Крымінальны вышук – гэта праца ў камандзе

Антон Мікалаевіч Кавалеўскі прысвяціў шчучынскай міліцыі амаль 30 гадоў свайго жыцця, 20 з якіх – крымінальнаму вышуку. Толькі з добрай камандай можна раскрываць і прадухіляць злачынствы, стаяць на варце спакою землякоў, ахоўваць правапарадак. У былога начальніка аддзялення крымінальнага вышуку такая каманда была. Сёння ён з цеплынёй успамінае тых, хто самааддана працаваў побач.

Антон Мікалаевіч родам са Шчучыншчыны. У свой час скончыў Жыровіцкі тэхнікум, працаваў кіроўцам. Пасля арміі старшы сяржант усур’ёз задумаўся над зменай прафесіі. Так, у 1981 годзе ў працоўнай кнізе нашага героя з’явіўся новы запіс “Старшы інспектар дарожна-патрульнай службы”. Правы кіроўцы таксама прыйшліся дарэчы, вось толькі з чатырох колаў прыйшлося перасесці на два – усё больш даводзілася ездзіць на матацыкле. У 1984 годзе Антон Мікалаевіч стаў камандзірам мотаўзвода. У хуткім часе малады спецыяліст скончыў Мінскую школу міліцыі.

Давялося несці службу і ў Чарнобыльскай зоне. Калі кіраўніцтва РАУС прапанавала А.М. Кавалеўскаму ў 1989 годзе перайсці працаваць у аддзяленне крымінальнага вышуку, якое заўсёды лічылася элітным падраздзяленнем міліцыі, Антон Мікалаевіч згадзіўся.

– А як Вы лічыце, “опер” павінен валодаць вызначаным наборам якасцей?

– Галоўнае быць чалавекам, – перакананы мой суразмоўца. – Толькі трэба быць крыху больш за астатніх працавітым, адказным, псіхічна і фізічна вынослівым.

Наш суразмоўца такім і быў.

 – Аднойчы начальнік міліцыі І.С. Сяргей выклікаў у кабінет увесь калектыў аддзялення крымінальнага вышуку, каб паведаміць, што час выбраць новага кіраўніка, – успамінае Антон Мікалаевіч. – Іван Сцяпанавіч даў кожнаму права голасу: прапанаваў пакласці ў яго фуражку лісток паперы, на якім напісаць адно імя (было два кандыдаты). Калегі аказалі мне ў той дзень вялікі давер.

Так Антон Мікалаевіч Кавалеўскі стаў начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку і прыкладваў усе намаганні для таго, каб апраўдаць давер калег і кіраўніцтва. Час змены эпох прынёс Антону Мікалаевічу і яго камандзе шмат цяжкасцей: давялося працаваць над раскрыццём цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, групавых злачынстваў.

– Памятаю, як мы працавалі над раскрыццём забойства жанчыны, – успамінае мой суразмоўца. – У пошуку забойцы давялося нават у Омск ляцець. Увогуле ў нас былі частыя камандзіроўкі. Шчасце, што калегі тых аддзяленняў, куды мы прыязджалі, заўсёды дапамагалі, як маглі. Мы таксама ішлі насустрач калегам з іншых падраздзяленняў міліцыі. Толькі аб’яднаўшы сілы, можна раскрыць нават самае складанае злачынства.

Хапала і кур’ёзных выпадкаў. Напрыклад, аднойчы раскрыць злачынства дапамаглі… дзеці. Каля в. Забор’е браканьеры забілі лася. Аператыўнікі пацікавіліся ў вясковых дзяцей, ці не бачылі часам чужой машыны. Малыя адказалі, што бачылі, аднак нумарны знак назваць не змаглі.

– А якія прыкметы можа былі? – спытаў А.М. Кавалеўскі.

 – Былі! На машыне было напісана 44 адняць 62! Вось дык прыклад! Мы цэлы адзень аднімаем і адняць не можам!

Вось так, дзякуючы гэтаму аператыўнікі змаглі знайсці зламыснікаў.

А яшчэ быў выпадак, калі злодзей забраўся у магазін, выпіў бутэльку віна і … заснуў на месцы злачынства. Там бедачыну і сустрэла міліцыя.

Яшчэ аднаго злачынцу знайшлі па пашпарце…які ён згубіў, калі краў чужыя аўтамабільныя колы…

Трапляліся і вельмі хітрыя парушальнікі закону. Так, адзін умудрыўся ажно пяць разоў прадаць адну і тую ж помпу! Ён прадаваў яе, дапамагаў устанавіць, а затым… краў і зноў прадаваў іншым людзям. Аднак і гэтая нітачка не доўга вілася.

 У любы час дня ці ночы аператыўнікі былі гатовы тэрмінова прыбыць на месца злачынства. Калектыў аддзялення крымінальнага вышуку спраўляўся з усімі задачамі паспяхова. Побач працавалі кампетэнтныя, адданыя сваёй справе людзі – К.С. Кажухоўскі, В.Е. Антановіч, Ч.І. Вайцяховіч, І.М. Саук. Папоўніла рады аператыўнікаў моладзь – Андрэй Якусік, Святаслаў Каспер, Уладзімір Васько, Павел Кузняцоў, Віталій Кавальчук і іншыя.

Антон Мікалаевіч у хуткім часе стаў першым намеснікам начальніка Шчучынскага РАУС, аднак заўсёды яго дзейнасць так ці інакш была звязана з работай аддзялення крымінальнага вышуку. Ён і цяпер падтрымлівае сяброўскія зносіны з былымі калегамі.

Пакуль муж аберагаў спакой грамадзян, сямейны ачаг беражліва захоўвала жонка – Святлана Ігараўна. Яна заўсёды з разуменнем ставілася да вечнай занятасці на працы мужа і разам з дачушкамі цярпліва чакала свайго героя дадому.

Бацькоўскі прыклад стаў лепшым для пераймання, таму дзве дачкі носяць пагоны на жаночых плячах. Старэйшая – Святлана – працуе ў Гродзенскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, яе муж – Аляксей Баярын – у ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, малодшая – Таццяна – у аддзяленні крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС, муж Таццяны – Уладзімір Васько – зараз працуе начальнікам АБЭЗ. Вось так атрымалася, што заўсёды з нашым суразмоўцам побач – людзі, якія цэняць зоркі на пагонах.

Да стогадовага юбілею крымінальны вышук падыходзіць з добрымі вынікамі: у аператыўнікаў ёсць веды, дасягненні навукі, тэхнікі, падтрымка людзей і вопытныя старэйшыя калегі, якія заўсёды гатовы даць добрую параду.

У мінулым засталіся расследаванні злачынстваў і пошук прапаўшых без вестак людзей, бяссонныя дні і ночы, дзяжурствы, вучэнні, камандзіроўкі... Сёння Антон Мікалаевіч – ветэран органаў унутраных спраў. Без работы не застаецца – працуе галоўным дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду раёна-начальнікам раённай інспекцыі.

На пытанне, якую прафесію абраў бы, калі б была магчымасць вярнуць час, Антон Мікалаевіч адказаў шчыра: нічога ў жыцці не мяняў бы, бо людзі, якія прыйшлі працаваць у крымінальны вышук, упэўнены ў сваім выбары.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!