"Куточак сэрцу дарагі". На гэты раз мы накіроўваемся ў Астрынскі сельсавет

І зноў мы ў дарозе. Зноў едзем ў адну з вёсачак нашай Шчучыншчыны, каб сустрэцца з вяскоўцамі, паслухаць расказы пра іх жыццё, даведацца пра гісторыю тых мясцін і проста так пагутарыць з цікавымі людзьмі. А яны, як вядома, абавязкова ёсць у кожнай вёсачцы. 

На гэты раз мы накіроўваемся ў Астрынскі сельсавет. Старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Іванаўна Лебядзевіч параіла наведацца ў Нарашы. Сёння, не лічачы дачнікаў, як называюць вяскоўцы гараджан, якія купілі апусцелыя дамы, там пражывае крыху больш за сорак жыхароў. Праўда, некаторых сталых вяскоўцаў забралі на пабыўку дзеці. Самаму юнаму жыхару Нарашоў – маленькай Ксюшцы Сямашка – усяго годзік, а самай сталай жыхарцы Любові Міхайлаўне Сямашка хутка споўніцца 93! Працуюць у гэтым населеным пункце магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, дзейнічае царква – унікальны помнік архітэктуры. 
Наталля Іванаўна папярэдзіла вяскоўцаў аб маім прыездзе, таму мясцовыя бабулькі ўжо чакалі мяне на лавачцы каля аднаго з дамоў. Адразу не вельмі гаваркія, паступова разгаварыліся, пачалі ўспамінаць сваё юнацтва, расказваць пра дзяцей і ўнукаў… 
Жыццё пражыць – не поле перайсці
– Чаму наша вёсачка так называецца? – задумваецца, каб адказаць на маё пытанне адна са старэйшых жыхарак Нарашоў Ганна Іванаўна Сярко. – Дакладна нам ніхто пра гэта ніколі не расказваў. Але мы лічым, што, напэўна, па прозвішчы таго чалавека, які першым пасяліўся ў гэтых мясцінах. А я жыву тут ужо больш за дзевяноста год. У школу хадзіла ў Нарашах, закончыла пяць класаў, хацела вучыцца далей, але бацькі не дазволілі. Трэба было дапамагаць маці расціць лён, церці яго, прасці і ткаць, каб было з чаго шыць адзенне. Толькі пасля вайны пачалі адкрывацца магазіны, і паступова людзі там куплялі ўсё неабходнае. А я і цяпер вельмі шкадую, што не вучылася далей. 
Няпростае жыццё было ў Ганны Іванаўны. Нарадзілася яна ў суседніх Раганічах. Калі замуж выйшла, самі з мужам свой дом будавалі. У той час на гэтым месцы вёскі не было, яна знаходзілася непадалёку. Паступова пачалі сяліцца тут людзі, і Нарашы “прыраслі” новай маладзёжнай вуліцай, якую і назвалі Камсамольскай. Дом Ганны Іванаўны ўзводзіўся адным з першых. Усё жыццё яна шмат працавала. Калі замуж ішла, бацькі ёй у пасаг далі кароўку і парася. Потым іх хатняя гаспадарка значна павялічылася.
Да гэтых дзён помніць Ганна Іванаўна вайну. У той час была маладою сямнаццацігадоваю дзяўчынаю. Многа моладзі вывезлі фашысты ў Германію, яе выратавала толькі тое, што не падышла па ўзросце – забіралі крыху старэйшых. 
– Усіх хлопцаў перабілі гэтыя нелюдзі, – расказвае Ганна Іванаўна. – Амаль нікога з юнакоў не засталося ў вёсцы, толькі дзяўчаты. Пасля вайны ім і замуж не было за каго ісці. 
Сёння Ганна Іванаўна жыве адна, яе муж даўно пайшоў з жыцця. Яна заўсёды з нецярпеннем чакае сваіх сына і нявестку, а асабліва ўнукаў, іх ў бабулі двое, і чатырох праўнукаў. Яны – самыя дарагія госці ў яе доме.
Няма мілей роднай старонкі
Помніць ваенныя гады і Людміла Аляксандраўна Басько. Яна родам з суседніх Філявічаў, а ў Нарашы таксама замуж выйшла.


