Месца гонару за калег ёсць цяпер і ў пракуратуры Шчучынскага раёна

Напярэдадні 75-годдзя з дня ўтварэння пракуратуры Гродзенскай вобласці, якое будзе адзначацца ў верасні, тут усталявалі дошку з партрэтамі і прозвішчамі людзей, якія, кожны ў свой час, узначальвалі пракуратуру раёна і нямала зрабілі для падтрымання законнасці і правапарадку ў рэгіёне.  

-- На жаль, не атрымалася адшукаць фота першага пракурора раёна – Т.М. Кашчэева і аднаго з "сямідзесятнікаў" – В.В. Хмяльніцкага, -- дзеліцца пракурор раёна Аляксандр Уладзіміравіч Дзямідаў. -- Астатнія 12 кіраўнікоў прадстаўлены на памятным, аформленым у колерах пракурорскага мундзіра стэндзе. Гляджу на незнаёмыя і знаёмыя твары калег і думаю, што нашым маладым супрацоўнікам ёсць на каго трымаць раўненне ў прафесійнай дзейнасці. Да прыкладу, мы ганарымся, якіх высот у службовай кар'еры дасягнуў былы шчучынскі пракурор Генадзь Іосіфавіч Дыско – цяпер ён намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

Дастойна носяць пракурорскі мундзір і іншыя калегі сённяшніх вартавых Закона. Так, Уладзімір Уладзіміравіч Сідо, які кіраваў пракуратурай раёна 10 няпростых год -- з мая 1987-га па май 1997-га, цяпер узначальвае аддзел па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Гродзенскай вобласці. Там жа працуюць і яго паслядоўнікі на адказнай пасадзе Юрый Эдмундавіч Краеўскі і Юрый Іванавіч Васілеўскі. Нагляд за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў ажыццяўляе ў гэтым жа ведамстве Максім Георгіевіч Кірыла, пераемнікам якога і стаў цяперашні пракурор раёна А.У. Дзямідаў.

 Па словах Аляксандра Уладзіміравіча, такое памятнае месца павінна быць у кожным калектыве – як знак гонару за людзей, якія тут працавалі, і як пацвярджэнне пераемнасці пакаленняў.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.