Каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях вытворчасці грыбоў, мы завіталі на новы комплекс па вырошчванні шампіньёнаў

Сёння нікога не здзівіш наяўнасцю на паліцах магазінаў свежых шампіньёнаў. Аднак далёка не ўсе ведаюць, наколькі складаным з’яўляецца працэс іх вырошчвання. Каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях вытворчасці белых грыбоў, мы завіталі на новы комплекс па вырошчванні шампіньёнаў, які кампактна размясціўся на тэрыторыі былога аэрадрома ў Шчучыне.

Ужо на прахадной, дзе ў нас папрасілі прад’явіць дакументы і спыталі пра мэту візіту, зразумелі, што на прадпрыемстве вельмі сур’ёзна ставяцца да бяспекі і без спецыяльнага дазволу трапіць на тэрыторыю комплексу немагчыма. Ля ўвахода ў галоўны корпус нас гасцінна сустрэў тэхнолаг ТАА “Логал-Био” Канстанцін Міхайлавіч Куц і згадзіўся правесці азнаямленчую экскурсію па вытворчасці.


– Мы закупляем за мяжой спецыяльны кампост, які багата заселены грыбніцай двух сортаў, – гаворыць Канстанцін Міхайлавіч. – Яго дастаўляюць сюды пры дапамозе велікагрузных машын: больш за 120 тон у тыдзень. Паралельна прывозяць пакроўны грунт – торф, без якога атрымаць багаты ўраджай грыбоў немагчыма. У нас налічваецца 12 камер вырошчвання, у кожнай з якіх усталяваны пяць чатырох’ярусных стэлажоў. Пры дапамозе камбайна кампост выкладваем на паліцы 25-сантыметровым слоем, як таго патрабуе тэхналогія. Наверх высыпаем торф, які ўтрымлівае карысныя рэчы для фарміравання і хуткага росту шампіньёнаў. Тэмпература ўнутры падтрымліваецца на ўзроўні 17 градусаў, што лічыцца аптымальным.


У камерах вырошчвання, абсталяваных электроннымі кантролерамі, падтрымліваецца аптымальная вільготнасць і тэмпература, дзякуючы чаму першыя грыбы памерам з булавачную галоўку “праклёўваюцца” ўжо на 10-11 дзень. 
– На 16-17 дзень пачынаецца першая хваля збору грыбоў, – дзеліцца К.М. Куц. – Грыбаводы ўручную прароджваюць грыбніцу, каб шампіньёнам хапала месца для росту. Яны павінны спрацаваць максімальна якасна, бо ад гэтага залежыць будучы ўраджай. У залежнасці ад паступіўшых заявак, збіраем шампіньёны з пэўнымі памерамі шапак. З-за гэтага грыбаводам часам даводзіцца “прачэсваць” адну і тую ж паліцу некалькі разоў за дзень. Да ўсяго за суткі грыб набірае 50% сваёй вагі: той, што яшчэ раніцай быў маленькім – пад вечар вырастае да сярэдняга памеру. Таму вельмі важна сабраць ураджай своечасова, каб не дапусціць перарастання шампіньёнаў і раскрыцця іх шапак. Іначай яны становяцца некандыцыяй і значна падаюць у цане.


Так званая першая хваля збору грыбоў – самая важкая: з аднаго квадратнага метра на прадпрыемстве збіраюць да 17 кілаграмаў шампіньёнаў. Улічваючы, што кожная з 12 камер вырошчвання займае плошчу 723,6 метра квадратных, лічба “набягае” немалая. 
Збор грыбоў вядзецца выключна ўручную. На верхнія паліцы грыбаводы трапляюць пры дапамозе спецыяльных пад’ёмнікаў. 
– Я дваццаць гадоў прапрацавала прадаўцом у краме, – кажа грыбавод Таццяна Генадзьеўна Пракаповіч. – Калі комплекс па вырошчванні шампіньёнаў у нашым горадзе запусцілі, вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай прафесіі. І не пашкадавала! Спачатку было складана ўцягнуцца ў інтэнсіўны рытм работы, але я хутка асвоілася. Паспяхова прайшла абучэнне і цяпер займаюся зборам грыбоў. Раніцай нам даводзяць заданне, і мы пачынаем збор грыбоў неабходнага памеру. Для праверкі ў нас ёсць спецыяльная калібратары шапак. Патрабаванні да якасці збору шаспіньёнаў высокія, але і зарплата дастойная!


