“Мае сыны – маё багацце”

Нядаўна, наведваючы невялікую вёсачку Касцянева Васілішкаўскага сельсавета, пазнаёмілася з жанчынай – мнагадзетнай матуляй, якая, лічы, адна выхавала чатырох дастойных сыноў. Муж пайшоў з жыцця, калі старэйшаму было 14 год, а малодшаму толькі два… Дзеці для Тарэсы Чаславаўны Будзько – самае вялікае шчасце і багацце.

Наша сустрэча адбылася якраз напярэдадні цудоўных светлых Каляд, Таму і размова наша не-не, дый зноў вярталася да ўспамінаў і сямейных традыцый, звязаных з гэтым святам. Расказваючы пра свой няпросты лёс і пра сваіх сыноў, Тарэса Чаславаўна паказвала сямейныя фотаздымкі, на якіх занатаваны шчаслівыя, яркія хвіліны жыцця іх сям’і, сярод якіх і навагоднія ранішнікі каля прыгажуні ялінкі.

– Выхоўваць дзяцей – справа ўвогуле няпростая, а калі гэта хлопчыкі, у якіх засталася толькі мама, складаная ўдвая, – гаворыць жанчына. – Мне ўдалося вырасціць сваіх сыноў дастойнымі людзьмі толькі з Божай дапамогай. І, канечне, я ўдзячна ўсім, хто не пакінуў мяне і чыю падтрымку я адчувала ўсе гэтыя гады: гэта мае родныя, а бывала, і проста чужыя людзі.

Тарэса Чаславаўна вырасла ў Касцянева, закончыла школу і атрымала спецыяльнасць агранома ў Навагрудскім тэхнікуме. Некаторы час яны з мужам жылі ў Каробчыцах, а потым вырашылі вярнуцца на малую радзіму. Спачатку нядоўга жылі ў бацькоў, потым сям’я перабралася ў інтэрнат, а праз некаторы час Тарэсе Чаславаўне і яе мужу – працавітым работнікам гаспадаркі, выдзелілі пад жыллё былы будынак дзіцячага садка, які яны сваімі рукамі адрамантавалі і ператварылі ва ўтульны прыгожы домік.

Дзеці выраслі, і кожны выбраў свой шлях. Старэйшы сын Тарэсы Чаславаўны, як і мама, атрымаў прафесію агранома, вельмі хацеў працаваць на зямлі. Але так склалася, што цяпер ён служыць закону. Дарэчы, у яго дзве вышэйшыя адукацыі. Валера разам з жонкай выхоўваюць чацвёра дзетак. Паступіў у ВНУ і Віталій. Ён – бухгалтар. Вышэйшую адукацыю атрымаў і самы малодшы Міхаіл, які закончыў ГрДУ ім. Я Купалы. А вось Станіслаў ці не з пялёнак марыў стаць трактарыстам і ўжо ў шэсць (!) год самастойна кіраваў трактарам. Сваю мару ён ажыццявіў, хоць і настаўнікі, і матуля ў свой час спрабавалі яго пераканаць у тым, што трэба вучыцца далей – у школе ён быў паспяховым вучнем. Доўгі час Станіслаў працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Толькі нядаўна вырашыў змяніць прафесію.

У доме Тарэсы Чаславаўны заўсёды захоўвалі сямейныя традыцыі.
– Помню, перад святамі наводзілі парадак, і тата ішоў у лес па ёлку, – расказвае Тарэса Чаславаўна. – Гэты пах помніцца і сёння. Мы ўпрыгожвалі дрэўца маленькімі чырвонымі яблычкамі – папінкамі, пячэннем, цукеркамі. Цукеркі з елкі здымаць нам катэгарычна забаранялася. Толькі калі заканчваліся святы, гэтыя цукеркі дзялілі паміж намі. Пад ялінкай абавязкова стаяў Дзед Мароз у зялёных штанах, з чырвонай торбай з падарункамі, у футры і з вялікім кіем. А аплаткі на куццю ў вёску заўсёды прыносілі. Тады касцёлы былі зачынены, і набыць іх не было дзе. Мама пякла вельмі смачныя галушкі і пірагі з павідлам, з макам, варыла халадзец, гатавала ў печцы галубцы, а на прыпечку заўсёды стаяў кампот з сушанай садавіны. Удаваўся ў яе і кісель.

Усе сямейныя традыцыі і сёння захоўваюць у сваіх сем’ях і сыны Тарэсы Чаславаўны. Хоць цяпер у кожнага сваё жыццё, але ў бацькоўскім доме яны частыя госці: дапамагчы матулі, дый проста праведаць, даведацца, як справы – цяпер іх чарга клапаціцца пра свайго самага роднага чалавека. Толькі тут яны могуць вярнуцца ў сваё дзяцінства … А Тарэса Чаславаўна заўсёды чакае іх, каб дапамагчы мацярынскай парадай, парадавацца за іх і за сваіх унукаў…

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!