Міхаіл Юстынавіч Белка адзначае 70-гадовы юбілей

– Вось гэта сустрэча! У такога чалавека варта многаму павучыцца. І параіцца заўжды можна: каласальны досвед у яго за плячыма! – эмацыянальна дзеліцца з намі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Анатольеўна Наройчык, якая ні на хвілінку не пашкадавала, што выкраіла ў сваім шчыльным рабочым графіку час на паездку ў Скрыбаўцы, каб павіншаваць з 70-гадовым юбілеем вопытнага аграрыя Міхаіла Юстынавіча Белку і … адкрыла для сябе, прадстаўніцы маладога пакалення, гэтага чалавека як яркую асобу, Прафесіянала з вялікай літары, які нягледзячы на пенсійны ўзрост, трымае руку на пульсе раённага жыцця, цікавіцца ўсімі прагрэсіўнымі зменамі, сучаснымі тэхналогіямі і трэндамі.

А вось старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк ведае Міхаіла Юстынавіча досыць даўно і называе яго калегай, у якога ў свой час вучылася, з якога брала прыклад. Бо працуючы тры скліканні запар старшынёй Мажэйкаўскага сельвыканкама, М.Ю. Белка заўжды быў выключна ўважлівым і тактоўным у адносінах да людзей, умеў без валакіты вырашыць любое пастаўленае землякамі пытанне. Ужо досыць працяглы час Міхаіл Юстынавіч на заслужаным адпачынку, але аднавяскоўцы памятаюць усё стваральнае і пазітыўнае, што было зроблена гэтым энергічным кіраўніком і за 17 год ягонага дырэктарства ў сельгаспрадпрыемстве – тагачаснай эксперыментальнай базе “Усход”, і за перыяд кіравання мясцовай вертыкаллю.

Не забыла важкі ўклад ветэрана працы ў развіццё сельскай гаспадаркі наша раённая ўлада і Гродзенскі абласны аграпрамысловы саюз. 1 ліпеня з кветкамі, падарункамі і ўзнагародамі да Міхаіла Юстынавіча прыехала цэлая дэлегацыя!

А юбіляр – статны, маладжавы, з іскрынкай у вачах – гасцінна сустрэў усіх як добрых сяброў.  

 – Мы вельмі цэнім усё тое, што зроблена вамі за гады добрасумленнай і эфектыўнай работы, удзячны за вернасць і адданасць шчучынскаму краю і яго людзям, -- звяртаецца да гаспадара дома старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. – Шчыра віншуем Вас са слаўнай датай, жадаем шчасця, здароўя і дабрабыту.

Ганна Станіславаўна ўручыла заслужанаму чалавеку, які на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў аддана працаваў на кіруючых пасадах у галіне сельскай гаспадаркі Шчучыншчыны і органах сельсавецкай улады, Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ адну грамату -- ад свайго ведамства – перадаў віноўніку ўрачыстасці выканаўчы дырэктар Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза А.А. Нарэйка. Словы падзякі і шматлікія пажаданні гучалі у адрас юбіляра з вуснаў галоўнага агранома саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Г.І. Каляды і галоўнага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце М.А. Янкоўскай, старшыні Мажэйкаўскага сельвыканкама А.Я. Жэшка і яе калег.

Не абышлося і без душэўнай бяседы. Аказваецца, у гэтым доме на парозе яшчэ адзін юбілей: Міхаіл Юстынавіч і яго чароўная палавінка Ядвіга Людвікаўна праз месяц адзначаць 45-годдзе сумеснага жыцця. Сям’я ў іх утварылася надзвычай дружная, траіх дзяцей дастойна выхавалі, пецярым унукам не нарадуюцца. І сёння, гаворачы адзін пра другога, любасць адчуваецца ў кожным іх слове, у кожным поглядзе. Як жа тут не ўзгадаць ісціну: “Старасць не абараняе ад кахання, але каханне абараняе ад старасці”. Гэта пра іх – пра сям’ю Белка.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.