Куры англійскія, а яйкі – беларускія

ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” – адзінае прадпрыемства ў рэспубліцы, якое займаецца вырошчваннем кур амерыканскага кроса Хай-Лайн. Сёлета за 10 месяцаў тут вывелі 2,1 мільёна куранят. Валавая вытворчасць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склала 111,1%. Яек атрымана 23 мільёны, з якіх 65% – гэта яйкі першай, адборнай і вышэйшай катэгорый. Не дзіва, што адкрытае акцыянернае таварыства стала пераможцам у абласным спаборніцтве па дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці жывёлагадоўлі і адзначана дыпломам Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.

– Наша птушкафабрыка складаецца з двух аддзяленняў – “Тапілішкі” і “Доўгая”, – гаворыць дырэктар Сяргей Іванавіч Даўгун. – У Тапілішках мы займаемся вытворчасцю харчовага яйка ад прамысловага статка. Тут утрымліваюцца 120 тысяч нясушак, ад якіх штодзень атрымліваем 100 тысяч яек. Сваю прадукцыю рэалізуем па ўсёй краіне.


Куры, развядзеннем якіх займаюцца шчучынскія птушкаводы, – не простыя, а прывезены прама з туманнага Альбіёна. Раз у дзесяць месяцаў прадпрыемства закупляе ў Англіі 37 тысяч галоў маладняку, з якіх 32,5 тысячы – гэта курачкі, а астатнія – пеўні. Каб трапіць на Шчучынскую птушкафабрыку, яны за двое сутак пераадольваюць у спецыяльна абсталяванай для транспарціроўкі птушак машыне 1600 кіламетраў.
– Вытворчы цыкл пачынаецца з племптушкарэпрадуктара першага парадку “Доўгая”, куды завозяцца здаровыя птушаняты, – працягвае С.І. Даўгун. – На рамонтнай пляцоўцы яны ўтрымліваюцца каля 90-100 дзён, а затым мы пераводзім птушак у цэх бацькоўскага статка, які складаецца з двух птушнікаў змяшчальнасцю 32 тысячы галоў кожны. Прыкладна на 140 дзень свайго жыцця куры пачынаюць несці яйкі, але браць іх на інкубацыю можна толькі ва ўзросце 175-180 дзён, калі птушкі саспеюць для гэтага фізічна.
Куры і пеўні тут утрымліваюцца ў памяшканні з мікракліматам у спецыяльных шматузроўневых клетках. Знесеныя нясушкамі яйкі па канвееры трапляюць на яйкасклад. Кармленне птушак таксама механізавана.
– Разам з дзвюма напарніцамі я займаюся сартаваннем інкубацыйных яек, – расказвае птушкавод Ганна Антонаўна Медушэўская. – Мы ўлічваем іх колер, вагу і чысціню шалупайкі, а некандыцыю адразу адбракоўваем. У месяц разам перабіраем прыкладна 550 000 яек.
Усе яны аператыўна дастаўляюцца ў інкубаторый, які знаходзіцца на кіламетровай адлегласці ад племптушкарэпрадуктара. Каб трапіць унутр, нам прыйшлося двойчы пераапрануцца ў спецадзенне і прайсці дэзынфекцыю.


– Мы строга выконваем усе патрабаванні санітарнай бяспекі, каб не занесці ўнутр ніякіх інфекцый і хвароб, – падкрэслівае начальнік цэха інкубацыі Лідзія Пятроўна Чарніцкая. – Усяго тут працуюць 9 аператараў і 4 электрыкі. Апошнія дзяжураць кругласутачна і ўважліва сочаць за вытворчым працэсам. Сам аб’ект засілкаваны па першай катэгорыі: у выпадку абрыву паветранай электралініі ён адразу пераключыцца на запасную. Калі і тая будзе не пад напругай, то аўтаматычна запусціцца аўтаномны дызельны генератар магутнасцю 500 кілават. Такія строгія меры перасцярогі прымяняюцца для таго, каб не дапусціць збояў у рабоце інкубаторыя: нават паўгадзіны прастою могуць абярнуцца катастрофай.
Яно і зразумела! Большасць вытворчых працэсаў у інкубаторыі камп’ютарызавана, кантакт яек і птушанят з чалавечымі рукамі мінімальны.


