Калі ветэрынары – прафесіяналы

Супрацоўнікі ветэрынарнай службы раёна – частыя наведвальнікі рэдакцыі. То яны спяшаюцца папярэдзіць насельніцтва пра захворванне на мікраспарыю, то змагаюцца з афрыканскай чумой, то хвалююцца, каб раскіданыя прыманкі супраць шаленства не трапілі хатнім жывёлам – адным словам, выкарыстоўваюць усе магчымыя спосабы для правядзення прафілактычнай работы, у тым ліку і праз раённую газету. 

А на гэты раз мы самі накіраваліся ў Шчучынскую раённую ветэрынарную станцыю. Яе начальнік – Сяргей Аркадзьевіч Шэршань, які ўжо амаль дзевяць год узначальвае калектыў, падрабязна расказаў аб арганізаванай сістэме работы, абазначыў першачарговыя задачы, з якімі паспяхова спраўляюцца спецыялісты. 


– Раённая ветэрынарная служба – гэта тры ветэрынарныя лячэбніцы ў Шчучыне, Астрыне і Жалудку, дыягнастычны аддзел, які займаецца пастаноўкай дыягназаў, і ветэрынарна-санітарная экспертыза на рынку, – расказвае Сяргей Аркадзьевіч. – Увесь калектыў – амаль шэсцьдзесят чалавек. Мы цалкам адказваем за арганізацыю ветэрынарнай справы ў раёне: у першую чаргу клапоцімся пра бяспеку чалавека, паколькі ў жывёлы і ў людзей ёсць агульныя хваробы, забяспечваем выпуск бяспечнай прадукцыі, арганізуем і кантралюем мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне здароўя жывёлы, сочым за экалогіяй. 
У 2016 годзе ў Шчучынскай райветстанцыі дадаткова былі адчынены два аддзелы: адзін – па кантролі за вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі жывёлагадоўлі, другі – аддзел па ветэрынарнай санітарыі і прафілактыцы. 


– У аддзеле па кантролі за вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі жывёлагадоўлі працуюць тры чалавекі, – працягвае Сяргей Аркадзьевіч. – Яны праводзяць маніторынгі ў гаспадарках раёна, а таксама кантралююць два перапрацоўчыя прадпрыемствы горада – “Праймілк” і масласырзавод. Напрыклад, летась за мяжу з гэтых перапрацоўчых прадпрыемстваў было адпраўлена больш за 1000 адзінак транспартных сродкаў з прадукцыяй, якія прайшлі поўны агляд і атрымалі заключэнні нашых спецыялістаў. Сёлета толькі з “Праймілка” ў Кітай, Японію, краіны Азіі і Расію накіраваны больш за 500 транспартных сродкаў. Ні адно не пакінула тэрыторыю прадпрыемства без адпаведнага заключэння. Самую пільную ўвагу мы надаём і кантролю за захаваннем тэхналогіі выпуску прадукцыі ў гаспадарках раёна. Прыемна адзначыць, што ёсць і наша заслуга ў тым, што 50 працэнтаў малака, якое здаюць гаспадаркі, атрымліваецца сортам экстра. 
Нездарма быў адкрыты і аддзел па ветэрынарнай санітарыі і прафілактыцы. Яго спецыялісты аказваць дапамогу тым гаспадаркам, у якіх няма брыгад па артапедычнай расчыстцы.


– Карова таксама павінна мець манікюр, – і жартам, і ўсур’ёз тлумачыць Сяргей Аркадзьевіч. – Найпершы складальнік здароўя жывёлы – гэта яе здаровыя ногі. Толькі спецыялісты могуць правільна даглядаць капыты каровы, каб яна не хварэла. 
Сярод іншых задач ветэ­рынараў раёна – маніторынг аб’ектаў, звязаных з вытворчасцю, захоўваннем і рэалізацыяй прадукцыі, якіх на Шчучыншчыне больш за 170. Гэта і жывёлазабойныя пункты гаспадарак, і цэх па перапрацоўцы прадукцыі Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства, і магазіны, якія рэалізуюць мясную прадукцыю, і рынкі, і склады для захоўвання, і іншыя аб’екты.


Ветэрынарныя ўрачы ўсіх трох ветэрынарных лячэбніц раёна гатовы ўстанавіць дыягназ і назначыць лячэнне хатнім жывёлам, у тым ліку катам, сабакам, правесці стэрылізацыю, а таксама займаюцца прафілактыкай захворванняў як хатняй жывёлы, так і грамадскай. За 10 месяцаў бягучага года арганізацыяй было аказана паслуг сельгасарганізацыям і насельніцтву больш чым на 100 тысяч рублёў.
– Сёння мы можам ганарыцца, што змаглі атрымаць статус добранадзейнага раёна ў адносінах да некаторых захворванняў жывёлы, – гаворыць Сяргей Аркадзьевіч. – Ужо больш за 15 год на Шчучыншчыне не рэгіструецца лейкоз у кароў, забылі мы і пра бруцэлёз. Абараніць жывёлу ад захворванняў не так проста, гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў. Як правіла, яна ўтрымліваецца на вялікіх фермах, і любая інфекцыя мае шанц на хуткае распаўсюджанне. Разам з тым і закупляецца многа жывёлы. Кожная праходзіць каранцінныя мерапрыемствы, каб не стаць крыніцай заражэння для іншых. У гэтым нам дапамагаюць спецыялісты ветэрынарнай службы гаспадарак раёна. Сярод іх хочацца адзначыць Д.В. Саковіча з ААТ “АграГЖС”, Ю.А. Тарамына з ААТ “Шчучынаграпрадукт” і іншых. 


Сам начальнік Шчучынскай райветстанцыі рэдка бывае ў рабочым кабінеце: каб трымаць сітуацыю пад кантролем, асабіста наведваецца на розныя аб’екты, часам нават практыкуе – так не губляюцца атрыманыя навыкі. 
У свой час Сяргей Аркадзьевіч закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут і вярнуўся на сваю малую радзіму – на Шчучыншчыну. Па размеркаванні быў накіраваны ў калгас “Чырвоны сцяг”. Адслужыўшы ў арміі, працаваў галоўным ветэрынарным урачом у эксперыментальнай базе “Усход”, а затым у калгасе імя Леніна. Ён не першы ў сям’і выбраў такую дастойную спецыяльнасць. Ветэрынарам быў яго дзед, такую ж прафесію выбраў і брат. Сыны Сяргея Аркадзьевіча таксама пайшлі па слядах бацькі – дынастыя працягваецца! Дарэчы, на сваёй малой радзіме засталіся жыць, працаваць і стварылі сем’і пяцёра братоў і сясцёр Сяргея Аркадзевіча. Вось такое прыцягненне малой радзімы!
…Ёсць у работнікаў ветстанцыі адна агульная мара – сабраць па крупінках гісторыю ветэрынарнай службы раёна. Згодна з данымі, якія ўдалося знайсці, створана яны была дзесьці ў 1937 годзе – менавіта з тых часоў у банку захаваліся звесткі пра першыя плацяжы за паслугі ветэрынараў. Толькі наўрад ці можна ўстанавіць дакладную дату – дактары для жывёлы былі патрэбны заўсёды!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.