“Калі “хварэеш” творчасцю, то гэта назаўжды”

Мы пазнаёміліся напрыканцы 80-х. Памятаю, як адрознівалася ад арыстакратычна-гламурных выпускніц “кулька”, што прыязджалі па размеркаванні на працу ў раённы Дом культуры, гэта спартыўна-стылёвая, рэзкаватая ў меркаваннях і бескампрамісная дзяўчына, што ў любой кампаніі за лічаныя хвіліны станавілася “сваім хлопцам” дзякуючы неверагоднай энергетыцы, пачуццю гумару, вастраслоўю, харызматычнасці, уменню па-сапраўднаму зацікавіць суразмоўцу. Здаецца, яна сябравала з усім горадам, а калі выходзіла на сцэну ў ролі шоумэна (тады толькі ўваходзілі ў моду ўсялякага роду шоу), натхнёна імправізавала. Любая вечарына, канцэрт, капуснік, Клуб вясёлых і знаходлівых былі проста асуджаны на поспех, калі за справу бралася Алена Ушкар.

Амаль чвэрць стагоддзя Алена Георгіеўна працавала ў Шчучынскім РДК. Адразу пасля заканчэння ў 1987 годзе Інстытута культуры – метадыстам, а потым і мастацкім кіраўніком. Вельмі прафесійна пісала сцэнарыі, запускала неардынарныя праекты, арганізоўвала такія мерапрыемствы, што западалі ў душу і помніліся гадамі.

Прыярытэтны накірунак – работа з моладдзю, але яе шматграннасць і ўніверсальнасць як культасветработніка таксама неаспрэчныя вартасці. Падумаць толькі, у Навагоддзе на працягу 22 сезонаў запар Алена Ушкар ператваралася ў непераўзыдзенага Дзеда Мароза і радавала сваім талентам дзяцей і дарослых! Зусім невыпадкова ў свой час нарадзілася з гэтай нагоды газетная публікацыя “Чалавек навагодняй прафесіі”. А якім у Алены атрымліваўся вобраз Несцеркі – вясёлым, абаяльным, іскрамётным, як і яна сама! Увогуле любая роля ў выкананні А.Г. Ушкар становіцца пераканаўчай і арганічнай. Акампаніятар, канферансье, рэжысёр, аператар – усё гэта таксама пра яе, майстра на ўсе рукі!

Натуральна, што мы, журналісты, ахвотна бралі ў Алены Георгіеўны інтэрв’ю, а яе фактурныя здымкі не сыходзілі з газетных старонак. Нядаўна мы зноў сустрэліся з нашай гераіняй, і спатканне гэта прынесла ўзаемную радасць. Як прынята, не абышлося без настальгічных успамінаў.

– З чаго пачалося сяброўства з “Дзянніцай”? – задумваецца мая суразмоўца. – Дык вось ты сама ж і патэлефанавала мне, прапанавала напісаць аб праведзеным мерапрыемстве. Потым не паскупілася на ўхвальныя словы наконт стылю і зместу. Так з’явілася мая першая публікацыя ў шчучынскай раёнцы. А пазней, калі я ўдала запусціла такія “доўгаігральныя” маладзёжныя праекты, як клуб “Начная сава” і “Старцінэйджэр”, рэпартажы публікаваліся рэгулярна. З многімі журналістамі я шчыра пасябравала і іншы раз заходзіла ў рэдакцыю на Гастэлы, 5, каб проста пагутарыць, знаходзячы тут творчую аддушыну. Я да гэтага часу пішу вершы і прозу, многа чытаю, люблю фатаграфаваць. Усё гэта мяне родніць з вамі – пішучай браціяй.

– А які з творчых праектаў лічыце самым удалым? – не ўтрымліваюся ад пытання, на якое, безумоўна, не адкажаш адназначна.

– Клуб “Начная сава”, які збіраў ў зале да 500 чалавек, прыносіў Дому культуры рэальныя грошы, за што заўжды гаварыў добрыя словы дырэктар РДК. Спадзяюся, што пэўны след у гісторыі раёна пакінула работа над фільмамі і падрыхтоўкай мерапрыемстваў з нагоды прафесійных свят ды юбілеяў прадпрыемстваў і арганізацый Шчучыншчыны. Але быў адзін праект, які літаральна перавярнуў душу і глыбокай стрэмкай засеў у маім сэрцы назаўжды, – узгадвае А.Г. Ушкар. – Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Артурам Місюком і аператарам-аматарам Дзмітрыем Падстаўскім мы здымалі фільм аб нашых загінуўшых у Афгане земляках, пабывалі ў дамах воінаў-інтэрнацыяналістаў, гутарылі з іх бацькамі. Пад уражаннем гэтых сустрэч я напісала і агучыла тэкст. Адзнятыя кадры і дыялогі былі выкарыстаны на вечары памяці і вельмі эмацыянальна ўздзейнічалі на прысутных. Хтосьці нават назваў гэта эфектам выбуху бомбы. А фільм, між іншым, і сёння захоўваецца ў Артура Пятровіча.

Аб сваёй рабоце Алена Георгіеўна Ушкар можа гаварыць гадзінамі, і пры гэтым у яе вачах запальваюцца агеньчыкі такой улюблёнасці ў сваю справу, што стан гэты цяжка перадаць словамі. Міжволі ўспамінаеш Станіслаўскага з яго гучным: “Не веру!”. З-за гэтага непраходзячага нават з гадамі юнацкага максімалізму я не магу паверыць у пенсійны ўзрост маёй гераіні.

– І правільна! Я ўцякаю ад старасці з дапамогай “сканды­наўскай хады”, якой займалася на працягу чатырох год, а цяпер перасела на веласіпед. Магу калясіць па маляўнічых лясных дарогах па чатыры гадзіны запар, – прызнаецца Алена Георгіеўна. – З пачатку вясны спідометр накруціў 640 кіламетраў, а за сезон звычайна намотваю да 1 тысячы.

Па словах маёй гераіні, надзвычай важна пастаянна развівацца і спасцігаць новае, які б год нараджэння ні значыўся ў тваім пашпарце. І пенсіі не варта баяцца.

– Яна даецца, каб чалавек меў час узважыць усё перажытае, пераасэнсаваць свой шлях і кагосьці малодшага на пачатку ягонага жыцця перасцерагчы ад зробленых табою памылак, – гаворыць А.Г. Ушкар. – Я ўдзячна лёсу за тое, што ў мяне ёсць такія надзейныя сябры, як Ніна Раманава, Дзмітрый Паноў, якога я лічу сваім вучнем у прафесіі, Артур Місюк… Менавіта падтрымка гэтых людзей дапамагла мне перажыць самыя горкія моманты, якіх таксама хапала. Заўжды мяне разумелі такія кіраўнікі нашай сферы, як Аліна Баляславаўна Максімовіч, Піліп Антонавіч Галаўко, камфортна працавалася з Галінай Пятроўнай Волчак. Зараз я з цікавасцю назіраю за дзейнасцю маіх малодшых калег, абавязкова наведваю святочныя мерапрыемствы, што ладзіць наш цэнтр культуры і народнай творчасці, міжволі ацэньваю іх, і найчасцей хочацца паставіць сваім былым вучням самую высокую адзнаку. Яны гэтага заслугоўваюць.

– А на свята з нагоды 80-гадовага юбілею нашай газеты прыйдзеце?

– Абавязкова. Гэта ж наша родная газета, якая піша пра тое, што ўсім нам блізка і дорага. Дзякуй за гэта “Дзянніцы”…

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!