– Да нас паступаюць інкубацыйныя яйкі, якія мы акуратна складваем у спецыяльныя латкі, разлічаныя на 150 ячэек, – кажа аператар цэха інкубацыі Святлана Браніславаўна Жвірбля. – Запоўненыя латкі ставім у спецыяльныя цялежкі змяшчальнасцю 4800 яек. І такіх цялежак за працоўную змену кожны аператар запакоўвае тры.
Далей яйкі адпраўляюцца ў памяшканне для захоўвання, дзе паступова ахалоджваюцца з 18-20 градусаў да 14 градусаў. Перад транспарціроўкай у інкубацыйную залу ўсе яны праходзяць абавязковую газавую дэзынфекцыю.
– У інкубацыйных камерах падтрымліваецца аптымальная тэмпература і вільготнасць паветра для развіцця эмбрыёнаў, – тлумачыць дзяжурны электраманцёр Віктар Дзмітрыевіч Пужаль. – Яйкі кожныя дзве гадзіны аўтаматычна паварочваюцца, каб забяспечыць раўнамерны нагрэў. І так праходзяць неабходныя 18 дзён. Затым пры дапамозе спецыяльнага вакуумнага стала мы перакладваем яйкі ў выводныя скрыні. Адначасова пры дапамозе аваскопа “прасвечваем” яйкі на наяўнасць прыплоду. Брак адразу адбіраем, а апладатвораныя змяшчаем у выводныя шафы, дзе праз тры дні вылупляюцца птушаняты.
Маладняк па транспарцёры адпраўляецца ў сартавальную залу, дзе ідзе адбор курачак і пеўняў. Звычайна колькасць нясушак складае 48% ад усяго атрыманага прыплоду. Усе яны праходзяць абавязковую вакцынацыю ад хвароб.


– Атрыманы маладняк мы рэалізуем па ўсёй краіне: у Гродна, Віцебск, Бераставіцу, Салігорск, Мядзель і іншыя гарады Беларусі, – зазначае дырэктар ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” С.І. Даўгун. – Перавозім іх сваім транспартам: у кузаве грузавіка ўсталявана відэакамера, падтрымліваецца пэўны мікраклімат, працуе вентыляцыя. Нашы птушаняты здаровыя, і пры належных умовах кожная курачка здольна несці да 320 яек у год. Мы заўсёды ідзём насустрач нашым кліентам і наладжваем вывад маладняку так, каб даставіць яго на прадпрыемства-заказчык днём. Такім чынам птушкаводы могуць адразу накарміць і напаіць маленькіх нясушак.
За 10 месяцаў бягучага года Шчучынская птушкафабрыка атрымала выручку 4,6 мільёна рублёў, што складае 115% да ўзроўню мінулага года. Чысты прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі дасягнуў 119 тысяч рублёў – 198,3% да ўзроўню мінулага года.
– Усіх гэтых высокіх вытворчых паказчыкаў удалося дабіцца дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву, які налічвае 97 чалавек, – перакананы Сяргей Іванавіч. – Бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі начальнік цэха інкубацыі Лідзія Пятроўна Чарніцкая, брыгадзір яйкасклада племптушкарэпрадуктара першага парадку “Доўгая” Зоя Юзэфаўна Семяняка, брыгадзір аддзялення “Тапілішкі” Ганна Станіславаўна Місюк. Плённа працуюць птушніцы Ірына Вікенцьеўна Някрэвіч і Ала Мікалаеўна Бочка, вадзіцелі Вячаслаў Васільевіч Лазовік і Генадзій Іванавіч Варабей, механізатар Васілій Станіслававіч Сінкевіч… І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць! На прадпрыемства прыходзяць і маладыя спецыялісты: сёлета наш калектыў папоўнілі інжынер Аляксандр Віктаравіч Бурдзей і ветурач Кацярына Андрэеўна Бандарук. З такой дружнай камандай можна вырашаць нават самыя складаныя задачы!


Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!