На гэтым тыдні прыём урачы раённай паліклінікі вялі... у медпункце прадпрыемства ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”

Дзевяць дзясятых шчасця залежыць ад здароўя. Важнасць гэтых слоў філосафа Шопенгаўэра разумеюць работнікі ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”, якія актыўна далучыліся да прафілактычнай акцыі здароўезберагальнай накіраванасці.

 

 На гэтым тыдні ў медпункце прадпрыемства (як паўнавартаснае стуктурнае звяно ён працуе з 1998 года. – Заўв. аўтара) асабліва ажыўлена. Тут вядуць прыём урачы раённай паліклінікі – отарыналарынголаг, эндакрынолаг, акуліст, а таксама стаматолаг, які штодзень прымае пацыентаў у сценах медпункта. Падчас нашага візіту сюды тут працавалі ўрачы В.В. Загароўская і С.Л. Надзейка, а днём раней – іх калегі І.Л. Кунцэвіч і В.В. Васько. У іх кабінетах пабывала ўжо больш за сотню чалавек.

 

 

– Прафілактычнае абследаванне нашых работнікаў адбываецца ў рамках рэспубліканскай акцыі па ранняй дыягностыцы пухлін галавы і шыі, – тлумачыць загадчык медпункта С.І. Мілюта. – Завадчане праходзяць скрынінгавы агляд, што дае магчымасць своечасова выявіць сур’ёзныя праблемы ў здароўі, вызначыцца з далейшым абследаваннем і лячэннем. Або адхіліць усялякія падазрэнні, заспакоіць сваё сэрца і працягваць работу. Жаданне прайсці медагляд выказалі і людзі ва ўзросце, і моладзь.

 

 У калідоры медпункта ніякіх чэргаў. Зараней былі вывешаны аб’явы аб акцыі, складзены спісы жадаючых прайсці агляд, графікі прыёму для работнікаў розных вытворчых падраздзяленняў і адміністрацыйных службаў, падкрэслівае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Т.І. Сінкевіч.

 

– Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі медагляду галоўнаму ўрачу УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Івану Уладзіміравічу Загароўскаму, – зазначае Таццяна Іванаўна. – Ён не проста з разуменнем аднёсся да ўдзелу ў важнай акцыі ўрачоў паліклінікі, але і прапанаваў пашырыць спектр медпаслуг для нашых завадчан.

 

Дарэчы, на карысць здароўю апошніх і тое, што на “Аўтапровадзе” дзейнічае праграма дабравольнага медыцынскага страхавання “Белэксімгарант”. А значыць, здароўе кожнага члена калектыву пад абаронай. І гэта добра: вытворчасць без здаровых работнікаў нічога не варта.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!