Моладзь работы не баіцца

Старшакласніца Дэмбраўскай СШ Агата Ненартовіч дакладна ведае, як зарабіць уласны рубель. Дзяўчынка працуе ў студатрадзе і тым самым дапамагае мясцовым аграрыям. 
– Хочацца мець грошы на асабістыя патрэбы, а не прасіць іх у бацькоў, – гаворыць Агата. – Мы, вясковыя, работы не баімся і выконваем усё так, каб нікому за нас сорамна не было. Заробленыя сродкі патрачу на “дзявочыя” радасці і школьныя прылады. 

Агату Ненартовіч разам з яе сябрамі-калегамі мы адшукалі на палях ААТ “Дэмбрава”. У дзень нашага прыезду рабяты займаліся праполкай буракоў. За працай сваіх падапечных уважліва сачыла іх камандзір – настаўніца Дэмбраўскай СШ А.І. Скорб. 
– Кожны год у нашых школьнікаў ёсць цудоўная магчымасць працаўладкавацца ў летні час, – расказвае Алена Іосіфаўна. – Сёлета сельскагаспадарчы атрад “Парус” аб’яднаў 17 актыўных юнакоў і дзяўчат. Многія, напрыклад, Дар’я Канацюк, Артур Аніська, Максім Талочка, не першы год працуюць у атрадзе. 
Поплеч з дэмбраўцамі ў той дзень на палях ААТ “Дэмбрава” шчыравалі рабяты з атрада “Импульс”. Настаўніца Ляшчанскай СШ Алена Іванаўна Байгот, якая працуе разам са школьнікамі, радуецца, што яе падапечныя праводзяць лета з карысцю. Юныя працаўнікі па сакрэту прызналіся, што ўжо даўно вырашылі, куды патрацяць уласны рубель. Хтосьці збіраецца ў лагер, хтосьці ў вандроўку за мяжу, а хтосьці вырашыў дапамагчы бацькам і самастойна сабрацца ў школу. А вось колькі будзе тых самых уласных рублёў, напрамую залежыць ад саміх студатрадаўцаў.


Намеснік дырэктара ААТ “Дэмбрава” Ю.А. Сакута працай памочнікаў задаволены.
– На сельскагаспадарчай ніве лішніх рук не бывае, таму мы заўсёды рады прыняць у свае рады часовых памочнікаў, – гаворыць Юрый Аляксеевіч. – Мы са сваімі студатрадаўцамі, як кажуць, спрацаваліся. Юнакі і дзяўчаты з пастаўленымі задачамі спраўляюцца на выдатна, працуюць старанна. 
З кожным годам студатрадаўскі рух набывае папулярнасць сярод моладзі. Гэта выдатная магчымасць правесці лета з сябрамі і быць занятым карыснай справай. Моладзь Шчучынчыны таксама выступае за студатрадаўскі рух. Добрую ініцыятыву падтрымліваюць РК БРСМ, мясцовыя прадпрыемствы і гаспадаркі. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!