Лёгкаатлетычным прабегам «Шчучынская дзясятка» адзначылі шчучынцы 74-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

На старт выйшлі каля 150 бегуноў з розных куточкаў Беларусі. Быў нават лёгкаатлет з Мурманска, таму спаборніцтвы можна лічыць міжнароднымі. 
Спартсменаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта: 
— Ужо другі год запар у гонар Вялікай Перамогі мы арганізоўваем лёгкаатлетычны прабег “Шчучынская дзясятка” як даніну памяці тым, хто адстаяў наша права на свабоду і незалежнасць. Прыемна, што колькасць удзельнікаў спартыўнага свята павялічваецца. Жадаю ўсім, хто сёння выйдзе на старт, вынослівасці і хуткасці! 


Да слоў Алены Васільеўны далучыўся начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Еўстаф’евіч Андрэйчык, які, дарэчы, таксама вырашыў прабегчы “дзясятку”. Ён падкрэсліў, што спорт умацоўвае не толькі цела, але і дух. А яшчэ аб’ядноўвае розныя пакаленні. 
У гэтым мы пераканаліся самі, калі бліжэй пазнаёміліся з удзельнікамі лёгкаатлетычнага прабегу: самаму малодшаму з іх нядаўна споўнілася 9 гадоў, а самаму вопытнаму ідзе ўжо 84 год. 


Лёгкаатлеты спаборнічалі на дыстанцыі 2 кіламетры і 10 кіламетраў. Траса праходзіла па маляўнічых гарадскіх вуліцах і па набярэжнай возера. На працягу ўсяго прабегу спарстменаў гучна падтрымлівалі шматлікія балельшчыкі, якія прыйшлі паглядзець на спаборніцтвы. Адметна, што да фінішу дабеглі ўсе. Сярод мужчын абсалютным чэмпіёнам стаў гродзенец Дзмітрый Граматоўскі, які пераадолеў 10 тысяч метраў за 34 хвіліны і 18 секунд. Сярод прадстаўніц прыгожага полу не было роўных мінчанцы Вользе Ціханоўскай, якая прабегла “дзясятку” за 38 хвілін і 59 секунд. 


— У Шчучыне я ўпершыню, і мяне не пакідае адчуванне, што трапіла ў Еўропу, — дзеліцца сталічная бягуння Вольга Ціханоўская. — Горад вельмі ўражвае сваёй прыгажосцю, утульнасцю і чысцінёй. Бегам я займаюся з 2013 года і за гэты час пераадолела не адну дзесяцікіламетровую дыстанцыю. Мой асабісты рэкорд 36 хвілін і 54 секунды. Сёння я атрымала сапраўдную асалоду ад спартыўнага свята ў Шчучыне: усё было агранізавана на вышэйшым узроўні. Абавязкова вярнуся сюды ў наступным годзе! 


Застаўся задаволеным “Шчучынскай дзясяткай” і гродзенскі лёгкаатлет Дзмітрый Граматоўскі. 
— 10 тысяч метраў – не мой канёк, я аддаю перавагу больш кароткай дыстанцыі даўжынёй 1,5 кіламетра, — прызнаецца бягун. – Часта прымаю ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню, дзе адстойваю гонар Гродзеншчыны. Сёння ў Шчучыне прабег “дзясятку” і зарадзіўся бадзёрасцю і пазітывам. Упэўнены, аналагічныя эмоцыі адчулі і іншыя ўдзельнікі лёгкаатлетычнага прабегу. 


Дарэчы, усе, хто выйшаў на старт, атрымалі памятныя медалі. Найбольш хуткія лёгкаатлеты ў розных узроставых групах былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і памятнымі падарункамі. А Шчучынскі масласырзавод падрыхтаваў для бегуноў сувенірную прадукцыю. 
Сярод тых, хто падымаўся на сцэну за ўзнагародамі, была і сям’я Васільчык, якая прыехала на спаборніцтвы амаль у поўным складзе. 


— Мы з маім мужам Дзянісам Леанідавічам не ўяўляем свайго жыцця без спорту, — гаворыць Вікторыя Анатольеўна Васільчык. – Гэтае захапленне перадалося нашым дзецям: сыну Вадзіму, дачушкам Дар’і і Ксеніі. Разам мы прымаем удзел у розных спаборніцтвах і нярэдка перамагаем. А хутка нашу дружную каманду папоўніць сын Арцём: яму пакуль усяго тры гады, але ён ужо праяўляе інтарэс да спорту. Прызнацца, упершыню паспрабавалі сябе ў лёгкаатлетычным прабегу, але абавязкова паўторым у наступным годзе! 


Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!