На тэрыторыі Гродзенскай вобласці праходзіць нямецка-беларускі велатур “Дарогай сяброўства да ўстойлівага развіцця”, у якім прымаюць удзел восем замежных веласіпедыстаў.

На працягу трох дзён госці з Германіі калясілі па дарогах Шчучыншчыны і папутна знаёміліся з гісторыяй нашага раёна. Яны наведалі дом-музей Чэслава Немена і Пятрапаўлаўскі касцёл ў вёсцы Старыя Васілішкі. Таксама заглянулі ў царкву-крэпасць у вёсцы Мураванка, пабывалі ў палацава-паркавым комплексе Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку. У Шчучыне цікавую экскурсію для замежных веласіпедыстаў падрыхтавала настаўніца гісторыі гарадской гімназіі Алена Яўгеньеўна Лісоўская.

Пасля нямецкія госці сустрэліся са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Сяргеем Васільевічам Ложэчнікам і абмеркавалі пытанне ўступлення нашага раёна ў “Пагадненне мэраў” і магчымасць наладжвання пабрацімых сувязей з адным з гарадоў Германіі.

Далейшы маршрут велапрабегу пралягае праз Зельвенскі і Слонімскі раёны. Усяго па Гродзеншчыне нямецкія веласіпедысты праедуць 295 кіламетраў.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!