Кантрабанда. Хабар. Прыгавор

Не сакрэт, што асобныя жыхары прыгранічных рэгіёнаў не супраць зарабляць на жыццё… кантрабандай. “Бізнес” гэты часцей за ўсё цыгарэтны. Яго памер – ад некалькіх пачкаў, замацаваных пад адзеннем, да вялікіх партый, перамяшчэнне якіх арганізавана праз лясныя масівы, рэчкі ды балоты. Ёсць і “спецыялісты”, якія налаўчыліся ездзіць з такім грузам праз афіцыйныя пункты пропуску.

 

Вось і жыхар аднаго з аграгарадкоў нашага раёна зарэгістраваўся ў доме жыхара памежнай вёсачкі, каб праз пункт спрошчанага пропуску мець магчымасць зноў жа ў спрошчаным парадку перасякаць мяжу з Літвой. З якім багажом ён гэта рабіў? Устаноўлены факт: аднойчы ваеннаслужачыя, атрымаўшы інфармацыю ад памежнага боку, правялі дагляд яго «Мерседэса» і ў рухавіку знайшлі тайнік з тытунёвай прадукцыяй. Пакуль супрацоўнікі мытні афармлялі дакументы ў ходзе вядзення адміністрацыйнага працэсу, уладальнік транспартнага сродку… Не, не стаяў з апушчанай галавой і не разважаў пра наступствы сітуацыі. Мужчына вырашыў наладзіць масты з людзьмі ў зялёных фуражках.

 

Аб’ектам для гэтага быў выбраны афіцэр-пагранічнік, які валодаў інфармацыяй аб расстаноўцы пагранічных нарадаў, меў права на спецыяльны дагляд транспартных сродкаў і іншыя сур’ёзныя паўнамоцтвы. Яго кантрабандыст і стаў абходжваць: быццам незнарок пачаў расказваць пра выгадную «работу»,

 

«адпрацаваную схему» і г.д. Адным словам, рабіў намёк на супрацьпраўную дзейнасць – незаконнае перамяшчэнне праз граніцу тытунёвай прадукцыі. Пагранічнік зразумеў: хоча, каб ён як службовая асоба вайсковай часці аказваў яму ў гэтым садзеянне. Напрыканцы размовы мужчына папрасіў нумар тэлефона афіцэра. Той даў, разумеючы, што выпадае шанц выкрыць правапарушальніка са «стажам». І ў гэты ж дзень далажыў рапартам камандаванню пра размову, пасля чаго атрымаў указанні, як дзейнічаць пры новай спробе наладзіць кантакт. Вывесці кантрабандыста на чыстую ваду вырашылі ў рамках аператыўных мерапрыемстваў.

 

Прайшло няшмат часу, і новы знаёмы даслаў афіцэру СМС з просьбай сустрэцца. Цяпер ужо мужчына прама загаварыў аб тым, што яму патрэбны інфармацыя аб расстаноўцы пагранічных нарадаў, «дах» у выніку няштатнай сітуацыі, ключы ад шлагбаумаў, якія вядуць да лініі граніцы… «Ты пакрыўджаны не будзеш», – запэўніў ён пагранічніка. Як потым высветлілася, гатоў быў плаціць па 10 долараў ЗША за кожную каробку, перамешчаную праз мяжу па-за пунктамі мытнага афармлення.

 

З таго моманту пагранічнікі і праваахоўнікі павялі з гэтым чалавекам сваю «гульню». Не будзем раскрываць падрабязнасці, скажам толькі, што аднойчы кантрабандыст атрымаў ад вартавых рубяжоў краіны доказ «лаяльнасці»  і «зялёнай вуліцы» для справы, якой ён у суполцы з такімі ж парушальнікамі займаўся. Задаволены, паспяшаўся разлічыцца за аказаную «паслугу». Факт перадачы хабару і стаў аб’ектам разгляду ў ходзе судовага пасяджэння. Суд прыгаварыў гэтага грамадзяніна прызнаць вінаватым у дачы хабару і на падставе ч.1 арт. 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыць пакаранне – адзін год шэсць месяцаў абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

 

Дзмітрый ГАЙДУКЕВІЧ,
намеснік пракурора раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!