“Мой горад – маё сэрца”. Пад такой назвай у апошні дзень лета шчучынцы ладзілі свой фэст

– У межах праекта “Школа актыўнага гараджаніна” мы правялі ў Шчучыне цыкл лекцый, семінараў і майстар-класаў, накіраваных на павышэнне зацікаўленасці людзей у розных накірунках жыцця роднага горада, – гаворыць выканаўчы дырэктар МГА “Гісторыка” Таццяна Пятрова. – А заключнай кропкай праекта, які рэалізоўваўся нашай моладзевай арганізацыяй і Міжнародным грамадскім аб’яднаннем эколагаў пры падтрымцы Шчучынскага райвыканкама, з’яўляецца гэты фэст.

 

Свята ўзяло старт ля раённай бібліятэкі імя Цёткі, дзе адбылося адкрыццё стрыт-галерэі шчучынскіх рэтра-панарам. Здымкі стогадовай даўнасці, сабраныя ў архівах і альбомах карэнных шчучынцаў-краязнаўцаў, з дапамогай сучасных тэхналогій перанесены на кампазітныя шыльды і замацаваны на сцяне будынка, бы карціны ў рамах. Стыльна і прыгожа. Цяпер кожны прахожы можа спыніцца і разглядзець гарадскія пейзажы мінулага стагоддзя, параўнаць іх з архітэктурай сённяшняга дня, увачавідкі ўбачыць, як змяніўся і памаладзеў наш любімы горад.

 

 

 Але “па законах жанру” да пэўнага часу экспазіцыя была закрыта палатном. І вось начальнік аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама Аляксандр Амшэй, дырэктар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Аляксандра Янкоўская, госці з Мінска Таццяна Пятрова, гісторык Андрэй Ляневіч, спявачка і кампазітар Іна Перасецкая-Малаковіч (Уна) дружна расчахлілі падарунак гораду ад МГА “Гісторыка”, і стрыт-галерэя паўстала ва ўсёй сваёй элегантнасці. 

 

Затым свята “перамясцілася” ў гарадскі сквер. Тут энтузіясты з шахматна-шашачнага гуртка “Ладдзя” РЦКіНТ, якім кіруе Аляксандра Карпінская, ужо паспелі сабраць вакол сябе аматараў інтэлектуальных баталій. А даследчык гісторыі спорту і куратар Пляца традыцыйных гульняў “Вязынка” Андрэй Ляневіч прапанаваў усім жадаючым паўдзельнічаць у “Мёльккю” – гульні ў фінскія гарадкі. Ён пазнаёміў з умовамі, падкрэсліўшы, што, каб набраць пэўную колькасць ачкоў, патрэбна не толькі трапнасць, але і дальнабачная стратэгія. І вось ужо маладыя людзі спрабуюць свае сілы як у індывідуальных таймах, так і гуртамі.

 

 

Дзявочая каманда “Удача”, як ні дзіўна, перамагла каманду маладых людзей “Фердынанд”, якія, між іншым, таксама змагаліся ўпаўне дастойна. Але бліскучы кідок Ганны Майко стаў рашаючым. Праўду кажуць, як каманду назавеце…

 

Усе ўдзельнікі адкрытага турніру па “Мёльккю” атрымалі заслужаныя дыпломы. А Андрэй Ляневіч паабяцаў у наступны раз пазнаёміць шчучынскую моладзь з беларускай гульнёй “Крэглі”.

 

Тым часам Таццяна Пятрова ацэньвала юныя таленты ўдзельнікаў конкурсу дзіцячага малюнка на асфальце “Горад маёй мары”. Лепшай, па прызнанні дарослых гледачоў гэтага “крэйдавага” вернісажу, стала работа двух Арцёмаў – Пазняка і Біндзея, дарэчы, вучняў СШ №3 г. Шчучына. 

 

Кульмінацыяй свята было, безумоўна, выступленне Уны – салісткі гуртоў “Дзівасіл Трыа” і “Джаз Мінск Войсэз”, лаўрэата міжнародных конкурсаў, удзельніцы шматлікіх міжнародных фестываляў, беларускіх і замежных музычных праектаў. Чароўныя гукі гітары ў дзявочых руках і непаўторна-прыгожы голас – то аксамітна-пяшчотны, то моцны, высокі, пранікаючы ў самае сэрца. Рэпертуар Уны такі ж непаўторны, як і яна сама: унікальныя беларускія народныя песні, класічныя творы, песні-балады… Па просьбах слухачоў спявачка выканала хіты з рэпертуару Віктара Цоя і Чэслава Немэна. Увогуле пад акорды гітары гучала беларуская, польская, руская, англійская і нават цыганская мовы. 

 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ганчарук уручыла артыстцы белыя хрызантэмы, падзякавала ўсім гасцям за асалоду падоранага свята. Так небанальна, цёпла і па-сяброўску суботнім вечарам шчучынцы ля фантана развіталіся з каляндарным летам. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!