Медыцынскі дэсант высадзіўся на масласырзаводзе

Вялікая канферэнц-зала Шчучынскага масласырзавода на гэтым тыдні часова ператварылася ў прыёмны кабінет, падзелены на зоны, куды работнікі прадпрыемства мелі магчымасць наведацца да ўрачоў-спецыялістаў. Эндакрынолаг В.В. Васько, афтальмолаг К.В. Смарыга, оталарынголаг І.Л. Кунцэвіч і анколаг В.А. Алейнік не сядзелі без справы, але і яўных чэргаў не ўтваралася. Затое быў час для даверлівай гутаркі, уважлівага агляду, слушных парад і рэкамендацый. Карысць ад такой формы стасункаў неаспрэчная.

 

– Гэты медыцынскі дэсант – ініцыятыва загадчыцы паліклінікі УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Ганны Тадэвушаўны Сасноўскай, а кіраўніцтва масласырзавода падтрымала ідэю, бо зацікаўлена ў добрым самаадчуванні сваіх работнікаў, – тлумачыць медсястра прадпрыемства Наталля Уладзіміраўна Свінарэнка. – За панядзелак ужо абследавалася каля 50 чалавек. Наступны прыём – у сераду. Мы загадзя запісалі ўсіх жадаючых, вызначылі зручны для кожнага пацыента час.

 

 

– Гэта куды лепш, чым адпрошвацца з работы ў паліклініку. Дый талон да асобных спецыялістаў не так проста ўзяць, – дзеліцца адна з завадчанак. – Зразумела, што і я, і мае калегі ахвотна скарысталіся такім выпадкам. Праверыла  зрок, пракансультавалася з эндакрынолагам. Вельмі задаволена візітам дактароў на наш завод.

 

 

Лор-урач Ігар Лявонавіч Кунцэвіч за няпоўны рабочы дзень прыняў 36 пацыентаў, у дваіх выявіў новаўтварэнні: яны – дабраякасныя, але варта ўзяць біяпсію, больш глыбока абследавацца. Сем чалавек накіравала на УГД і анколаг Вера Аляксандраўна Алейнік, двум парэкамендавала аперацыйнае ўмяшанне.

 

 

– Да нас у асноўным звярталіся пацыенты ва ўзросце 40+ , – дзеліцца афтальмолаг Кацярына Вітольдаўна Смарыга. – Кожнаму мы з медсястрой Галінай Паўлаўнай Кулеш змералі ўнутрывокавы ціск. Як паказвае практыка, менавіта ў такім узросце асабліва актуальнай становіцца прафілактыка глаўкомы.

 

Эндакрынолаг Вераніка Віктараўна Васько з задавальненнем дала слушныя медыцынскія парады маладым жанчынам, якія плануюць цяжарнасць, камусьці з пацыентаў выпісала накіраванне на аналізы, камусьці парэкамендавала папрацаваць над зніжэннем вагі, што з’яўляецца важнай прафілактыкай для недапушчэння многіх хвароб.

 

 – Надзвычай важна сачыць за сваім здароўем, своечасова звяртацца да спецыялістаў. Цудоўна, што гэта добра разумеюць завадчане, а мы ім у гэтым гатовы дапамагчы, – добразычліва зазначылі ўрачы. – Пры неабходнасці падобныя прыёмы “без адрыву ад вытворчасці” мы гатовы прадоўжыць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!