На гэтым тыдні літоўскія партнёры па сумесным трансгранічным праекце прыехалі ў Шчучын, каб абмеркаваць некаторыя рабочыя пытанні

На гэтым тыдні партнёры па сумесным трансгранічным праекце “Сацыяльная інтэграцыя ўразлівых дзяцей з дапамогай мастацтва па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы” прыехалі ў Шчучын, каб абмеркаваць некаторыя рабочыя пытанні, у тым ліку і тыя, што датычацца  фінансавання праекта, гранты на рэалізацыю якога выдзяляе Еўрасаюз.

 

 Сустрэча адбылася ў раённым выканаўчым камітэце. Гасцей віталі намеснікі старшыні райвыканкама Алена Пасюта і Ян Майсей.  Начальнік аддзела фінансаў і інвестыцый адміністрацыі горада Варэны Святлана Грышкявічэне падзялілася з беларускімі калегамі сваімі напрацоўкамі і пацікавілася ходам капітальнага рамонту Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў, якая і стане базавай пляцоўкай для арт-тэрапіі дзетак з інваліднасцю.

 

Літоўскія партнёра наведалі ДШМ, дзе зроблены новыя перагародкі памяшканняў, у класах нацягнуты падвесныя столі, заменены падлога і дзверы. Гэтымі днямі да раённых бюджэтных асігнаванняў далучыўся і першы транш матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза ў суме 165 тысяч еўра.

 

У бліжэйшы час спецыялісты МПМК-167 будуць весці аддзелку сцен, афарбоўку фасада будынка, прадугледжана і мадэрнізацыя сістэмы вентыляцыі. Будаўнікі маюць намер зрабіць дзецям калядны падарунак і здаць аб’ект у эксплуатацыю ў снежні бягучага года. Аднак гэта не стане кропкай у сумесным міжнародным праекце. Як у Шчучыне, так і Варэне плануецца арганізаваць вучобу настаўнікаў і бацькоў дзетак з інваліднасцю, каб у далейшым плённа развіваць таленты “асаблівых вучняў” школы мастацтваў ва ўзросце ад 6 да 19 гадоў.

 

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Ганчарук, у рамках міжнароднага праекта як у Шчучынскім, так і Варэнскім раёнах  будуць арганізоўвацца сумесныя дзіцячыя лагеры з цікавай развіваючай праграмай, плануецца абмен дэлегацыямі, шэраг іншых мерапрыемстваў.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!