На планёрцы ў старшыні райвыканкама. Дызайн-праекты вуліц, веласіпедныя паркоўкі і сучасныя кантэйнерныя пляцоўкі

На рабочай нарадзе, якую ў мінулы аўторак правёў старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік, абмяркоўваліся рабочыя моманты жыцця раёна.

 

У пачатку планёркі кіраўнік раёна за шматгадовую і добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання ўручыў Ганаровую грамату Шчучынскага райвыканкама начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама А.І. Куканавай. Да віншавання далучыўся таксама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта С.К. Хацук – Алена Іванаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

 

Далей  на нарадзе быў прааналізаваны пратакол даручэнняў папярэдніх планёрак. Адно з пытанняў тычылася паглыблення супрацоўніцтва з гарадамі-пабрацімамі. Як было адзначана, неабходна распрацаваць канкрэтную праграму на 2020-2025 гады, вызначыць шэраг мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі гарадоў-партнёраў. Старшыня райвыканкама выказаў ініцыятыву абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва ў палацы Друцкіх-Любецкіх ў Шчучыне і падпісаць адпаведныя дамоўленасці падчас правядзення выставы “Еўрарэгіён “Нёман-2019” у абласным цэнтры.

 

Адно з важных пытанняў – добраўпарадкаванне раённага цэнтра. Як расказаў дырэктар РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў, спецыялісты прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо распрацоўваюць дызайн-праекты цэнтральных вуліц горада. Пасля ўнясення прапаноў па афармленні вуліц у адзіным стылі гэта пытанне будзе вынесена для вывучэння грамадскага меркавання. Андрэй Валер’евіч таксама прадставіў удзельнікам нарады для азнаямлення варыянты новых кантэйнерных пляцовак па зборы цвёрдых камунальных адходаў, якія з’явяцца на гарадскіх вуліцах Астроўскага і Заводскай.

 

Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік даручыў правесці сходы з гараджанамі па абуладкаванні каля шматпавярховых дамоў веласіпедных парковак. Па меркаванні Сяргея Васільевіча, па-гарадскому павінна выглядаць і цэнтральная вуліца вёскі Рэзы: тут неабходна пакласці тратуарныя дарожкі і замяніць асвятленне.

 

 

Намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Іванавіч Тодрык праінфармаваў аб выкананні рэгіянальнага плана па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні сельскагаспадарчых аб’ектаў. Так, у першым паўгоддзі праведзены рамонт агароджы на 8 жывёлагадоўчых аб’ектах, дэмантаваны 14 воданапорных свідравін. Ажыццёўлена ўборка абочын уздоўж дарог ад хмызняковай расліннасці на працягу 7 кіламетраў. Ліквідавана 28 сельскагаспадарчых аб’ектаў, у выніку чаго ўведзены ў гаспадарчы абарот 45 га пустуючых земляў. Работа ў дадзеным накірунку будзе прадоўжана.

 

Сёлета Дзень ведаў у краіне пройдзе 2 верасня, у панядзелак. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, Дзень ведаў па традыцыі павінен стаць сапраўдным святам для ўсіх дзяцей. Павышаная ўвага будзе нададзена падрыхтоўцы да школы дзяцей з малазабяспечаных сем'яў, дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. Да новага навучальнага года рыхтуюцца і педагагічныя калектывы. На гэтым тыдні адбудзецца аб'езд ўстаноў адукацыі раёна па ацэнцы падрыхтоўкі іх да новага навучальнага года.

 

На планёрцы таксама абмеркавалі пытанні арганізацыі навучальнага працэсу ў СШ №2 г. Шчучына падчас правядзення рамонтных работ. Алена Васільеўна таксама праінфармавала, што ідзе падрыхтоўка да правядзення ў верасні сустрэч кіраўніцтва райвыканкама з маладымі спецыялістамі, якія прыбудуць на першае працоўнае месца ва ўстановы адукацыі і цэнтральную раённую бальніцу. У раёне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці. 19 верасня адбудзецца ўрачысты сход, прысвечаны гэтаму знакавага юбілею.

 

Сярод іншых важных пытанняў, разгледжаных на планёрцы ў кіраўніка рэгіёна, – пачатак будаўніцтва новай крытай лядовай пляцоўкі і рамонтных работ на гарадскім стадыёне, знос пустуючых дамоў.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.