Каб ураджай убраць – трэба тэхніку як след падрыхтаваць

Ці гатовы шчучынскія хлебаробы да здачы самага адказнага экзамену лета – жніва? У якім стане знаходзяцца зернеўборачныя камбайны? Ці забяспечаны механізатары ўсім неабходным для камфортнай і бяспечнай працы ў полі? Гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся падчас кантрольнага агляду тэхнікі, ініцыятарам якога выступіў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Генадзій Баляслававіч Хоміч. 

Спецыялісты райсельгасхарчу сумесна з работнікамі РАНС заехалі ў філіял “Жалудоцкі агракомплекс” – адну з самых буйных гаспадарак раёна. Тут усе 10 зернеўборачных камбайнаў укамплектаваны вогнетушыцелямі, прайшлі тэхабслугоўванне і гатовы да выхаду ў поле. Механізатары забяспечаны спецадзеннем і спецабуткам. У складах і на вагавой валадараць чысціня і парадак.
Належным чынам да ўборачнай кампаніі падрыхтаваліся і ў СВУ “Пратасаўшчына”, ААТ “Дэмбрава”, “АграГЖС” і “Васілішкі”, дзе ўся тэхніка таксама прыведзена ў поўную гатоўнасць. Удзельнікі рэйду засталіся задаволенымі і выкананнем правіл пажарнай бяспекі і ўзроўнем працоўнай дысцыпліны ў гэтых гаспадарках.
А вось у ААТ “Шчучынаграпрадукт” і саўгасе “Вялікае Мажэйкава” некалькі зернеўборачных камбайнаў яшчэ рамантаваліся, некаторыя стаялі без жняярак. 
Асаблівую занепакоенасць выклікае нізкі ўзровень гатоўнасці да ўборкі зерневых у СВК “Орля” і ААТ “Першамайск-агра”.
– Я дапускаю, што з-за пэўных фінансавых праблем можна не паспець адрамантаваць 1-2 камбайны, – гаворыць кіраўнік райсельгасхарчу Генадзій Баляслававіч Хоміч. – Аднак калі амаль уся тэхніка стаіць на мехдвары ў паўразабраным стане – гэта перабор. З такімі тэмпамі, пакуль вы выйдзеце ў поле, то ўбіраць ужо не будзе чаго. Так працаваць нельга! Усе выяўленыя недахопы павінны быць аператыўна выпраўлены да пачатку жніва, і я гэта пракантралюю асабіста. 
Усяго шчучынскім аграрыям сёлета прадстаіць убраць 251140 гектараў зерневых і зернебабовых культур, для чаго будуць задзейнічаны 112 камбайнаў. Гэтай тэхнікі дастаткова, каб правесці жніво ў аптымальныя тэрміны. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.