Людміла Станіславаўна Анюкевіч: “Сустрэчы з Чэславам Немэнам мне сагравалі душу”

Амаль кожнае лета жыхарка Санкт-Пецярбурга Людміла Станіславаўна Анюкевіч праводзіць у Беларусі. Вось і зараз гасцюе ў Вялікім Мажэйкаве. А сустрэліся мы з ёй у аграгарадку Васілішкі. Напярэдадні свята музыкі Чэслава Немэна яна завітала ў цэнтр культуры і адпачынку, каб унесці свае прапановы ў правядзенне фэсту, расказаць, як яны, прыхільнікі творчасці нашага знакамітага земляка, пад патранажам Польскага інстытута ў Санкт-Пецярбургу ладзяць імпрэзы ў “паўночнай сталіцы”, прысвечаныя памяці любімага спевака і кампазітара, чый голас стаў “голасам пакалення”.

 

– Я не фанатка, – папярэджвае мяне Людміла Станіславаўна. – Нас знітоўвае значна большае – роднасць душ, нейкая духоўная повязь. А тое, што мае карані з гэтых мясцін, з Гродзеншчыны, дапамагала мне лепей зразумець і спасцігнуць сусвет Чэслава Немэна.

 

Лёс не заўсёды быў літасцівы ў адносінах да гэтай крэатыўнай і вельмі адкрытай жанчыны. Дзяцінства прайшло ў дзіцячым доме, а ледзь споўнілася 17, яна склала няхітрыя пажыткі ў цяжкі драўляны чамадан, купіла білет на цягнік і адправілася ў Ленінград. Як сама кажа, каб зачапіцца за жыццё і адшукаць сваю сцяжынку ў ім.

 

– Каб зарабляць свой хлеб, спасцігла зусім не дзявочую прафесію муляра, а душа так прагнула паэзіі, музыкі, мастацтва! Прыгажосць горада, яго архітэктура, музеі, самі людзі ўтваралі магутны культурны асяродак, які не мог не аказаць станоўчы ўплыў на таго, хто цягнецца да прыгожага. І вось 26 кастрычніка 1976 года на Васільеўскім востраве ў Палацы культуры імя Кірава праходзіць канцэрт польскага спевака і кампазітара Чэслава Немэна, – успамінае Людміла Станіславаўна. – Нам з сяброўкай страшэнна пашанцавала, бо яе мама працавала адміністратарам і ціхенька прапусціла нас на канцэрт. Уражанне немагчыма апісаць словамі. А тут яшчэ адзін шанец: пасля канцэрта ў закуліссі ладзілася чаяванне, нефармальная гутарка з артыстам, і нас таксама туды запрасілі. Так я пазнаёмілася з Чэславам Немэнам, які аказаўся на дзіва простым, сціплым і душэўным чалавекам, больш таго, ён шчыра абрадаваўся, што мы – землякі. Успаміналі нашу Гродзеншчыну, чыталі вершы, гутарылі пра жыццё. Даведаўшыся, што я выхоўвалася ў інтэрнаце, Чэслаў неяк вельмі далікатна, каб не пакрыўдзіць, спытаў, ці патрэбна мне дапамога, зноў жа тактоўна і ненадакучліва перасцярог ад магчымых памылак і небяспек, што тояць у сабе спакусы вялікага горада. 

 

Мы шчыра пасябравалі, і калі быў чарговы гастрольны тур артыста ў 1979 годзе, я ўжо выступала ў якасці яго гіда, з задавальненнем паказвала горад і славутасці Ленінграда. Мы гаварылі і не маглі нагаварыцца: пра творчасць Лермантава, якога мы абодва абагаўлялі, пра музыку, мастацтва. Чэслава цікавілі і букіністычныя магазіны, ён купляў прыгожыя цацкі для сваіх дачушак, нейкія нотныя зборнікі, кнігі. А аднойчы падчас начной прагулкі па Ленінградзе мы трапілі ў дом-музей Аляксандра Блока, дзе дзяжурыў мой прыяцель. Гэта былі проста неверагодныя эмоцыі. Чэслаў вельмі любіў славянскую паэзію і называў яе другой музыкай.

 

Ці думалі мы тады, што пройдзе час, і ў роднай хаце ў Старых Васілішках будзе дзейнічаць дом-музей Чэслава Немэна, куды тысячы турыстаў – прыхільнікаў яго творчасці – будуць прыязджаць, каб на свае вочы ўбачыць, дзе нарадзіўся і рос гэты самародак, якая зямля падаравала свету такі самабытны талент. 

 

Ніколі не забуду гэтых сустрэч, яны сагравалі мне душу, а слухаючы яго песні, я знаходзіла адказы на многія жыццёвыя і філасофскія пытанні. Усё ў жыцці ў мяне склалася, я атрымала добрую адукацыю і цікавую прафесію сацыяльнага педагога, пабывала ў многіх краінах свету. Але чамусьці мяне заўсёды цягне сюды – на малую радзіму. І я абавязкова зноў і зноў буду прыязджаць сюды, абавязкова ўдзельнічаць у свяце музыкі Чэслава Немэна, папулярызаваць яго творчасць у Санкт-Пецярбургу. 

 

Людміла паказвала цікавыя здымкі, праграмы мерапрыемстваў “Чэслаў Немэн – успамін”, што праходзілі ў Доме акцёра імя К.С. Станіслаўскага ў горадзе на Няве, відэасюжэты з імпрэз. Чэслаў Немэн і сёння аб’ядноўвае людзей розных краін і пакаленняў. Як у той яго знакавай кампазіцыі пяецца: людзі добрай волі ёсць паўсюль.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!