двары або ў іншых месцах горада.

 

Пасаджаныя дрэвы будуць расці разам з дзецьмі і стануць сімвалам развіцця і клопату аб прыродзе. 

 

 

На рахунку гімназістаў і педагогаў гэтай установы адукацыі ўжо шмат добрых учынкаў, прысвечаных важнай справе захавання навакольнага асяроддзя. У гімназіі актыўна развіваецца сістэма экалагічнага менеджменту. Таму напярэдадні Дня настаўніка рабяты і дарослыя вырашылі далучыцца да гэтай акцыі. 

 

– Па прапанове членаў аб’яднання “Жывое партнёрства” мы аддалі перавагу сваім мясцовым відам дрэў і пасадзілі тры рабінкі, – працягвае Вольга Аляксандраўна. – Гэтыя дрэўцы нам падарылі работнікі Шчучынскага лясгаса, з якім даўно супрацоўнічаем. Рабіну выбралі не выпадкова: саспелымі ягадкамі змогуць у халады ласавацца мясцовыя птушкі. 

 

Вось так зноў папоўнілася скарбонка добрых спраў гімназістаў. 

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота з архіва гімназіі. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!