Мяшай смятану – масла дачакаешся. Ардэнаносец Гелена Бабіч і яе масласырзавод

Лічы, штодзень Гелена Станіславаўна Бабіч няспешна ідзе з цэнтра горада ў бок масласырзавода. У мікрараёне прыватнай забудовы, акурат насупраць гэтага прадпрыемства, жыве дачка жанчыны. Збочваючы да знаёмага дома, Гелена Станіславаўна не-не ды і гляне ў бок заводскіх карпусоў, у прыватнасці, маслацэха, дзе разам з калектывам некалі ставіла працоўныя рэкорды, была маяком, на які раўняліся. Каля 40 год працы тут – адзін з самых яркіх пялёсткаў у вяночку яе жыцця, цікавая на падзеі старонка біяграфіі, “перачытаць” якую сёння не сорамна ні самой, ні дарослым дзецям ды ўнукам. А два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга – гэта важкі доказ дастойна пройдзенага шляху.

Мяшай смятану – масла дачакаешся

Як у народзе кажуць: мяшай смятану – масла дачакаешся. У тым сэнсе, што працавіты, настойлівы, руплівы і мэтанакіраваны чалавек абавязкова даб’ецца і поспеху, і пашаны. Такі ж характар і ў Г.С. Бабіч, што дапамагло ёй знайсці сваё месца ў жыцці і спазнаць не адну хвіліну славы. А пачынаўся прафесійны шлях дзяўчыны з вёскі Мінотавічы з невялікага маслазавода, які размяшчаўся ў Жалудку. У рабочых Гелена хадзіла нядоўга: вывучылася на лабаранта, пазней яе прызначылі памочнікам майстра. А калі ў 1970-ым вытворчасць перавялі ў Шчучын, пераехала сюды ўсёй сям’ёй.

– Людзі былі ў асноўным маладыя, не абучаныя, з вуліцы, і працаваць было складана, – прыгадвае Г.С. Бабіч першыя рабочыя будні на новым заводзе. – Выраблялі ў асноўным сыр, а таксама масла, смятану, тварог, мяккія сыры ды яшчэ лактозу – малочны цукар. Прадукцыю адпраўлялі вагонамі і далёка за межы Беларусі. Завод перапрацоўваў за суткі да ста тон малака. Працавалі сырцэх, маслацэх, участкі: па вытворчасці цэльнамалочнай і кісламалочнай прадукцыі і па вытворчасці лактозы.

 “На той час гэта быў завод-гігант”, – дапаўняе маці дачка Ала, якая, дарэчы, у прафесіі пайшла па яе слядах: скончыла профільную ВНУ – малочны інстытут у Волагдзе (цяпер гэта акадэмія імя Верашчагіна), атрымала дыплом інжынера-тэхнолага і больш за 20 год працавала на Шчучынскім масласырзаводзе. Дарэчы, тады, у 1995 годзе, дыпламаваны спецыяліст вырашыла пайсці ў цэх… рабочай-масларобам, што, па яе словах, дапамагло, калі ўжо стала расці ў прафесіі. Каштоўныя парады давала і мама.

І ўжо разам Гелена Станіславаўна Бабіч і Ала Уладзіміраўна Яхімчык пералічваюць вартасці тагачаснай вытворчасці: працавалі на малацэ, атрыманым на натуральных кармах, на натуральных заквасках. Выпускалі прадукт з невялікім тэрмінам годнасці, без кансервантаў, але які ён быў якасны і смачны! Сярод мінусаў – шмат ручной працы на ўсіх этапах вытворчага працэсу. “Тады вельмі многае залежала ад сумленнасці і свядомасці работніка. І такія людзі былі, пашчасціла з імі працаваць і вучыцца ў іх”, – падкрэсліваюць суразмоўцы.

 – Масласырзавод, лічы, маё адзінае месца працы, мой лёс. Тут была старшым майстрам завода, брыгадзірам у маслацэху, – заўважае Гелена Станіславаўна. – Мяняліся пасады, а сутнасць не мянялася – арганізаваць работу калектыву так, каб не было збояў у вытворчым працэсе, каб высокай заставалася якасць прадукцыі. За гэтым стаяў прэстыж завода.

Ад гімна да гімна

Расказваць пра сябе Гелена Станіславаўна не любіць. Таму аднавіць эпізоды былых дзён дапамагае дачка.
– Галоўная маміна рыса – абсалютная патрабавальнасць: да сябе – гэта найперш, і да падначаленых, – заўважае Ала Уладзіміраўна. – Прычым, не па прынцыпе: “Я так хачу!”, а з веданнем справы і з карысцю для справы. Увогуле работа для яе заўжды значыла многае. Мы выраслі пад дэвізам :”Мама на рабоце!”.