– Нас, шасцярых дзяцей, пакуль немцы былі, мама хавала ў яме, дзе бульбу сыпалі, – расказвае жанчына. – Яна баялася, каб з намі што не здарылася. Голадна тады было, холадна, як і выжылі толькі. 
Вучылася Людміла Аляксандраўна ў Філявічскай школе. Закончыла дзесяць класаў і вырашыла паехаць да стрыечнага брата на Кубань. Дзесяць год яна там жыла і працавала. Толькі не хацелася заставацца на чужыне, вырашыла вярнуцца на сваю малую радзіму. Уся жыццёвая навука, якую спасцігла далёка ад дома, ой як спатрэбілася: Людміла Аляксандраўна – гаспадыня адмысловая. Вельмі смачны боршч варыць і піражкі пячы менавіта на Кубані навучылася.
Вярнуўшыся на радзіму, уладкавалася на работу ў калгас. Не толькі працаваць заўзята ўмела Людміла Аляксандраўна, але і адпачываць. Першаю пявунняю на вёсцы слыла. 
– Ой, як мы любілі збірацца ў нашым мясцовым клубе! – успамінае Людміла Аляксандраўна. – І танцавалі, і спявалі. З падворкамі па ўсім раёне ездзілі, а на канцэртах месцы прызавыя займалі. І цяпер я спяваю ў царкоўным хоры. 
Чацвёра ўнукаў і маленькая праўнучка Міланка – вялікая радасць бабулі. Цяпер яны разам з мужам ужо не трымаюць гаспадарку, толькі курэй – сілы не тыя. А вось агародзік садзяць – як жа без летам без шчыпяра з уласнай градкі?! Доўгімі зімовымі вечарамі Людміла Аляксандраўна часам наведваецца да сваіх суседзяў – паштальёна Сашы і яго жонкі Раечкі – як кажа, людзей вельмі шчырых, ветлівых і прыемных, дзе яна можа душой адпачыць. Галоўнае, лічыць яна, зіму паціхеньку перажыць, а там – зноў вясна…
Ствараць прыгажосць сваімі рукамі
У дванаццаць год Яўгенія Рыгораўна Будзько засталася без бацькі. Іх матулі няпроста было адной паднімаць двух дзетак. Працаваць прыходзілася вельмі многа. Замуж Яўгенія Рыгораўна пайшла за мясцовага хлопца. Муж працаваў механізатарам у гаспадарцы. Маладой сям’і не прыходзілася разлічваць на чыюсьці дапамогу – усё нажывалі самі. А як дом будавалі, Яўгенія Рыгораўна, можна сказаць, сваімі рукамі кожную цаглінку перанесла. 
А цяпер і ў доме, і на падворку, усюды – прыгажосць. Дворык дагледжаны, да гэтай пары цвітуць хрызантэмы, вяргіні і іншыя кветкі ў палісадніку. Радуюць вока зялёныя туйкі. 
– Гэта ўсё дачка з зяцем дапамагаюць, – расказвае Яўгенія Рыгораўна. І дэманструе прыгожую альтанку і незвычайную лавачку, змайстраваныя рукамі мужа дачкі. 
А кветкі Яўгенія Рыгораўна вельмі любіць, і насенне сама збірае, сушыць, каб у наступным годзе яе ўтульны домік патанаў у рознакаляровай прыгажосці: любімым унукам будзе прыемна тут адпачываць. 
Сваім анёлам-ахоўнікам
называюць мясцовыя жыхары фельчара Святлану Канстанцінаўну Сасімовіч, якая працуе тут ужо трыццаць чацвёрты год. Кожны дзень яна дабіраецца на работу з Кобраўцаў і вельмі непакоіцца, каб яе пацыенты не засталіся без медыцынскай дапамогі. 
– Пад маёй апекай знаходзяцца жыхары шасці вёсак, – расказвае Святлана Канстанцінаўна. – Пражываюць на маім участку ў пераважнай большасці людзі пажылыя, якім практычна заўсёды патрэбны медыцынскі нагляд. Каму ціск трэба памераць, а каму душэўную рану палячыць – я ведаю кожнага са сваіх пацыентаў. А калі іду па выкліку да сталых людзей, магу заадно і прадукты з магазіна прынесці. 
Святлана Канстанцінаўна і сама ўжо на пенсіі, але не ўяўляе сваё жыццё без любімай работы. Яе трое дзяцей ужо выраслі, цяпер радуюць бабулю ўнукі. А ў яе на ўсё хапае часу: дома – парадак, у кветніку пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі восеньскія вяргіні, а галоўнае – і днём, і ноччу яна гатова прыйсці на дапамогу сваім пацыентам.


Заўсёды помніць свае карані
Ганна Уладзіміраўна Сямашка вырасла ў Нарашах, закончыла школу, і замуж выйшла за мясцовага хлопца-суседа, з якім вучыліся ў адным класе. Пераехалі з мужам у Гродна. Яе бацькоў, на жаль, ужо няма ў жывых, а вось дом, пабудаваны іх рукамі, вокны якога глядзяць на мясцовы храм, не застаўся пакінутым. Яна кожны сезон прыязджае на сваю малую радзіму і жыве ў бацькоўскай сядзібе да глыбокай восені. З задавальненнем адпачываюць у Нарашах і яе ўнукі. 
– Гэты куточак зямлі мне вельмі дарагі, – гаворыць Ганна Уладзіміраўна. – Таму мне хочацца, каб гэта вёсачка жыла, каб захавалася наша ўнікальная царква. Не так даўно мы знайшлі ў храме гістарычныя дакументы, якія ўтрымліваюць цікавыя звесткі, даведаліся адтуль многа новага пра гэтыя мясціны, пра царкву. На жаль, у апошнія гады яна пачала разбурацца, і мы ўсім мірам вырашылі шукаць сродкі, каб захаваць гэты помнік архітэктуры. Не засталіся ў баку ад такой высакароднай справы былы старшыня “АграГЖС” В.Г. Паўлюкевіч, генеральны дырэктар “Гроднажылбуд” А.І. Ушкевіч і мясцовыя жыхары. Храм быў асвечаны ў 1879 годзе, а пабудаваны без адзінага цвіка, толькі з абчэсаных камянёў і раствору цэменту, у які дадаваліся яечныя жаўткі. Мой дзядуля Міхаіл Паўлавіч Лук’яновіч прыслужваў у гэтай царкве. Ён расказваў, што ў гады вайны мясцовыя жыхары, каб захаваць унікальныя іконы з храма, склалі іх у скрыню, перасыпалі пілаваннем і закапалі. Калі немцаў прагналі з нашай зямлі, іконы вярнуліся ў храм. 


Шмат цікавага ведае Ганна Уладзіміраўна. Менавіта дзякуючы ёй, як лічаць мясцовыя жыхары, удаецца даглядаць царку – мясцовую рэліквію. 
…Мы развіталіся з ветлівымі суразмоўцамі. Па дарозе ў Шчучын я, як звычайна, успамінала кожнае слова, прапускаючы праз сябе кожную жыццёвую гісторыю. Колькі людзей – столькі лёсаў. Так хацелася б, каб у кожнага ён быў шчаслівым…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!