Кожная пагодлівая хвіліна – на вагу золата

Гаспадаркі Шчучыншчыны прыступілі да масавай уборкі зерневых і зернебабовых культур, але няўстойлівае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў планы аграрыяў. Не стала выключэннем і ААТ “Дэмбрава”, дзе з-за частых дажджоў хлебаробы не могуць задзейнічаць тэхніку на жніве на поўную магутнасць. Таму тут выкарыстоўваюць кожную пагодную хвіліну, каб своечасова ўбраць ураджай.

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Багданы, дэмбраўскія аграрыі заканчвалі тут абмалочваць азімы рапс. Да зернеўборачных камбайнаў перыядычна пад’язджалі магутныя МАЗы, каб разгрузіць перапоўненыя бункеры і адвезці намалочанае насенне на зернесушыльны комплекс на дапрацоўку.

– Выязджаю ў поле яшчэ на досвітку, а вяртаюся дадому толькі калі сонца хаваецца за гарызонт, – дзеліцца вопытны камбайнер Валерый Раманавіч Вейка. – Калі надвор’е спрыяе, то за працоўную змену абмалочваю да 30 гектараў. Аднак частыя дажджы, якія “накрылі” наш раён на бягучым тыдні, запавольваюць уборку: даводзіцца спыняць камбайн і чакаць, пакуль пасевы абсохнуць. Як толькі сонца выглядвае з-за хмар – праца пачынаецца з падвоенай сілай: усе разумеюць, што на жніве кожная пагодлівая хвіліна на вагу золата, таму выкладваюцца па поўнай.

Кад давесці абмалочанае насенне да кандыцыі, яго аператыўна дастаўляюць на зернесушыльны комплекс, які працуе кругласутачна. Тут рапс прасушваюць, пакуль утрыманне вільгаці ў ім не складзе 6-7%.

– Мы абмалацілі 541 гектар азімага рапсу, што складае 77% да плана, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Ураджайнасць радуе: атрымліваем звыш 38 цэнтнераў зерня з кожнага гектара. Таксама ўбіраем азімую пшаніцу і трыцікале. Паралельна ўзяліся за яравыя зерневыя, пасевы якіх у гаспадарцы займаюць 955 гектараў. Штодзень у полі працуюць 12 зернеўборачных камбайнаў, на адвозцы задзейнічана 10 адзінак грузавой тэхнікі. Агульны намалот ужо перавысіў 1,5 тысячы тон зерня новага ўраджаю.

Усяго, па даных на раніцу 19 ліпеня, у гаспадарках Шчучыншчыны ўбрана 2805 гектараў зерневых і зернебабовых культур, што складае 12% да плана. Намалочана 10911 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 38,9 цэнтнера з гектара.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!