Камсамол не ўзрост – гэта наш лёс. У дзень 100-гадовага юбілею ЛКСМБ даваце ўзгадаем сваё юнацтва

 

24 верасня споўнілася 100 год камсамолу Беларусі. Амаль кожны прадстаўнік старэйшага і нават сярэдняга пакалення можа сказаць, што быў членам гэтай моладзевай арганізацыі, у якую найчасцей яшчэ ў школьныя гады прымалі самых актыўных юнакоў і дзяўчатак з ліку тых, хто старанна грыз граніт навукі і быў у першых радах, рыхтуючы непаўторныя ў сваёй рамантычнасці школьныя вечары, з лёгкім фанатызмам збіраў металалом і макулатуру, удзельнічаў у спартландыях і мастацкай самадзейнасці, да дзірак зачытваў знакавы раман Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь” і браў прыклад з Паўкі Карчагіна, пры гэтым і сам быў шчырым патрыётам сваёй малой і вялікай Радзімы.

 

 

Каб трапіць у шэрагі ідэйных і апантаных рабят з характэрным значком на грудзях прадстаяла на зубок вывучыць Статут ВЛКСМ, ведаць процьму прапагандысцкіх рэчаў, пайменна і без запінкі назваць партыйных лідараў краіны. Памятаю, як прыехалі на пасяджэнне бюро райкама камсамола ў Шчучын (цяпер будынак дзіцячай школы мастацтваў), дзе на павестцы дня стаяла ў тым ліку і пытанне аб прыёме ў камсамол. Такіх жа, як і мы з сябрамі, жадаючых налічылі больш за … сотню. Энергетыка калектыўнага хвалявання неймаверная! Усе, бы перад адказным экзаменам, ліхаманкава паўтаралі ідэалагічныя “мантры”, бледныя і паўжывыя ад стрэсу заходзілі ў фешэнебельны кабінет першага сакратара РК ЛКСМБ, каб адказаць на пытанні самых аўтарытэтных камсамольцаў раёна, што сядзелі за вялікім офісным сталом. Ці думала тады, што пройдзе ўсяго пару гадкоў і я сама, будучы членам бюро, таксама стану задаваць аналагічныя пытанні гэткім жа “жоўтароцікам”, аднак падбіраючы заведама лёгкія, бо ніколі не забывала, што сама перажыла ў падобны момант.

 

 

… І вось нарэшце тагачасны першы сакратар Шчучынскага райкама камсамола Мікалай Гайко – неверагодна элегантны, тактоўны, з ззяючымі высакародным агнём вачыма -- уручыў нам, “перадавой” групе васьмікласнікаў Ражанкаўскай школы, камсамольскія білеты, якія і да гэтага часу захоўваюцца ў некаторых маіх аднагодкаў сярод галоўных сямейных рэліквій. Трэба было бачыць, якімі шчаслівымі мы вярталіся дамоў!

 

 

Потым, дзякуючы абранай журналісцкай прафесіі, я была знаёма з многімі камсамольскімі лідарамі Шчучыншчыны. Гэта вельмі эрудзіраваныя, цікавыя, неабыякавыя людзі з зайздроснымі арганізатарскімі і дзелавымі якасцямі, нераўнадушныя да лёсаў і іншых людзей, і сваёй старонкі, поўныя рашучасці пакінуць дастойны след на зямлі. Таццяна Паўлоўская, Іван Сакалоўскі, Аляксандр Лабкоў, Уладзімір Груца – гэта былі вельмі аўтарытэтныя лідары моладзі, багата крылатых ідэй удалося ім ажыццявіць разам з баявітай камсамольскай гвардыяй Шчучыншчыны. Сяброўскія адносіны ды добрыя ўспаміны і сёння звязваюць мяне з Аленай Баронік, Тамарай Глотавай, Верай Аляхновіч, Наталляй Карэцкай… Яны, як і многія іншыя талковыя рабяты, у розныя часы заўзята працавалі ў апараце райкама ЛКСМБ. А колькі цудоўнай саюзнай моладзі стваральна дзейнічала на вытворчасці! Літаральна грымела слава на ўсю Гродзеншчыну пра камсамольска-маладзёжныя калектывы райбыткамбіната і ўнівермага “Дзіцячы свет”, брыгады завода “Аўтапровад” і Шчучынскага рамзавода. Не менш актыўнымі і ініцыятыўнымі былі сельскія хлопцы і дзяўчаты. Асабліва ўразіла, як моладзь калгаса “1 Мая” (сённяшняе ААТ “Шчучынаграпрадукт”) захоўвала памяць пра мужнага земляка: свой камсамольскі подзвіг Станіслаў Клімак здзейсніў у мірны час, ратуючы ў пажары калгасны статак, а вось сам загінуў… Сёння ў вёсцы Янчукі стаіць помнік герою.

 

 

З камсамольскім білетам ішлі ў атаку на душманаў нашы равеснікі -- воіны-афганцы, з якімі хтосьці сядзеў на адной школьнай парце, хтосьці – хадзіў на танцы ў сельскі клуб… Тады, у 80-х, шасцёра  вярнуліся з Афганістана ў “чорных цюльпанах”. Кожны год у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў шчучынскія камсамольцы абавязкова наведвалі іх бацькоў, няспешна гутарылі з няўцешнымі ў сваім горы матулямі, успаміналі, ускладвалі гваздзікі ля магіл загінуўшых на чужой вайне маладых землякоў…

 

 

Усяго хапала ў гісторыі камсамола Беларусі – і радасных старонак, і журботных. Але заўсёды ў гэтай легендарнай арганізацыі, што аб’ядноўвала і акрыляла моладзь, жылі цудоўныя традыцыі і высокая чалавечнасць, рамантыка і палёт самых смелых ідэй. На шчасце, пераемнасць пакаленняў ніхто не адмяняў. І вельмі хочацца, каб сённяшнім сябрам БРСМ было так жа цікава ў сваім саюзе, як іх колішнім аднагодкам-камсамольцам, каб неба над Айчынай заўжды было мірным і сонечным.

 

 

З настальгіяй успамінала камсамол

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.