На днях у Каменскім дз/с-СШ адбыліся адразу два мерапрыемствы, прысвечаныя бяспецы дзяцей і дарослых

На стадыёне школы разгарнуўся міні-гарадок, дзе супрацоўнікі Шчучынскага РАУС, газавай службы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у гульнявой форме нагадвалі дзецям правілы бяспечных паводзін. Школьнікі ўдзельнічалі ў розных конкурсах, малявалі, знаёміліся з прыборамі для ліквідацыі надзвычайных сітуацый пры ўцечцы газу, стралялі па мішэнях, назіралі, як затрымлівае парушальніка службовы сабака і нават змаглі пасядзець у кабіне пажарнага аўтамабіля, на якім прыехалі работнікі Каменскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. А яшчэ атрымлівалі падарункі – білеты ў кінатэатр. Такая сустрэча са школьнікамі праводзілася па ініцыятыве Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рамках рэспубліканскага адзінага дня бяспекі.

 

 

А ў актавай зале школы праходзіў сельскі сход, на які сабраліся мясцовыя жыхары і, як звычайна, прадстаўнікі розных службаў раёна. Удзел у гэтых мерапрыемствах прымала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. А пачаўся сход з выступлення агітбрыгады Каменскага дз/с-СШ. Рабяты заклікалі дарослых падумаць пра ўласную бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх, асабліва звязаную з электрычнасцю. 

 

Пажарную сітуацыю ў раёне прааналізаваў начальнік Шчучынскага РАНС А.Д. Малюгін. 44 пажары здарыліся сёлета, тры чалавекі загінулі ў агні. Ён нагадаў вяскоўцам, што ў хуткім часе пачнецца ацяпляльны сезон, таму абавязкова неабходна праверыць печкі, дымаходы, устанавіць АПА. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.У. Шанчук папрасіла паклапаціцца пра сваіх пажылых бацькоў, дапамагчы ім падрыхтавацца да зімы, каб можна было заставацца за іх спакойнымі.
На пытаннях газавай бяспекі завастрыў увагу прысутных майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Шчучынскага раёна газазабеспячэння Г.А. Клімовіч. Ён нагадаў правілы эксплуатацыі дымаходаў, катлоў, спыніўся на неабходнасці замены газавых пліт, якія ўжо выпрацавалі свой 20-гадовы рэсурс, і магчымасці аформіць для іх пакупкі растэрміноўку.

 

 

 

Прычынай узнікнення пажару могуць стаць адвёртка або нож, уваткнутыя замест засцерагальніка, пакінуты без нагляду для зарадкі ліхтарык у разетцы, зараднае прыстасаванне для мабільнага тэлефона, халадзільнік, тэлевізар, прас. Такія сумныя прыклады прывёў удзельнікам сходу начальнік Шчучынскай раённай Энергаінспекцыі С.А. Куроўскі. Таму трэба вельмі ўважліва абыходзіцца з бытавым электрычным абсталяваннем і не пакідаць без нагляду ўключаныя электрапрыборы.

 

На сустрэчу з жыхарамі аграгарадка прыйшоў таксама і дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” В.А. Семяновіч. Расказ кіраўніка пра развіццё мясцовай гаспадаркі вельмі зацікавіў удзельнікаў сходу, і яны вырашылі прыняць запрашэнне Віктара Анджэевіча і накіравацца на экскурсію на прадпрыемства. А ўжо паглядзець там, сапраўды, ёсць што. Між іншым, ён папрасіў таксама мясцовых жыхароў навесці парадак на сваіх сядзібах і навокал, каб населеныя пункты выглядалі дастойна. 

 

 

З задавальненнем паслухалі ўдзельнікі сходу і выступленне валеолага Шчучынскага занальнага ЦГіЭ С.І. Кірылавай, якая ў цікавай форме расказала аб тым, як можна пазбавіцца ад стрэсу. 

 

 

Вынікі размовы падвяла Г.С. Хвядзюк. Яна расказала пра самыя важныя падзеі, якія ў хуткім часе адбудуцца ў нашай краіне і на Гродзеншчыне, а таксама заклікала жыхароў Каменкі паклапаціцца пра чысціню і добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў. І ні ў якім разе не забываць пра бяспеку сваю і сваіх блізкіх. 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.