На мінулым тыдні дэлегацыя Шчучынскага раёна наведала літоўскі горад Варэну

Мэтай візіту было абмеркаванне перспектыў далейшай рэалізацыі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва-Латвія-Беларусь 2014-2020 гады”. У рамках праекта плануецца рэалізаваць канцэпцыю сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з праблемамі здароўя ў дзіцячых школах мастацтваў па абодва бакі літоўска-беларускай мяжы.

Сумесная заяўка Шчучынскага райвыканкама і адміністрацыі літоўскай Варэны нядаўна была зацверджана і атрымала сафінансаванне з бюджэту Еўрасаюза. Агульная сума сродкаў, неабходных для рэалізацыі праекта, складзе 1,4 мільёна еўра. Да 90 працэнтаў выдаткаў будзе прафінансавана з бюджэту праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Для Шчучынскага раёна прадугледжана амаль 340 тысяч еўра.
– Падчас сустрэчы з варэнскімі партнёрамі мы вызначылі культурныя мерапрыемствы на бліжэйшую перспектыву, якія будзем сумесна праводзіць у рамках рэалізацыі праекта, – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук. – Першае такое мерапрыемства - конкурс на лепшы лагатып праекта, які пройдзе ў лістападзе. Вызначаны ўзрост удзельнікаў - ад 6 да 19 гадоў, гэта павінны быць навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў. Па выніках конкурсу будуць адабраны 6 прапаноў з кожнага боку, а інтэрнэт-галасаванне вызначыць лепшы лагатып з 12. Падвесці вынікі і ўзнагародзіць пераможцаў плануецца падчас правядзення калядных сустрэч з таленавітай моладдзю ў Шчучыне і Варэне.
У наступным годзе ў рамках рэалізацыі праекта прадугледжана правесці два мерапрыемствы па навучанні педагогаў і бацькоў сучасным методыкам работы з дзецьмі, арганізаваць сумесныя мастацкія лагеры і фінальную канферэнцыю “Варэна-Шчучын-Варэна”.
– У бліжэйшы час заключым дагаворы са спецыялістамі, якія будуць непасрэдна рэалізоўваць праект у нашым раёне, – працягвае Таццяна Васільеўна. – Гэта кіраўнік праекта, бухгалтар, наглядальнік і менеджар па якасці. Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі Шчучынскай ДШМ плануецца правесці ў 2019 годзе. Будуць выкананы работы па ўсталяванні пандуса і пашырэнні ўваходнай групы, абуладкаваны туалеты для інвалідаў-калясачнікаў, зроблены рамонт у класах, набыты пад’ёмнік на 2-й паверх для інвалідаў-калясачнікаў, праведзены іншыя мерапрыемствы для камфортнага знаходжання ў школе дзяцей-інвалідаў.
Падчас візіту шчучынская дэлегацыя наведала таксама кінатэатр, цэнтр культуры, Палац творчасці дзяцей і моладзі, спартыўны комплекс і атрымала магчымасць не толькі на ўласныя вочы ацаніць узровень тэхнічнага забеспячэння і ўмовы працы літоўскіх калег, але і азнаёміцца ​​з новымі формамі работы з моладдзю, вопытам правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў.
Дарэчы, будаўнічыя работы ў Варэнскай дзіцячай школе мастацтваў ужо пачаліся. Зразумела адно, дзіцячую школу мастацтваў у Варэне у бліжэйшы час чакаюць вялікія перамены, зрэшты як і Шчучынскую ДШМ. Старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік справядліва лічыць, што сумесны ўдзел у рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва не толькі дасць магчымасць умацаваць сяброўскія сувязі, але і дапаможа пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза зрабіць нешта канкрэтнае і карыснае для павышэння ўзроўню жыцця людзей у гарадах-пабрацімах.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.