Колькі можна зарабіць за грыбны сезон і навошта “танцаваць” у лесе?

Гэтымі і іншымі сакрэтамі ціхага палявання падзяліліся жыхары вёскі Бершты

Берштаўскі край заўсёды называлі грыбным ды ягадным. У мінулым годзе апошнія грыбы тут збіралі… 1 снежня! Можа таму, на ціхае паляванне сюды з’язджаюцца грыбнікі з усяго раёна. Сама вёска замірае, бо яе жыхары ўсе, як адзін, спяшаюцца ў лес. Нядзіўна: на ягадах і грыбах можна зарабіць неблагія грошы. Аднак ці кожнаму ўдаецца вярнуцца з ціхага палявання з поўным кошыкам? 


Суботнім ранкам накіраваўся ў Бершты, каб пагутарыць з заядлымі мясцовымі грыбнікамі. Старасту Берштаў - Аляксандра Аляксандравіча Васілевіча -- сустрэў на ўскрайку лесу. Ён якраз вяртаўся з лісічкамі. 
- Будзе кіль тры, - падважыўшы рукой кошык, прыкінуў вопытны грыбнік. - Зараз сезон лісічак, таму за адзін заход можна набраць 5-6 кілаграмаў. За сезон можна зарабіць больш за 3 тысячы беларускіх рублёў. Неблагое падспор’е да пенсіі. Ды і тым, хто працуе, лішнім рубель не будзе. Лес у нас - 700 метраў ад вёскі, таму грэх не скарыстацца магчымасцю падзарабіць. Я езджу па грыбы на скутары, болей 4 гадзін не хаджу. Часам на адным месцы некалькі кіль лісічак магу набраць. 


Да нашай размовы хутка далучыліся брат з сястрою -- Аляксандр і Алеся Боцька, выйшлі з лесу таксама не з пустымі рукамі.
- Збіраць грыбы нас некалі мама навучыла, - раскрываюць карты вяскоўцы. – Яна паказала грыбныя месцы, патлумачыла, як зразумець, дзе растуць тыя ці іншыя грыбы. Таму за дзень кожны з нас можа назбіраць па 6 кілаграмаў дароў лесу. На ціхае паляванне ідзём рана. У 5.30  мы ўжо ў лесе. Лісічкі здаём мясцовым нарыхтоўшчыкам. Кошт за кілаграм – 5 рублёў. Зараз усе, хто хочуць зарабіць, ідуць у лес: хто па грыбы, хто па ягады. Хутка пачнецца сезон баравікоў і журавінаў.
Як аказалася, “белыя” тут у цане. Аднак лепш прадаваць не свежыя грыбы, а сушаныя. Кілаграм тавару – 200 рублёў. Праўда, каб пакласці такія грошы ў кішэню, трэба набраць каля 10 кілаграмаў свежых баравікоў.
 - Не ведаючы лесу, знайсці шмат грыбоў немагчыма, - перабіў мае падлікі Сан Саныч. – Гарадскія часам сустракаюць нас, мясцовых,  з поўнымі кошыкамі і дзівяцца, маўляў, дзе ж вы іх набіраеце?! У мінулым годзе я за раз 400 “белых” знайшоў! Можа таму фарціць, што з дзяцінства прывучаны да ціхага палявання. Рос разам з лесам, дасканала ведаю тутэйшыя мясціны, кожную сцежачку і месцы, дзе растуць грыбы. 
 - А ці ёсць якія прыкметы асаблівыя ці забабоны ў грыбнікоў? 
- Канечне! Асабліва калі па “белыя” ідзеш. Калі знаходзіш першы грыб, трэба тройчы папляваць, а затым пацалаваць шляпку грыба, пагутарыць з ім, пахваліць, пацікавіцца, дзе яго браты. А яшчэ трэба “патанцаваць” на тым месцы, дзе знайшоў грыб, - пахадзіць вакол, зразумець, як расце грыбніца. Звычайна, дзе адзін белы, там і астатнія. 
 Галоўнае -- падчас такіх даследаванняў мясцовасці не страціць арыенцір і не згубіцца ў лесе. А выпадкаў такіх дастаткова. Нават вопытныя грыбнікі часам сыходзяць на памылковую сцяжынку.  
- Мы ў асноўным на былым палігоне грыбы збіраем, - успамінае выпадак з жыцця Аляксандр Боцька. - Аднойчы вяртаўся дадому. Сустрэў у лесе суседку, прывітаўся. Яна пацікавілася, куды іду. А пачуўшы, што ў Бершты – рассмяялася. Аказалася, што я крочыў у супрацьлеглым накірунку. Невядома чым бы скончылася мая лясная гісторыя, каб не гэта выпадковая сустрэча.
Выратоўваць гора-грыбніка давялося і Сан Санычу.
- Сустрэлася мне  аднойчы на ўскрайку лесу маладзіца, праз слёзы спытала: “Падкажыце, на Бершты як дарогу знайсці?” Я здзівіўся, бо да дарогі не болей  20 метраў было, аднак накірунак паказаў. Праз 10 хвілін зноў мая новая знаёмая з’явілася, маўляў, убачыла адзін грыб, другі і заблудзіла. Паказаў дарогу дадому. Якім было маё здзіўленне, калі праз хвілін 20 зноў яна з’явілася! Я ўжо не стрымаўся, кажу: “Вы што, жанчына, улюбіліся ў мяне, ці што?” Слёзы прасохлі, а мне прыйшлося ўзяць яе за руку  і да дарогі падвесці. Блукаюць у асноўным прыезджыя. А мы лес добра ведаем. Раней хадзілі пешшу ажно ў Літву па грыбы. Лясы там добрыя, багатыя.  Але і свае беларускія не горшыя!
Мясцовыя жыхары яшчэ доўга расказвалі свае гісторыі, дзяліліся грыбнымі сакрэтамі. Зразумела адно: калі няма грыбоў ды ягад – і руху ў Берштах няма. Цяпер усё па-іншаму. Сюды спяшаюцца людзі і з вёсак, і з гарадоў. Для сябе зрабіў выснову: калі “набіў” вока, зразумеў, пад якімі дрэвамі і ў якіх мясцінах могуць расці грыбы, – з пустым кошыкам з лесу не вернешся. Пагаворваюць, што ў мінулым годзе мясцовы жыхар набраў у берштаўскім лесе цэлы багажнік “белых”! А вы гатовы пабіць такі рэкорд? 
Сяргей Каспярчук.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!