На заняткі Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў – па новым адрасе

Хутка верасень распачне новы навучальны год. Выхаванцы і педагогі Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў сустрэнуць яго не ў будынку па вуліцы Леніна, 47 – па месцы пастаяннай прапіскі, а па новых адрасах.

 

– На працягу верасня нашы вучні будуць займацца пад дахамі СШ №3, сельгасліцэя, раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аддзялення пошты і раённай бібліятэкі, – тлумачыць дырэктар ДУА “Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў” Іосіф Іванавіч Сасноўскі. – На гэта ёсць важкая прычына: з чэрвеня ў будынку школы ў рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва-Латвія-Беларусь 2014-2020 гг.” праводзіцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Будаўнікі МПМК-167 стараюцца завяршыць яго як мага хутчэй і ўжо многае зрабілі. Нам жа, мяркую, трэба набрацца крыху цярпення, пакуль памяшканні набудуць новы выгляд – стануць сапраўднай тэрыторыяй камфорту для правядзення заняткаў і дэманстрацыі творчых здольнасцей. Дарэчы, пасля рэканструкцыі школа стане даступнай для наведвання яе дзецьмі-інвалідамі.

 

Па словах І.І. Сасноўскага, адміністрацыя ДШМ цяпер часова размясцілася ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці (уваход з боку бібліятэкі, кабінет №10). Звярнуўшыся туды, можна атрымаць інфармацыю, дзе і які клас будзе праводзіць заняткі ў верасні, а таксама пра іх расклад. У гэтыя дні на сувязі з вучнямі і настаўнікі. Кіраўнік ДШМ просіць прабачэння за часовыя нязручнасці.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!