Мы – з кагорты рабселькораў!

Гэты фотаздымак, зроблены ў далёкім 1965 годзе ля рэдакцыі “Савецкай вёскі” адразу пасля заняткаў школы рабселькораў, даслаў нам напярэдадні юбілею газеты наш сябра – Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі. 

 

Ён – другі злева ў верхнім радзе – быў тады старшакласнікам Ракавіцкай СШ, актыўна пісаў заметкі (і не толькі аб школьным жыцці, але і на сельскагаспадарчую тэматыку), з вялікім задавальненнем прыязджаў у Шчучын на вуліцу Гастэлы, 5, дзе тагачасны загадчык аддзела пісьмаў і масавай работы Уладзімір Мікалаевіч Фядотаў (чацвёрты злева ў ніжнім радзе) арганізаваў для пазаштатнага актыву плённую вучобу. Рэдактар газеты Яўген Ільіч Карнееў (другі злева ў ніжнім радзе) падтрымліваў гэты праект і нярэдка сам выступаў перад слухачамі, акрэсліваючы планы і задачы.

 

Амаль кожны журналіст і сёння можа з гонарам сказаць пра сябе: “Я – з кагорты юнкораў” (або рабселькораў, як у 60-70-я гады). Нашы вочы і вушы – так называлі ў рэдакцыі няштатных карэспандэнтаў, якімі надзвычай даражылі, а каб матэрыялы іх былі якаснымі і кваліфікаванымі – вучылі. Так, па традыцыі і пры “Савецкай вёсцы”, і пры “Дзянніцы” дзейнічала школа рабочых і сельскіх карэспандэнтаў. Кожны месяц з’язджаліся на яе заняткі людзі, якім было цікава супрацоўнічаць з газетай, друкавацца на яе старонках, выступаючы на самыя розныя тэмы. Свае майстэрства і досвед ім перадавалі прафесійныя журналісты. У праграме было і знаёмства з публіцыстычнымі жанрамі, і навучанне, як правільна ўзяць фактуру, распрацаваць тэму, прыдумаць трапны загаловак, якія стылістычныя абароты выкарыстаць. Разбіраліся і тыповыя памылкі, слухачы рабілі агляды газетных выпускаў. Словам, гэта быў міні-журфак, пасля якога людзі розных прафесій нядрэнна валодалі словам і ўпэўнена рыхтавалі артыкулы. А моладзь, як правіла, паступала на філалагічны або факультэт журналістыкі.

 

Як узгадвае Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі, з Ракавіцкай СШ, якая славілася сваімі юнымі талентамі, разам з ім школу рабселькораў з цікавасцю наведвала нямала захопленых маладых людзей. Да прыкладу, Антон Піліпчык (трэці справа ў верхнім радзе) ажыццявіў сваю мару і працаваў намеснікам рэдактара ў раённай газеце “Іўеўскі край”. Дарэчы, свае вершы і цёплыя лісты ён дасылае нам і зараз.

 

 – Надзвычай неардынарным юнаком, які ўражваў сваімі глыбокімі ведамі, быў Віктар Дарашкевіч. Ён прыязджаў у рэдакцыю “Савецкай вёскі” з Астрынскай школы (першы злева ў верхнім радзе), – расказвае А.Э. Вярцінскі. – Гэты чалавек стаў вядомым беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, тэкстолагам, перакладчыкам, у свой час быў абраны сакратаром Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідэнце Акадэміі навук Беларусі. А яго манаграфіі і даследчыцкія работы ўвайшлі ў энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына”. 

 

Засталіся ўспаміны і пра яшчэ аднаго, можна сказаць, унікальнага чалавека. Другі справа ў ніжнім радзе – селькор з Ліпічанкі Іван Санікевіч. Маючы ўсяго тры класы адукацыі (ну так склалася ягонае нялёгкае жыццё), ён стаў няштатным карэспандэнтам нумар адзін не толькі на Шчучыншчыне. Яго допісы публікавалі ў самых папулярных на сяле выданнях – у “Сельскай газеце”, “Беларускай ніве”, “Звяздзе”, “Гродзенскай праўдзе”… Будучы слухачом школы рабселькораў пры Шчучынскай “раёнцы”, ён, як ніхто іншы, убіраў у сябе веды, жаданне спасцігнуць усе сакрэты рэпарцёрскай работы. У кожным чалавеку Іван Іосіфавіч бачыў героя, пра кожнага мог расказаць захоплена і нестандартна. Тым і падкуплялі публікацыі гэтага не проста няштатнага, а народнага карэспандэнта. І ні адзін газетны нумар тых часоў не выходзіў без заметак І. Санікевіча.

 

Тое, што маладыя і сталыя людзі, якіх мы бачым на фотаздымку 1965 года, прайшлі школу рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, вельмі дапамагала ім у жыцці. Як прызнаўся Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі, які апошнія 16 год перад выхадам на заслужаны адпачынак узначальваў упраўленне арганізацыйнай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Шчучынская “раёнка” заўсёды займала ў яго сэрцы асаблівае месца:
 – Тут я навучыўся адказна ставіцца да лічбаў і фактаў, узважваць кожнае слова, паважаць законы граматыкі і няпісаныя законы чалавечнасці. Думаю, што і вытокі прафесійнага росту, пэўных поспехаў бруяцца менавіта тут – на малой радзіме, у роднай газеце, якая стала школай жыцця.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з архіва Аляксандра Вярцінскага.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!