Іван Пяшко: Хлеб майго дзяцінства

Гадоў пяць ці шэсць таму нечакана ў нашым райцэнтры закрылі хлебазавод. Для большасці гараджан гэта была звычайная пякарня на ўскраіне горада – у драўлянай прыземістай будыніне за высокай бетоннай агароджай, дзе шмат было ручной працы, састарэлага абсталявання. Многія пакупнікі скардзіліся на якасць хлеба: то недапечаны, то перапечаны. А іншы раз з чорнай скарынкай з’яўлялася на паліцах магазінаў прадукцыя нашай пякарні. Горад і раён не застаўся без хлеба, завезлі з суседніх райцэнтраў. Пра будаўніцтва новага хлебазавода размоў не вялося.

Тым часам у сферы гандлю адбываліся змены. Кропкі “Еўраопта”, “Алмі” з’явіліся не толькі ў абласных гарадах, a і ў райцэнтрах. Самыя розныя прадукты, у тым ліку і хлеб пачалі завозіць ледзь не з усёй краіны. Якіх толькі назваў гатункаў хлеба, ні было на этыкетках: “Купалаўскі”,”Гародня”, “Спадар”, “Нясвіжскі”, “Барадзінскі”. Нават для хворых на дыябет з’явіўся спецыяльны хлеб.
Успомніўся хлеб майго дзяцінства. Кожны ў вёсцы ў пасляваенны час – і дарослы і малы – мелі занятак. 3 вясны падлеткі пасвілі цялят: спачатку на выгане за вёскай, летам на полі, што займаў папар, потым пераходзілі на ўчасткі, дзе высявалі сіні лубін на зялёнае ўгнаенне — пра тукі тады толькі марылі. Ранняй вясной падлеткі беглі на раку Котру, дзе на заліўных лугах пад першымі веснавымі промнямі сонца дружна бралася ў рост шчаўе. Калі на незасеяных шматках зямлі вырастала лебяда, бярозка, сурэпка, макрыца, хвошч, то гэтым зеллем набівалі пад закаблукі кошыкаў, яно было выдатным гарнірам для парасят і свіней. Хлапчукі на самаробных тачках-калясках з блізкай, за кіламетр ад вёскі, хвайны вазілі сасновае голле — сучкі. Сухія смалістыя галінкі былі выдатным палівам, калі надыходзіў час гатаваць вячэру. Галоўным у тых тачках-калясках было кола. Яго вырэзвалі з шырокіх дошак-сараковак, пасярэдзіне кола мацавалі шарыкападшыпнік. Звонку кола для трываласці абівалі металічнай палоскай.
Яшчэ адзін мой сямейны абавязак у падлеткавым узросце — на суседскіх жорнах малоць жыта. Нашы бацькі сваіх жорнаў не мелі — гэты складаны механізм складаўся з двух спецыяльна падабраных і адмыслова апрацаваных каменняў. Праўда, дзед з бацькам набылі конную малатарню, на якой малацілі жыта, быў і манеж, які прыводзіў у pyx малатарню, а яшчэ стаяла ў пуні арфа, на якой чысцілі зерне. У адрыне на двое дзвярэй складвалі жытнёвыя снапы.
У канцы саракавых, пачатку пяцідзесятых гадоў у нашым краі ішла калектывізацыя. Што б там ні гаварылі пра вартасць працадзён, у канцы года хлеб на працадні выдавалі. Маці працавала даяркай, сястра з суседскай дзяўчынай Таняй пасвілі першы калгасны статак кароў. I ў канцы года з калгаснага амбара на цэнтральнай сядзібе прывезлі некалькі мяхоў жыта. На жаль, лёс Тані Жытко аказаўся трагічным. За тое дажджлівае лета і восень пяцьдзясят другога года без належнай вопраткі, ратуючыся ад непагадзі толькі ўдвая складзеным бульбяным мяшком, яны страцілі здароўе, захварэлі. У Тані аказаліся сухоты, летам пяцьдзясят трэцяга яна памерла. А сястра адкараскалася, хутчэй за ўсё таму, што ў полі яе часта падмяняў брат Валік.
Малолі жыта звычайна я з сястрой. Вядро жытнёвых сыраватых зярнятак спачатку рассыпалі на чарэні печы. Праз некалькі дзён жыта добра высыхала.
З Валікам мы любілі грэцца на печы: старая хата кепска ўтрымлівала цяпло. Здаралася так, што з кішэняў нашых нагавіц выпадалі капейкі, потым з жытам яны траплялі ў жорны. Працэс памолу спыняўся. Я атрымліваў папрокі ад сястры, на дапамогу прыходзіў гаспадар, яму даводзілася здымаць верхні камень, даставаць медзякі.
