Лідчына: знаёмая незнаёмка

Нядаўна пашчасціла пабываць у прэс-туры па Лідчыне. Вярнулася дамоў пад уражаннем ад убачанага. Пра асобныя моманты незвычайнай вандроўкі захацелася расказаць чытачам нашай газеты.

Лідчане – нашы суседзі. Гэты статус з асаблівым адценнем: кіруе рэгіёнам наш зямляк М.К. Карповіч, які ў свой час працаваў дырэктарам Шчучынскага рамзавода. Міхаіл Канстанцінавіч і распачаў сустрэчу з журналістамі. Расказваў цікава, з гонарам за горад і раён.
У рэгіёне з насельніцтвам 132 тысячы чалавек у дружбе і згодзе пражываюць прадстаўнікі 50 нацыянальнасцей. Асаблівы шарм набыла Ліда ў перыяд падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Напярэдадні свята ў гэтым старажытным і маладым горадзе шмат пабудавалі, рэканструявалі. Выйшлі на суботнікі, каб навесці парадак у агульным доме, больш за 50 тысяч чалавек. “Малайцы, лідчане!”, – пахваліў тады гараджан Прэзідэнт. А сёлета ў верасні на свяце горада кіраўніцтва раёна і арганізатары чакаюць да ста тысяч гасцей (!). 

Лідчына – рэгіён з высокаразвітай эканомікай і сацыяльнай сферай. 70% у аб’ёме выпуску прадукцыі займае прадукцыя прамысловасці, 65% якой экспартуецца ў 61 краіну свету. Даўно сталі брэндамі ААТ “Лідсельмаш”, “Шклозавод “Неман”, “Лідскае піва” і іншыя прадпрыемствы. “У нас выпускаецца практычна ўсё, што патрэбна для жыцця. Прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці горада, развіцці сацыяльна-культурнай сферы”, – ганарыцца старшыня Лідскага райвыканкама. Разам з тым рэгіён прывабны для замежных інвестараў: тут працуюць 40 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Аграрны сектар – гэта 9 сельгасарганізацый і 34 фермерскія гаспадаркі.  Ліда расце і прыгажэе на вачах. Так, штогод тут спраўляюць наваселлі 700-800 сем’яў.
Адзін з цікавых аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы – ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры гэтай установы журналістаў прывітаў фальклорна-этнаграфічны калектыў “Талер”. Супрацоўнікі і майстры далі майстар-класы па ткацтве і выцінанцы. Тут апантана даследуюць і зберагаюць багатую гісторыка-культурную спадчыну, адраджаюць рамёствы і народныя традыцыі.


Акурат у Міжнародны дзень абароны дзяцей у Лідзе адкрыўся Цэнтр бяспекі МНС – трэці ў рэспубліцы. Унутры будынак падзелены на тэматычныя пляцоўкі і пакоі, абсталяваныя так, каб абучыць дзяцей правілам бяспечных паводзін дома, на вуліцы, на транспарце, у быце, на прыродзе, аказання першай дапамогі ў выпадку надзвычайных сітуацый. Дапамагаюць у гэтым гульнявыя формы, сучасныя электронныя тэхналогіі, якія сапраўды ўражваюць, захапляюць і маленькіх непаседаў, і старшакласнікаў. І, канешне, застаюцца ў памяці. Праверыць засваенне інфармацыі можна праз тэсты. Ведаеце, адна справа чуць пра пажар, а другая – патрапіць у абстаноўку, набліжаную да рэальнасці. Задымлены пакой (мадэлюецца і такая сітуацыя) журналісты – дарослыя людзі – пакідалі подбегам. Цэнтр бяспекі МНС не пустуе. Навучыцца азам бяспечных паводзін у фармаце экскурсійна-абучаючых заняткаў ужо пажадалі школьнікі з многіх раёнаў вобласці.


Падчас прэс-тура журналісты пазнаёміліся і з асаблівым прыродным аб’ектам – рэгіянальным лясным экалагічным адукацыйным цэнтрам “Парк Горні”. Ён адкрыўся на базе “Лідскага лясгаса” і размясціўся на тэрыторыі ўнікальнага батанічнага помніка прыроды. Створаны цэнтр у рамках праекта рэалізацыі мясцовай “зялёнай” ініцыятывы на гранты Еўрасаюза па праграме развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь. Атрымаўся сапраўды велічны прыродны комплекс. Усе чатыры яго зоны – вучэбная (экалагічны клас), вучэбна-дэманстрацыйная (музей лясной гаспадаркі Гродзеншчыны), прыродна-дэманстрацыйная (2 пешыя, веласіпедны і водны экалагічныя маршруты), турыстычная (домік “У гасцях у пчол”, паляўнічы комплекс, вясельная алея і інш.) цікавыя па-свойму. 


Прагульваючыся па векавых алеях парка (тут растуць дрэвы 41 віду, аднаму з якіх 130 гадоў), мы з калегамі сустрэлі там персанажаў славянскай міфалогіі і прашапталі самае патаемнае ў прымацаванае на дрэве “вуха жаданняў”, якое, кажуць, іх спраўджвае... А яшчэ паспрабавалі свежага мядку з тутэйшага пчальніка. Дарэчы, дабрацца туды са Шчучына на аўтамабілі нескладана: трэба ў раёне 167-га кіламетра трасы М6 звярнуць налева. Праз 2 кіламетры будзеце на месцы.

Нягледзячы на стому, ніхто з калег не адмовіўся ад экскурсіі па цэхах шклозавода “Неман” у Бярозаўцы і знаёмства з экспазіцыямі музея прадпрыемства. На нашых вачах у руках сапраўдных майстроў-віртуозаў вогненны камяк ператвараўся ў выраб асаблівай пры­гажосці. Дарэчы, на заводзе сёлета адкрылі новы цэх па вытворчасці шклаваты.
А завяршылася знаёмства з гасцінным краем у замку князя Гедыміна – галоўнай гістарычнай славутасці Лі­ды. Прагулка ля велічных ве­­жаў і муроў, якія дыхаюць даўніной, выклікала асаблівыя пачуцці. Зрэшты, гэта якраз той выпадак, калі лепш адзін раз пабачыць. Самому. На развітанне лідчане запэўнілі, што яны заўжды рады сустрэчы са сваімі суседзямі-шчучынцамі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!