Побач з грыбаводамі ў камерах вырошчвання дзяжураць грузчыкі, якія кожную гадзіну вывозяць скрыні з сабраным ураджаем у шокавыя камеры. Там шампіньёны за паўгадзіны астуджваюцца з 17 градусаў да 2, і іх жыццёвыя працэсы заміраюць. На складзе, куды затым трапляюць грыбы, тэмпература паветра падтрымліваецца на ўзроўні 2-4 градусы, што дазваляе захоўваць прадукцыю свежай звыш 14 дзён.
– На 20-21 дзень у камерах вырошчвання настае зацішша: мы абільна паліваем грыбніцу і ўстанаўліваем аптымальны тэмпературны рэжым, вільготнасць, узровень вуглекіслага газу для далейшага росту грыбоў, – працягвае знаёміць з тонкасцямі вытворчага працэсу Канстанцін Міхайлавіч. – Праз некалькі дзён пачынаецца другая хваля збору шампіньёнаў, падчас якой ураджайнасць складае ў сярэднім 12 кілаграмаў грыбоў з аднаго метра квадратнага. Падчас трэцяй хвалі гэты паказчык зніжаецца да 5-6 кілаграмаў. Пасля заканчэння поўнага вытворчага цыкла, які доўжыцца 36-37 дзён, суткі выпарваем кампост пры тэмпературы 80 градусаў. Такім чынам знішчаем грыбніцу і атрымліваем якаснае арганічнае ўгнаенне, якое вывозіцца на палеткі. 
Затым цыкл паўтараецца. На дадзены момант на прадпрыемстве загружаны 9 з 12 камер вырошчвання. Калі комплекс запрацуе на поўную магутнасць, то збор грыбоў розных хваляў будзе праводзіцца адначасова ў пяці камерах.
Аднак якімі б дасканалымі не былі сучасныя тэхналогіі, яны нішто без прафесіянальных спецыялістаў, якія любяць сваю справу і працуюць добрасумленна. Кіраўніцтва ТАА “Логал-Био” гэта выдатна разумее, таму асобую ўвагу надае абучэнню персаналу. 
– Галоўны тэхнолаг прадпрыемства прыехаў да нас з Польшчы, дзе доўгі час працаваў у грыбной галіне, – працягвае К.М. Куц. – Менавіта ён разам з вопытным тэхнолагам з Баранавіч займаліся наладкай вытворчасці і падрыхтоўкай грыбаводаў. На дадзены момант селекцыйным зборам займаюцца 65 чалавек. Аднак гэтага недастаткова, таму мы запрашаем усіх жадаючых на працу. З вас – акуратнасць, аператыўнасць і адказнасць, а з нас – дастойны заробак! Мы нават распрацавалі тры аўтобусныя маршруты для падвозу патэнцыяльных работнікаў з іншых населеных пунктаў. 
Паклапаціліся на прадпрыемстве і аб камфорце працы. Унутры комплексу пабудаваны прасторныя раздзявалкі, душавыя кабінкі і туалеты, ёсць свая кухня з лядоўнямі і мікрахвалёвымі печамі. У калідорах і памяшканнях гучыць прыемная музыка. Усе грыбаводы забяспечаны трыма камплектамі спецадзення рознага колеру, а подсобные рабочыя – двума. Пасля працоўнай змены ўсе выкарыстаныя экзэмпляры абавязкова сціраюцца і прасушваюцца. Згодна з распрацаваным працоўным графікам праз кожныя дзве гадзіны работнікі маюць права на 15-хвілінны перапынак. І гэта не ўлічваючы паўнавартаснага абеду, які доўжыцца з 12.30 да 13.30. 
На дадзены момант на комплексе па вырошчванні шампіньёнаў у Шчучыне працуюць 97 чалавек, у тым ліку 65 грыбаводаў. На сённяшні дзень прадпрыемству патрабуецца яшчэ 20 зборшчыкаў грыбоў і 5 падсобных рабочых. Не ўпусціце свой шанец працаўладкавацца! Акрамя таго, побач ужо пачалося будаўніцтва яшчэ аднаго аналагічнага комплексу, з уводам у эксплуатацыю якога будзе створана каля 100 новых працоўных месцаў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!