Каб новы год шчаслівым быў! Паглядзіце, як віншавалі ветэранаў вайны прадстаўнікі сацыяльнай службы і ветэранскай арганізацыі

Дзед Мароз за рулём, а побач Снягурачка ў салоне легкавіка з мнагазначным надпісам “Сацыяльная служба”. У гэтай жа камандзе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Іванавіч Навіцкі, старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, член ветэранскай арганізацыі Васілій Сяргеевіч Жукоўскі. Усе яны, а таксама карэспандэнт “Дзянніцы”, накіраваліся па пяці адрасах, дзе жывуць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Самай першай адкрыла дзверы з чырвонай зорачкай 99-гадовая Алена Парфёнаўна Сямёнава. На вачах – слёзы радасці: не чакала такога сюрпрызу.

   – У новым годзе мы сустрэнем 75-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ведайце, наколькі мы ўдзячны вашаму пакаленню і вам асабіста за падораны мір і незалежнасць роднай зямлі, -- не менш расчулена звярнулася да гаспадыні кватэры загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Уладзіміраўна Панова, яна ж у такі дзень “па сумяшчальніцтве” Снягурачка. Цёплыя віншавальныя словы, пажаданні здароўя і доўгажыхарства гучалі ў адрас Алены Парфёнаўны ад усіх гасцей, якія ўручылі падарункі і накіраваліся далей.

   Радасць навагодняй сустрэчы ў кватэры Таццяны Сяргееўны Осіпавай з намі раздзяліла і дачка ветэрана Наталля Іванаўна Белякова.

   Сваімі ўспамінамі пра трывожнае юнацтва падзялілася  Марыя Рыгораўна Клачкова. Словы ўдзячнасці ў адрас раённай улады і ветэранскай арганізацыі выказала Вера Рыгораўна Маслава. Дзед Мароз і Снягурачка павіншавалі са святам былую блакадніцу Ленінграда Веру Мікалаеўну Кузьміну і яе блізкіх.

 -- З Новым 2020 годам, дарагія ветэраны! Жывіце доўга і радуйце нас сваёй актыўнасцю і нязломнасцю духа, -- гэтыя словы гучалі ў кожнай ветэранскай кватэры паважаных шчучынцаў.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!