Ручны млын працаваў дзякуючы мускульнай энергіі чалавека. Памол у памеры звычайнага ацынкаванага вядра жыта займаў роўна дзве гадзіны часу. Аднаму чалавеку дзве гадзіны круціць камень — надта моцная нагрузка, таму сястра брала ў памочнікі мяне. Электрычнасць у вёску яшчэ не правялі, у сцяне сяней суседа, уладальніка жорнаў, з боку падворка было выразана невялікае вузкае акенца, праз якое ў сенцы прабівалася з надворку дзённае святло. Так, у паўзмроку, падняўшыся на драўляныя прыступкі, ухапіўшыся за шэст, мы круцілі жорны. Памятаецца, з якім задавальненнем, адчуваючы важнасць выкананага абавязку, мы неслі вядро з мукой, уяўляючы, што праз дзень-другі ў хаце з’явіцца пах свежага хлеба.
Дзіцячая памяць захавала ўражанні ад тагачаснай тэхнікі — прадстаўніка незнаёмага вялікага свету, што існаваў за ваколіцай. Падлеткі, пачуўшы гул матора, навыперадкі беглі насустрач грузавіку. Ведалі хлапчукі маркі машын: “ЗІС”, “ГАЗ”, амерыканскія “Студабекеры”, трапляліся і нямецкія трафейныя грузавікі — усё, што рухалася на колах, выклікала дзіцячую цікаўнасць. А яшчэ захаваўся ў памяці пах адпрацаванага бензіну, у чысцюткім вясковым паветры ён трымаўся толькі некалькі секунд. У памяці і першыя трактары — маркі ХТЗ з металічным сядзеннем, без кабіны, з бліскучымі коламі са шпорамі, якімі трактар чапляўся за зямлю, каб рухацца, араць зямлю. На прапашным “Універсале” працаваў брат Валянцін. Ён аднойчы даверыў мне руль, і я так яго крутануў, што наш трактар ледзь не апынуўся ў канаве. Ён сагнаў мяне. Пасля таго выпадку толькі праз два дзясяткі гадоў я асмеліўся сесці за руль.
У пачатку пяцідзясятых гадоў наш калгас “Перамога” набыў першы грузавік ГАЗ-51 Горкаўскага аўтазавода. Гэта быў адзін з самых першых экзэмпляраў, з драўлянай, дакладней, фанернай, абітай цыратай кабінай з назвай завода — імя Молатава. На ўсё жыццё запомніўся нумар грузавіка : 88-62 БМ. Вадзіцелем працаваў Дзмітрый Жытко з нашай вёскі. У буднія дні машына калясіла па вёсках калгаса, а ў нядзелю жанчыны, захапіўшы з сабой мяшкі, ехалі па хлеб у Гродна. Гродзенскі хлеб быў невялікай формы, яго называлі заварным. Што азначала гэтае слова – я не ведаю і цяпер. 3 жанчынамі у адкрытым кузаве ГАЗ- 51 па хлеб адпраўлялася сястра.
Купіць буханку хлеба можна было ў Скідзелі. Каб стаць у чаргу ля хлебнага магазіна, што знаходзіўся ў барачным комплексе паўночнай частцы пасёлка ля самай ракі Скідзялянкі, трэба было раненька падняцца, прайсці дзесяць кіламетраў ад нашай вёскі да пасёлка. Хлеб з пякарні прывозілі на абітай ацынкаванай бляхай скрыні на возе з шырокімі гумавымі коламі. Памяць захавала твар прадаўца ў неадпрасаваным белым халаце — гэта быў мажны мужчына па прозвішчы Парай. Са скрыні буханкі хлеба пераносілі мужчыны, што стаялі першымі ў чарзе, пасля работы Парай прадаваў грузчыкам па дзве буханкі хлеба. Здаралася, пасялковыя дзецюкі імкнуліся разарваць чаргу, тады гандаль спыняўся, пакуль не з’яўляўся міліцыянер.
У цэнтры пасёлка была сталовая, там можна было за рубель купіць трэцюю частку буханкі. Толькі аднойчы давялося мне з братам вяртацца са Скідзеля без хлеба. На паўдарозе ён пачаў адставаць, нечакана спыніўся, збочыў, і са знямогай прылёг у канаве.
Што з табой? — я звярнуўся да Валіка.
Жывот... Баліць. Не магу ісці. Паляжу, можа перастане. А ты ідзі...
Я не мог пакінуць брата ў канаве. Пасядзелі з паўгадзіны на абочыне, боль крыху суцішыўся, і мы вярнуліся на дарогу.
Даведаўшыся пра няўдалы паход па хлеб, суседка бабуля Камарыха ў тайне ад сына і нявесткі прынесла важкі акраец хлеба.
Самыя розныя перыяды ў сваім жыцці перажывае чалавек, як перажывае розныя жыццёвыя сітуацыі і грамадства. Бываюць узлёты і падзенні, перамогі і паражэнні. У гэтых сітуацыях неабходна знайсці дастойнае для чалавека выйсце. Разумовая дзейнасць вядзе да прагрэсу. 
Хочацца верыць, што авалодаўшы навейшымі тэхналогіямі ў самых розных сферах вытворчасці, нашы нашчадкі не вернуцца да жорнаў.


