Культурны пласт Галіны Волчак

Па дыпломе жыхарка Шчучына Галіна Волчак – тэатральны рэжысёр. Па знакавым супадзенні менавіта ў дзень нараджэння Шчучынскага раёна паўстагоддзя таму назад яна юнай студэнткай Гродзенскага культпрасветвучылішча прыехала ў наш райцэнтр на паўгадавую пераддыпломную практыку, раным-рана выйшла з аўтобуса з вялікім чамаданам і стала шукаць у прыцемках незнаёмага заснежанага гарадка Дом культуры! Тады нават у праекце не было сённяшняга гмаху РЦКіНТ, а “ачаг культуры” знаходзіўся ў будынку сучаснага гандлёвага комплексу “Паўлінка”. На шчасце, там ужо блішчалі агеньчыкі ў вокнах і былі адамкнутымі дзверы.

Шчучын – культурная сталіца

– Дзяўчынка, а тут працуюць з дзевяці, – патлумачыла прыбіральшчыца. – Ой, а ты, відаць, з дарогі, вунь як вымерзла! Так і быць – праходзь і чакай, каго табе трэба.
Дырэктар Мікалай Іванавіч Краўцоў сустрэў практыкантку прыязна, сам павёў у аддзел культуры да тагачаснага загадчыка Э.У. Петрыка. Менавіта Эдуард Уладзіслававіч, прыглядзеўшыся, на што здольная “новенькая”, якія ў яе цудоўныя арганізатарскія якасці і творчы патэнцыял, прапанаваў стаўку, хоць дыплом Галіна яшчэ не абараніла.
– На працу ўладкавалася ў студзені, а ўжо ў сакавіку мне аб’явілі маю першую ў жыцці афіцыйную падзяку, – узгадвае наша суразмоўца. – Высока ацанілі, як вяла конкурсны марафон мастацкай самадзейнасці раёна. Такія агляды ў той час доўжыліся па тры дні, з’язджаліся таленты з усіх куточкаў Шчучыншчыны, у кожным калгасе – свой хор, безліч вакальных гуртоў, каларытных салістаў… Райцэнтр ператвараўся ў сапраўдную культурную сталіцу. А самадзейнасць “Аўтапровада” і маслазавода ўвогуле ўяўляла асобны пласт.
Працавала пачынаючы рэжысёр з поўнай аддачай: арганізавала драматычны калектыў, ставіла спектаклі для дзяцей і дарослых, а афішу дыпломнай пастаноўкі “Вей, ветрык” па матывах твораў Яна Райніса Г.П. Волчак захоўвае да гэтага часу.
Запомніўся і сумесны з ЗАГСам праект: Галіну Пятроўну запрасілі праводзіць урачыстую рэгістрацыю шлюбаў. Многіх “сваіх маладажонаў” яна памятае і сёння, дый “пажонгныя” супружныя пары, якім калісь зычыла шчасця тым адметным аксамітным голасам, зараз пры сустрэчы вітаюцца з Г.П. Волчак з асаблівай цеплынёй. Відаць, усё пажаданае ад душы, збылося.

А кажуць, што жаночай дружбы не бывае…

У Шчучыне ў маладой, прыгожай і надзвычай добразычлівай дзяўчыны адразу з’явілася многа сяброў. Асабліва здружылася Галіна з метадыстам РДК Данутай Слапік (цяпер Д.К. Яхімчык).
– Мы разам выязджалі ў вёскі, дзе працавалі з кадрамі, кансультавалі, вучылі, бо клубы тады ўзначальвалі людзі без спецыяльнай адукацыі. Першым прафесіяналам, які прыбыў на сяло, – у Навадворскі Дом культуры – была Г.А. Дубініна, – узгадвае Г.П. Волчак. – А з Данай мы заўжды былі аднадумцамі, нават сталі спяваць дуэтам, потым гулялі адна ў другой на вяселлі. Дарэчы, мая сяброўка выйшла замуж за вядомага на Шчучыншчыне фотакарэспандэнта Сцяпана Яхімчыка. Гэта сям’я і зараз мяне падтрымлівае ў самыя складаныя моманты жыцця.
Галіна Пятроўна таксама сустрэла ў Шчучыне сваю палавінку, а ў хуткім часе паехала з мужам-вайскоўцам ды маленькай дачушкай у Германію, дзе ў ваенным гарнізоне ўдзельнічала ў канцэртах, паэтычных вечарах, спектаклях.
– Якім бы насычаным не здавалася жыццё ў нямецкім Вярнойхене і Берліне (у сталіцу ГДР мы пастаянна ездзілі на выхадныя), я дужа сумавала па Беларусі, трымала сувязь з маімі дарагімі калегамі па РДК і калі, нарэшце, вярнулася ў Шчучын, тут зноў знайшлося для мяне працоўнае месца, – гаворыць Галіна Пятроўна. – Работа настолькі захоплівала, настолькі была цікавай, што я “пераманіла” і сваю сяброўку-аднакурсніцу Рэгіну Журун. Потым яна стала жонкай загадчыка аддзела культуры райвыканкама Аляксандра Барысевіча, дарэчы, выпускніка тэатральнага інстытута, які пачынаў на Шчучыншчыне як кіраўнік драматычнага калектыву Астрынскага ГДК, бліскуча паставіў “Трыбунал” А. Макаёнка, пасля чаго тэатру было прысвоена званне “народны”.

