На планёрцы ў старшыні райвыканкама. Новае назначэнне, сельскагаспадарчыя работы і падрыхтоўка да новага навучальнага года

Планёрка ў кіраўніка рэгіёна пачалася з прадстаўлення ўдзельнікам нарады назначанага на пасаду ваеннага камісара Шчучынскага раёна падпалкоўніка У.Я. Чайко. Дарэчы, Уладзімір Яўгеньевіч з'яўляецца выхадцам са Шчучына. У 2003 годзе скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Ваенную службу праходзіў у зенітным ракетным дывізіёне 62 зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання. З 2012 па 2016 год працаваў намеснікам ваеннага камісара Шчучынскага райваенкамата. Да прызначэння ў Шчучынскі раён з'яўляўся слухачом факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл установы адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь».

 

 

Сельскагаспадарчыя работы працягваюцца

 

Намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Іванавіч Тодрык праінфармаваў аб ходзе сельскагаспадарчых работ на палях Шчучыншчыны. У цэлым палявыя работы ідуць па плане: актыўна вядзецца ворыва, усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да сяўбы азімага рапсу, 73% палёў вызвалены ад саломы. Працягваецца нарыхтоўка кармоў.

 

Старшыня райвыканкама акрэсліў тыя напрамкі, на якіх варта засяродзіць работу ў гэтыя дні. Гэта тычыцца набыцця больш якасных пратручвальнікаў насення, ад чаго будзе залежаць атрыманне добрага ўраджаю ў будучым. Вельмі строга трэба падысці да падрыхтоўкі тэхнікі для ўборкі ўраджаю цукровых буракоў і кукурузы. Адно з важных пытанняў - завяршэнне будаўніцтва траншэй для захоўвання кармоў. Сяргей Васільевіч таксама даручыў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў абляцець на самалёце падведамасныя тэрыторыі для навядзення належнага парадку на зямлі.

 

Турыстычны патэнцыял

 

Неабходна актывізаваць у раёне работу па развіцці турыстычнага патэнцыялу, асабліва гэта важна ў сувязі з уваходжаннем Шчучынскага раёна ў бязвізавую зону. На гэтым таксама зрабіў акцэнт кіраўнік раёна.

 

- Для нас турызм з'яўляецца вельмі перспектыўным напрамкам, - падкрэсліў Сяргей Васільевіч. - Таму важна яшчэ раз абследаваць існуючыя турыстычныя аб'екты і вызначыць, што неабходна дадаткова зрабіць. Укладваць грошы трэба не толькі ў непасрэдна турыстычныя аб'екты, але і ў спадарожную інфраструктуру, што таксама будзе прыносіць нядрэнны прыбытак.

 

 

На планёрцы былі падведзены вынікі авіяцыйна-спартыўнага свята. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што падрыхтоўка да гэтага маштабнага мерапрыемства праведзена значная, і падзякаваў адказным службовым асобам, арганізатарам свята, супрацоўнікам праваахоўных органаў за правядзенне авіяшоу на дастойным узроўні. Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў рамках святочных мерапрыемстваў у раён прыязджаюць шматлікія госці, наладжваюцца дзелавыя сувязі, што спрыяе развіццю эканомікі.

 

Хутка ў школу               

 

С.В. Ложэчнік акцэнтаваў увагу на падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. На мінулым тыдні раённая камісія зрабіла аб'езд школ і дашкольных устаноў і ацаніла іх гатоўнасць да пачатку навучальнага працэсу. Якімі «абнаўленнямі» сустрэнуць школы і дзіцячыя сады сваіх выхаванцаў, праінфармавала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ж.І. Мецько. Практычна ўсе ўстановы гатовы да пачатку вучобы. За кошт раённага бюджэту на рамонтныя работы было накіравана амаль 550 тысяч рублёў. На летніх канікулах вялікі фронт работ быў праведзены і калектывамі ўстаноў адукацыі: ад афарбоўкі сцен і падлог да замены вокнаў, дзвярэй, куплі новай мэблі і спартыўнага інвентару.

 

Аднаразовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года будзе аказана сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей. Для аказання дапамогі выдзелены бюджэтныя сродкі ў памеры 6200 рублёў. Таксама праводзіцца работа па аказанні дапамогі малазабяспечаным сем’ям спонсарамі і суб’ектамі гаспадарання раёна.

 

Старшыня райвыканкама запатрабаваў актывізаваць работу па пачатку рэканструкцыі гарадскога стадыёна. У цэнтры ўвагі было і будаўніцтва крытай лядовай пляцоўкі ў горадзе. Сяргей Васільевіч даручыў у бліжэйшы час правесці нараду па гэтым пытанні з яго удзелам. Тым больш, што грашовыя сродкі на гэтыя мэты ў раённым бюджэце ёсць.

 

На планёрцы таксама абмеркавалі стан крымінагеннай абстаноўкі і супрацьпажарнай бяспекі ў раёне.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!