Камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня!

Менавіта гэтая крылатая фраза з савецкай кінакамедыі “Каўказская палонніца”, якую агучыў таварыш Саахаў, вельмі падыходзіць да нашай гераіні – Алены Іосіфаўны Бекіш. 

 Камсамольскі значок на лацкане пінжака, які як дарагую рэліквію на працягу многіх гадоў беражліва захоўвае Алена Іосіфаўна, адразу дае зразумець, што перад намі чалавек неабыякавы. Наша камсамолка-прыгажуня ў свой час займалася спортам, прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны і была вернай бясспрэчным запаветам камсамолу. 
Быць камсамольцам -- вельмі прэстыжна, аднак не кожны мог насіць гэта ганаровае званне, якое да таго ж накладвала вялікую адказнасць. 


Алена Мікановіч (дзявочае прозвішча нашай гераіні) была вельмі дысцыплінаванай, адукаванай і адказнай дзяўчынай. Камсамольскі білет школьніца атрымала ў 1976 годзе. З радасцю ўдзельнічала дзяўчына ва ўсіх мерапрыемствах. Выпускніцы СШ №1 г. Шчучына пашчасціла вучыцца ажно ў Ленінградскім політэхнічным інстытуце. Няхай і мінула з таго часу шмат гадоў, аднак яна з цеплынёй успамінае свае студэнцкія гады. 
 -- Усе самыя значныя мерапрыемствы праходзілі пры нашым непасрэдным удзеле. Мне нават пашчасціла прыняць удзел у адным са з’ездаў УЛКСМ. Да таго ж была заўсёднікам лекцый і сходаў, -- гаворыць Алена Іосіфаўна. – А яшчэ мы былі вельмі дружнымі. Дапамагалі адзін другому і дзяліліся ўсім. У Ленінградскім політэхнічным вучылася моладзь з усяго Савецкага Саюза. Калі камусьці прыходзіла пасылка ад бацькоў, мы вялікай кампаніяй ішлі на пошту па яе, а затым смакавалі гасцінцы за адным сталом. Стыпендыі не хапала, таму мы браліся за любую працу. Я, напрыклад, працавала ў пральні, у цэху па вытворчасці марожанага, была вартаўніком  у кінатэатры і нават паштальёнам. Аднак увесь гэты вопыт не заменіць Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю!


Разглядаю здымкі і публікацыі ў газетах мінулых гадоў, дзе на першым плане – наша гераіня, разумею, што для яе гэта не проста словы. Будоўля  аб’яднала тысячы маладых людзей з усяго Савецкага Саюза. Рукамі камсамольцаў будаваліся многія аб’екты. Школу студэнцкіх будаўнічых атрадаў прайшлі тысячы чалавек, Алена Іосіфаўна ў тым ліку. Яна ўспамінае, што іх, маладых, не палохалі ні цяжкасці, ні бытавая неўладкаванасць. Жылі ў бараках, працавалі і ў спякоту, і ў дождж. Байцы студатрадаў разумелі, што іх праца – уклад у агульную справу, таму на жыццё не скардзіліся. 


Тройчы працавала наша гераіня ў будатрадах. Яркае пацверджанне таму – значкі і цікавыя расказы. Больш за ўсё спадабаўся Алене Іосіфаўне будатрад “Ладага”.
-- Будатрад – месца, дзе няма моцных і слабых, хмурых і сумных, дзе самы лепшы дзень – сёння, -- успамінае той час камсамолка. -- “Ладага” – гэта не проста будатрад, а сапраўдная легенда. Каб трапіць туды, трэба было прайсці адбор. Добра нам жылося і працавалася. У нас нават свой лозунг быў. Звычайна кажуць: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, а мы гаварылі:” Мы – як адзін!” 


Працаваць было вельмі цікава, а адпачываць яшчэ цікавей! Напрыклад, у ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня мы адзначалі… Новы год! Студэнцкая сталоўка ператваралася ў кафэ “Поўнач”. Шампанскае мы замянялі на таматны сок,  а вось усё астатняе было па-сапраўднаму: і ёлка, і падарункі, і пажаданні. А 3 жніўня хлопцы рыхтавалі для дзяўчат… 8 Сакавіка! Уявіце сабе, замест будзільніка нас будзіў гук гітары. Былі кветкі, віншаванні, а вечарам – цудоўны канцэрт і святочны стол. Вось такі ў нас, ладагаўцаў, быў свой асабісты каляндар. 
Той, хто трапляў у атрад, разумеў, што ёсць другое  жыццё, і яно -- цудоўнае. У атрадзе жылі не толькі сваімі радасцямі і бедамі, але думкамі пра другіх.  Калі табе цяжка – не трэба было нават прасіць дапамогі, яна прыходзіла сама.  Вось дзе нараджаліся сапраўднае сяброўства і пачуцці на ўсё жыццё! 
Аднак сваё каханне наша гераіня знайшла не ў Ленінградзе, а ў сваім родным Шчучыне. Разам Алена Іосіфаўна і Мікалай Фёдаравіч выхавалі дваіх дзяцей. Сын Анатоль і дачка Таццяна заўсёды спяшаюцца ў роднае гняздзечка, створанае пяшчотнымі рукамі клапатлівых бацькоў. Чуваць у доме і дзіцячы смех – частая госця  ўнучка Аліса. 


Алена Іосіфаўна Бекіш і сёння не губляе аптымізму і бадзёрасці. Разам з мужам яны шмат вандруюць. Да таго ж Алена Іосіфаўна займаецца кветкамі і агародам. Шчучынскаму заводу “Аўтапровад” --  наша гераіня прысвяціла 33 гады свайго жыцця. Эканаміст да таго ж з’яўляецца прафсаюзным лідарам. Яна прымае актыўны ўдзел у жыцці роднага прадпрыемства, з трыбун балельшчыкаў падтрымлівае калег падчас спартыўных спаборніцтваў.
Пра камсамольскае мінулае нагадваюць дзясяткі здымкаў, кнігі, выразкі з газет. Адметна, што з сябрамі-камсамольцамі Алена Іосіфаўна і сёння падтрымлівае сувязь. І нядзіўна. Камсамолец – гэта назаўсёды!
 Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з асабістага архіва А.І. Бекіш. 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!