Пра “Пунсовыя ветразі” і крэатыўныя ідэі маладых

У 80-я гады надзвычай папулярнымі былі пасяджэнні гарадскога клуба старшакласнікаў “Пунсовыя ветразі”. Гэты праект, які так згуртоўваў рабят і раскрываў іх творчыя здольнасці, задумала і рэалізоўвала Г.П. Волчак.
– Там я прыкмеціла неардынарныя здольнасці Лены Богдан: яна стала старшынёй клуба і маім найпершым памочнікам, – гаворыць Галіна Пятроўна. – Потым, калі я ўжо ўзначальвала РДК, запрасіла дзяўчыну на працу і не памылілася ў яе ініцыятыўнасці і глыбіні. Сёння Алену Іванаўну Куканаву (а гэта і ёсць колішні лідар “Пунсовых ветразей”) ведаюць у раёне як творчую асобу і адказнага кіраўніка аднаго з аддзелаў райвыканкама.
Галіне Пятроўне Волчак пасаду дырэктара Шчучынскага РДК у 1984 годзе прапанавала тагачасны намеснік старшыні райвыканкама А.В. Ільчакова – чалавек, які сэрцам хварэў за сацыяльную сферу, за росквіт культуры ў раёне.
– І сапраўды гэтыя гады вызначаліся нейкім асаблівым творчым пад’ёмам, – лічыць Г.П. Волчак. – Падабраўся крэатыўны калектыў, прыйшлі маладыя, таленавітыя спецыялісты. Валянціна Бахорына, Таццяна Новік, Алена Ушкар, Таццяна Чашэйка, Яна Міраненка, Дзмітрый і Генадзь Пановы – гэта проста ўніверсальныя ў прафесійным плане людзі! У кожнага – свае ідэі і праекты. Алена Ушкар прыдумала “Старцінэйджэр”, Яна Міраненка ўпершыню ў нашым раёне арганізавала конкурсы “Міс Дзюймовачка” і “Міс Шчучын”.
А як цікава праходзілі тэатралізаваныя “Провады Зімы”! Працуючы над канцэпцыяй гэтых свят я, здаецца, усе народныя казкі перачытала.
Да 100-годдзя Купалы і Коласа мы з калектывам такое “Купалле” арганізавалі, што ў тэатральную пляцоўку ператварыўся літаральна ўвесь горад, па возеры плавалі платы з героямі дзейства, маштаб размаху ўражваў! На той час гэта было навацыяй. Нездарма мы сталі лаўрэатамі Усесаюзнага конкурсу па адраджэнні народнай спадчыны.
Г.П. Волчак на працягу дзесяцігоддзя ўзначальвала раённы Дом культуры, і гэта былі вельмі плённыя гады, калі ствараліся такія знакавыя калектывы, як хор польскай песні “Промень”, ансамбль беларускай песні “Медуніцы”, хор ветэранаў, ля вытокаў якога стаяў франтавік В.П. Нікульшын і выдатны педагог Т.Г. Шулюпіна. Дарэчы, нягледзячы на пасаду кіраўніка, Галіна Пятроўна адкладвала “на потым” дакументальную работу і разам з усімі спяшалася на рэпетыцыю, бо, па яе ж прызнанні, немагчыма было ўседзець у кабінеце, калі ліліся такія неверагодна прыгожыя народныя песні і пад стаць ім дзівосныя галасы землякоў. Яна і сёння спявае ў хоры.
Потым, калі быў узведзены новы будынак раённага Дома культуры, жанчына палічыла за лепшае адысці ад кіраўніцтва і больш звярнуць свае сілы ў мастацкае рэчышча. Яна займала пасады намесніка дырэктара РДК, мастацкага кіраўніка. Зараз Г.П. Волчак хоць і лічыцца на заслужаным адпачынку, аднак застаецца ў рабочым страі. Яе вопыт і талент па-ранейшаму запатрабаваны.
– Для мяне гэта больш, чым праца, бо гэта маё жыццё, – за шчырым прызнаннем Галіны Пятроўны стаіць цэлае паўстагоддзе яе адданага служэння на ніве культуры Шчучыншчыны.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!