Камунальнікі “пыласосяць” вуліцы

Зіма не за гарамі, і дрэвы ўжо скінулі сваю пажаўцелую лістоту, заслаўшы наваколле залатым дываном. Для камунальнікаў гэта не праблема: у іх на ўзбраенні ёсць самаходны “пыласос”, пры дапамозе якога яны наводзяць парадак на гарадскіх вуліцах.

 

На цуда-тэхніцы працуе вадзіцель Вадзім Юр’евіч Канюк з напарнікам Юрыем Аляксандравічам Шмідтам.

 

– Раней даводзілася загружаць кучы лісця ў кузаў грузавога аўтамабіля ўручную, што аднімала шмат часу і сіл, – гаворыць работнік РУП ЖКГ Юрый Аляксандравіч Шмідт. – Цяпер жа ўвесь працэс нагадвае ўборку ў доме: я хаджу і “пыласошу” траву пад дрэвамі. Асабліва эфектыўна рабіць гэта, калі лісце сухое. Тады парадак наводзіцца вельмі хутка!

 

 

– Канструкцыя “пыласоса” даволі простая, – далучаецца да гутаркі вадзіцель Вадзім Юр’евіч Канюк. – На трактары “Беларус-320.4” усталяваны вал адбора магутнасці – вузел, які перадае вярчальны момант ад рухавіка на крыльчатку вентылятара. Той праз спецыяльны рукаў засасвае лісце і высыпае яго ў трохтонны прычэп, накрыты тэнтам. Дзякуючы малым габарытам тэхнікі мы можам дабрацца ў любы куточак і аператыўна прыбраць там. Усё для таго, каб наш горад заставаўся чыстым і ўтульным!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!