Ляшчанка, Красная і Ражанка хутка будуць з вадой без жалеза

Яшчэ дзве станцыі па абезжалезванні вады ўзводзяцца ў нашым раёне. Ужо блізяцца да завяршэння работы па будаўніцтве такой станцыі ў аграгарадку Ляшчанка з пракладваннем водаправоднай сеткі да вёскі Красная. Гэта значыць, што адна станцыя будзе забяспечваць чыстай вадой адразу два населеныя пункты і дом-інтэрнат з колькасцю 280 насельнікаў. Усяго спажываць абезжалезеную ваду ў гэтым рэгіёне змогуць больш за 800 чалавек.

 

– Мы закупілі абсталяванне і прыступаем да яго манціравання. Усе работы вядзём гаспадарчым спосабам, што значна эканоміць сродкі, – падкрэслівае начальнік службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Шчучынскага РУП ЖКГ Віктар Іванавіч Бочка. – Плануем здачу аб’екта ў эксплуатацыю ўжо ў гэтым месяцы. 
Да канца года абяцаюць будаўнікі жыллёва-камунальнай службы ўзвесці станцыю па абезжалезванні вады і ў аграгарадку Ражанка. Дарэчы, абедзве станцыі будуць працаваць у аўтаматычным рэжыме, падаючы ў дамы і кватэры вяскоўцаў ачышчаную ваду. 

 

Гэты вельмі важны для здароўя людзей праект ажыццяўляецца ў рамках падпраграмы “Чыстая вада” дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльны асяродак”, якая будзе рэалізоўвацца да 2025 года. Толькі сёлета для Шчучынскага раёна з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў на гэтыя мэты выдзелена каля 340 тысяч рублёў. Усе сродкі да канца года будуць асвоены.

 

– На гэтым спыняцца не збіраемся, – канстатуе В.І. Бочка. – У наступным годзе ў раёне плануецца будаўніцтва яшчэ трох станцый – у аграгарадках Скрыбаўцы і Руткевічы, а таксама ў вёсцы Мураванка. Вельмі хочацца, каб якасная пітная вада ўвайшла ў кожны дом.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!