Наталля ЦВІРКО

Праз зарапад
Праз зарапад да ночкі роснай,
Дзе мы з табою назаўжды,
Іду, а вочы засцяць слёзы
І шлях ледзь бачны праз гады.

Праз зарапад, дзе ты чакаеш
І ў акне святло гарыць.
Туды з надзеяй і адчаем
Мая душа ізноў ляціць.

Праз зарапад туды, дзе словы
Гучаць гарачыя твае,
Іду да ночкі зноў вясновай.
Каханне там маё жыве.

***
Май у бялюткім увесь убранні
На баль кахання кліча зноў.
І будуць светлыя спатканні,
І чысціня нясмелых слоў.

Чаканні будуць і сустрэчы,
І лёгкі, ледзь улоўны сум,
Аб тым нявыказаным нечым,
Што зразумела толькі двум.

У душы заззяюць феерверкі,
І стане ўсё вакол ярчэй.
Хай шчасця колеры не меркнуць,
У свеце стане хай святлей!
***
Мне хапае для крылаў прастору,
Ды спагады тваёй не стае.
Зноў іду да цябе без дазволу.
Там дзе ты, там і думкі мае.

Мне хапае святла і надзеі,
Не хапае тваёй цеплыні.
І тулюся ізноў да цябе я,
І прашу: дабрынёй ахіні.
***
Я провожаю снова осень,
Её снова вслед смотрю с тоской.
Как будто осень вновь уносит
Мою несмелую любовь.

А я прошу любовь остаться,
Её прошу: не уходи.
Нельзя с любовью нам прощаться,
Не может сердце не любить.

А ветер листья всё срывает,
А сердце всё стучит в груди.
Я снова осень провожаю,
Любовь прошу: не уходи!
***
Мы книги листаем страницы,
Которой название жизнь.
Событий бегут вереницы,
И мы всё торопимся жить.

Торопимся что-то увидеть,
Торопимся что-то узнать.
Совсем не боимся обидеть,
Совсем не умеем прощать.

А всё незатейливо просто –
Ответить добром на добро.
И ярче покажутся звёзды,
И душу согреет тепло.
***
Всё проходит и всё остаётся.
Тонкой нитью судьбы клубок
Всё быстрей и быстрее вьётся
Среди жизни крутых дорог.
Может что-то уже случилось,
Ну а что-то ещё не сбылось.
Не жалейте о том, что было.
Или сбыться, увы, не смогло.

Окрыляет опять надежда,
Вдохновляет опять любовь.
А что было когда-то прежде.
Остаётся всегда с тобой.

Лета

Раскінуўшы крылы лета
Лунае над светлым светам.
І падаюць зоркі начамі,
І сэрца кагосьці чакае.

Вакол невымоўна прыгожа,
Іду па зямлі асцярожна.
На крылах яскравых лета
Лунае над светлым светам.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!