– Працавала ад гімна да гімна, – пацвярджае і сама Гелена Станіславаўна. – Бывала, дамоў прыходзіла, калі дзеці спалі. А назаўтра на шэсць раніцы зноў на завод. Муж жартаваў: “І навошта ты дамоў ішла. Трэба было ў цэху і заставацца”. Дарэчы, муж Уладзімір Міхайлавіч разумеў, які няпросты хлеб у майстра-маслароба, таму заўжды падтрымліваў, браў на сябе клопаты аб дзецях, калі жонцы даводзілася працаваць звышзменна, удзельнічаць у грамадскіх мерапрыемствах. Падтрымаў і тады, калі Гелена Станіславаўна пайшла вучыцца: без адрыву ад вытворчасці яна скончыла Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Вялікая нагрузка была і на самой Станіславаўне: работа патрабавала самааддачы, а ў сям’і раслі трое дзетак. Знаходзіла час і на тое, каб свае веды і вопыт перадаць маладым масларобам.

Праца майстра ўзвышае

За працоўныя дасягненні ў дзявятай пяцігодцы Г.С. Бабіч быў уручаны ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яшчэ адзін такі ж завадчанка атрымала ў дзясятай. Двойчы яе выбіралі дэлегатам высокіх партыйных форумаў: у 1981 годзе – XXIX з’езда КПБ, у 1986-ым – XXVII з’езда КПСС. А такі гонар выпадаў лепшым з лепшых! Наша раёнка напярэдадні паездкі ў Маскву паведамляла, што брыгада масларобаў на чале з Г.С. Бабіч датэрмінова выканала адзінаццатую пяцігодку: “Звыш задання выпушчана 97 тон масла высокай якасці. Ударны старт узяты ў новым годзе. Брыгада апярэджвае час і абавязалася да дня адкрыцця XXVII з’езда КПСС справіцца з заданнем двух месяцаў”. Вось так яна і яе калегі працавалі!

Гелене Станіславаўне запомнілася асаблівая атмасфера тых важных мерапрыемстваў. У сталіцы дэлегатаў сустракалі бы высокіх гасцей, паказалі Красную плошчу, звазілі у Зорны гарадок… А потым у Крамлёўскім Палацы з’ездаў слухалі даклад М.С. Гарбачова. Гаварыў ён пра многае, у тым ліку пра якасць прадукцыі, што было надзвычай блізка і зразумела майстру-масларобу з невялікага беларускага Шчучына.

Юбілей у стылі рэтра

У мінулым годзе на лініі жыцця Гелены Станіславаўны Бабіч была прыемная падзея – 80-гадовы юбілей. Дзеці і ўнукі зрабілі гэты дзень крэатыўным і запамінальным. Сабраліся ўсе разам у рэстаране, у цэнтры стала пасадзілі сваю матулю. І здолелі здзівіць. Не, не багатым застоллем. Хоць было і гэта. Гелена Станіславаўна да глыбіні душы расчулілася, калі ўбачыла дачок і ўнучак… у сваіх жа сукенках. Модныя ў 70-80-я рэчы ім вельмі пасавалі. Звычайна стрыманая ў эмоцыях імянінніца ажно свяцілася ад шчасця, а дзяўчаты так упадабалі рэтра-уборы, што папрасілі дазволу пакінуць сукенкі сабе. Зразумела, адмовы ім не было.Былі ў той дзень і іншыя прыемныя сюрпрызы.

 “Я рада, што ў мяне трое дзяцей”, – з асаблівай душэўнай інтанацыяй прамаўляе Гелена Станіславаўна. Расказваючы пра сваіх родных, увесь час падкрэслівае: сям’я – яе самая дарагая ўзнагарода ў жыцці. Дзеці выраслі дастойныя. Старэйшы Віктар – бізнесмен, дырэктар паспяховага прадпрыемства, прадукцыя якога вядома і за межамі Беларусі, жыве ў Лідзе. Дачка Жанна – у Мінску, таксама мае ўласную справу. Сярэдняя Ала амаль 25 год адпрацавала ў малочнай галіне, мае высокія ўзнагароды. Цяпер яна працуе на “Праймілку”, жыве з сям’ёй у доме, які некалі пачалі будаваць яе тата з мамай, а завяршалі ўжо яны з мужам. Уся сям’я абавязкова збіраецца тут на вялікія святы. Дзеці між сабой дружныя, дапамагаюць адно аднаму ў жыцці, задаволена матуля. Не менш прыемнае акружэнне Гелены Станіславаўны – тры дарослыя ўнучкі (дзве скончылі ВНУ, а адна яшчэ студэнтка) і дзве ўнучкі-школьніцы. У гэтым дзявочым царстве не згубіўся ўнук, які ў наступным годзе стартуе з бацькоўскага гнязда. Бабуля вучыла іх быць патрабавальнымі да сябе, зазначаюць яе любімцы.” У Станіславаўны ўсё як у вяночку, – дадае сяброўка сям’і З.К. Мацюк, якая прысутнічае пры размове. – Сама яна гэты прыгожы вяночак і спляла”.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Г.С. Бабіч.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!