Крылатая памяць. Прафсаюзы аб’явілі для журналістаў конкурс на лепшы матэрыял пра бамбардзіроўшчык Іл-2

Набліжаецца знакавая дата – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойна сустрэць яе рыхтуецца ўся Беларусь. У краіне ўшаноўваюць ветэранаў, увекавечваюць памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, наводзіцца парадак ля памятных месцаў і мемарыялаў, рыхтуюцца святочныя мерапрыемствы. Гэтыя клопаты аб’ядноўваюць органы ўлады, грамадскія арганізацыі, насельніцтва. Не застаюцца ў баку і прафсаюзы.

 На нядаўнім семінары для кіраўнікоў раённых аб’яднанняў прафсаюзаў і прафактыву, які займаецца інфармацыйнай работах на месцах, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда падзяліўся цікавымі планамі: напярэдадні юбілейнай даты і Дня Незалежнасці па ініцыятыве ФПБ ля падножжа Кургана Славы будзе ўстаноўлены на пастамент легендарны штурмавік Іл-2, як яго яшчэ называлі, “лятаючы танк”. І гэта будзе самая што ні на ёсць баявая машына, якую адшукалі на месцы баёў і цяпер адняўляюць. Дарэчы, кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у добрую справу: на рэалізацыю задумы аб’яўлены дабрачынны збор сродкаў.
У рамках гэтай падзеі ад ФПБ ёсць прапанова і для журналістаў рэгіянальных СМІ – прыняць удзел у конкурсе на лепшы матэрыял аб гэтым самалёце, які лічыцца крылатай легендай Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі “Дзянніцы” заахвоціліся паўдзельнічаць у творчым саперніцтве. Але паколькі тэма конкурсу асаблівая, нам патрэбна інфармацыйная падтрымка жыхароў Шчучына і раёна. Найперш звяртаемся да былых лётчыкаў і тэхнікаў аэрадромаў, якія жывуць у нашым горадзе. Магчыма, хтосьці з гэтых людзей паходзіць з дынастыі авіятараў, а іх бацькі ці дзеды падчас вайны ваявалі менавіта на легендарным штурмавіку Іл-2. Магчыма, нехта сам служыў разам з адважнымі лётчыкамі – удзельнікамі Вялікай Айчыннай – і чуў ад іх цікавыя аповеды пра ўдзел Іл-2 у баявых аперацыях, у тым ліку пры вызваленні Беларусі. Падзяліцеся, калі ласка, з намі гэтымі гісторыямі. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.