Мая краіна – Беларусь!

Э.С. Дзікевіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

– У кожнай краіне, у кожнага народа ёсць асабліва шануемыя дзяржаўныя святы. Для мяне асабіста адно з такіх святаў – гэта Дзень Незалежнасці Беларусі. Найперш я ўспрымаю яго як дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нашай Радзімы. Сёння нават цяжка ўявіць сабе наша жыццё без той Вялікай Перамогі. Мы ж з вамі жывем у міры, спакоі, цешымся з нашых дзяцей і ўнукаў. І заўсёды памятаем, хто выратаваў нашу зямлю ад фашызму, і бясконца ўдзячны за гэта ім, ветэранам вайны. Абавязак цяперашняга і будучых пакаленняў – берагчы гэты мір, рабіць усё, каб краіна наша квітнела, эканамічна мацнела.

Г.В. Каспер, загадчык аддзела пісьмаў установы “Рэдакцыя Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”:

- Я нарадзілася і вырасла на беларускай зямлі, выхоўвалася таксама на беларускіх традыцыях. А таму ўсё, што звязана з Радзімай, для мяне блізкае і дарагое. Якая сёння моладзь? Гэта нераўнадушныя, мэтанакіраваныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім не абыякавы заўтрашні дзень. Што мы хочам? Вучыцца, ствараць сем’і, кахаць, уплываць на ход гісторыі, пераймаючы ад бацькоў і дзядоў усё самае лепшае. Шчыра віншую сваіх землякоў са святам. Жадаю шчасця кожнай сям’і, бо пераканана: жыць у шчаслівай краіне можна толькі тады, калі сам жывеш у шчаслівай сям’і.

А.Д. Малюгін, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

- Лічу, што гэта  свята – праяўленне памяці пра тых людзей, якія крывёй і потам, а многія і цаной уласнага жыцця адстаялі мір і свабоду, далі магчымасць усім, у тым ліку і нам, жыць у суверэннай незалежнай дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь. Таму і атаясамліваецца яно з усмешкамі і радаснымі воклічамі, блакітным небам і сонечным святлом, песнямі і квітнеючым наваколлем. У гэты дзень хочацца ўшанаваць памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і выказаць удзячнасць ветэранам за іх подзвіг і гераізм, за тое, што сёння мы жывем свабодна, пад мірным небам і з пачуццём упэўненасці ў заўтрашнім дні.

С.П. Жвірбля, дырэктар Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

- Свята Незалежнасці для мяне - гэта свята гордасці за нашу прыгожую, моцную, светлую Белую Русь. Свята безадданай любові да роднай краіны, вялікай пашаны да яе гістарычнага мінулага і непераможнага нашага народа. Такое свята, як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прымушае ўсіх нас па-іншаму глядзець на жыццё, параўноўваць, ацэньваць кожны пражыты дзень і радавацца наступнаму. Часовыя цяжкасці пераадолеюцца, а гонар за родную Беларусь – ён назаўсёды!

Максім Пянькоўскі, навучэнец ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны палітэхнічны каледж»:

 - Мы, маладыя, з павагай ставімся да ветэранаў, дзякуючы подзвігу якіх наша краіна атрымалі свабоду і незалежнасць. Дзень Незалежнасці – гэта галоўнае свята любой дзяржавы. Асабіста мяне ў гэты дзень ахоплівае пачуццё гонару за свой народ, які выстаяў у цяжкай вайне і цяпер мірнай і стваральнай працай умацоўвае свой суверэнітэт. А яшчэ гэты святочны дзень заўсёды напоўнены цікавымі мерапрыемствамі, сустрэчамі з сябрамі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!