Ішоў салдат дарогай франтавой...Прадаўжаем сімвалічную эстафету памяці – успамінаем Леаніда Парфёнавіча Парфёнава, салдата Вялікай Перамогі

На бачным месцы ў кватэры жыхаркі Шчучына Ганны Станіславаўны Хрыптовіч стаіць партрэт статнага вайскоўца з баявымі ўзнагародамі на гімнасцёрцы. З яго глядзіць Леанід Парфёнавіч Парфёнаў – дзядуля маладой жанчыны, які прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, вынес шмат выпрабаванняў, здзейсніў на фронце нямала подзвігаў, а потым у мірны час ахоўваў спакой жыхароў Шчучыншчыны. Нядаўна ўнучка салдата Вялікай Перамогі і яе родныя сабраліся разам, каб расказаць пра свайго геройскага продка і такім чынам прадоўжыць сімвалічную эстафету памяці, аб’яўленую нашай “Дзянніцай”.

Гэта трэба жывым

 Ганна Станіславаўна не застала свайго дзядулю-ветэрана пры жыцці. Калі той знаходзіўся побач, патрэбы глыбока ўнікаць у яго біяграфію не адчувалі і старэйшыя прадстаўнікі роду. Верылі: век чалавека, які прайшоў такую вайну, будзе доўгім…”Праявіць”, калі можна так сказаць, “плёнку памяці” захацелася пазней.
– І гэта дзякуючы маёй дапытлівай дачцэ і яе педагогу з гімназіі Таццяне Міхайлаўне Сярдзюк, – пераканана субяседніца. – Надзя ведала, што ў сям’і захоўваецца шкатулка з узнагародамі, і аднойчы расказала пра гэта ў навучальнай установе. А там яе заахвоцілі даведацца, дзе і як служыў прадзед. І мы з дачкой узяліся за пошукі праз інтэрнэт. Інфармацыя, якую атрымалі, узрушыла: наш блізкі чалавек – сапраўдны герой! 
А потым настаў момант і для самой Ганны Станіславаўны, калі жаданне памятаць і шанаваць подзвіг засланіла будзённасць, прымусіла паглядзець на свет і падзеі па-іншаму.
 – 9 мая я звычайна працую, – працягвае аповед Г.С. Хрыптовіч. – А ў той святочны дзень нейкая сіла прымусіла мяне збочыць са шляху да работы і далучыцца да ўдзельнікаў шэсця “Бессмяротны полк”, арганізаванага райвыканкамам. Так і прайшла ў калоне з партрэтам дзеда-франтавіка – з усведамленнем, што такая памяць патрэбна найперш нам самім.

“Презирая опасность и смерть”

Унучка ветэрана трымае ў руках лісткі-копіі, зробленыя з электронных крыніц расійскага “Мемарыяла”. Тут пазначана ўсё: месца службы Л.П. Парфёнава, яго званні, дата подзвігаў і іх апісанне. Так, ёсць звесткі пра тое, што салдат Парфёнаў быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, калі ў чэрвені 1942 года “действовал смело и решительно” у наступальных баях на Карэльскім перашыйку. Тады ён атрымаў тяжкае раненне, як і пазней, ужо абараняючы гэты важны рубеж.

Яфрэйтар Парфёнаў праявіў адвагу і 23 красавіка 1944 года ў баі з белафінамі, якія напалі на баявую ахову 4-ай стралковай роты: сустрэў праціўніка агнём ручнога кулямёта, а калі ворагі наблізіліся, стаў закідваць іх гранатамі. “Показал себя смелым, стойким и мужественным бойцом”, “презирая опасность и смерть”, – так ахарактарызавалі дзеянні адважнага салдата яго таварышы па зброі. За гэты подзвіг Л.П. Парфёнаў быў адзначаны яшчэ адным медалём “За баявыя заслугі”.
Дастойна і мужна паводзіў сябе наводчык ПТР малодшы сяржант Парфёнаў і ў наступальным баі за в. Рабка ў студзені 1945 года. Агнём са свайго ружжа ён “накрыў” тры кулямётныя дзоты праціўніка, а потым, падчас бою ў населеным пункце трапнымі выстраламі знішчыў двух варожых снайпераў, якія заселі на гарышчы дома. А літаральна праз дзень адважны баец вызначыўся зноў. Эпізод варты таго, каб працытаваць яго поўнасцю: “27.01.1945 года после взятия г. Сосновец был обнаружен двигавшийся по шоссе обоз противника. Тов. Парфенов выстрелом из ружья подбил передовую повозку. В обозе поднялась паника. Воспользовавшись этим, сержант Парфенов открыл беглый, прицельный огонь по обозу и разбил еще 9 повозок. Наше стрелковое подразделение, воспользовавшись замешательством в обозе, обошло его и захватило”. Менавіта за гэты подзвіг байца ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. 
Увогуле ўвесь баявы шлях Л.П. Парфёнава – з чэрвеня 1941 года да мая 1945-га (пачынаў ваяваць у складзе 172 стралковага палка 13 стралковай дывізіі на Ленінградскім фронце, а сустрэў перамогу на Першым Украінскім) – выдаўся вельмі “гарачым”: ён не раз расчышчаў шлях стралковаму падраздзяленню ад снайпераў і агнявых кропак гітлераўцаў. 
 – А вось гаварыць пра вайну тата не любіў, – заўважае Антаніна Леанідаўна – дачка франтавіка і мама Ганны Станіславаўны Хрыптовіч.
Жанчына расказвае, што ў 1941 годзе яе бацькі Леанід Парфёнавіч і мама Наталля Мікалаеўна Парфёнавы жылі непадалёку ад Вялікіх Лук – у сяле Недасекі Сярэжанскага раёна. У сям’і падрастала трое дзетак, малодшаму было толькі паўтара месяца. А праз чатыры дні пасля пачатку вайны гаспадар дома разам з братам Канстанцінам і іншымі землякамі ўжо стаяў у раённым камісарыяце. Шмат пакут вынесла і маці, застаўшыся адна з малымі дзецьмі на руках.

Пад небам Беларусі

– Тата вярнуўся дамоў жывым, аднак вайна пакінула адмеціны не толькі на сэрцы, але і на целе. Раненні былі сапраўды цяжкія: на месцы адной з ран засталася вялікая “упадзіна”…, – успамінае Антаніна Леанідаўна. – Пасляваенныя голад і разруха на малой радзіме вымусілі яго ехаць і шукаць лепшай долі – так бацька аказаўся ў Шчучыне. Тут яго – франтавіка – прынялі на службу ў міліцыю, накіравалі ўчастковым інспектарам у прыгарадны сельсавет. Дарэчы, і ў мірны час тата атрымаў узнагароду – медаль “За бездакорную службу”. У Буйвічах яму выдзелілі жыллё. Сюды ён перавёз і жонку са старэйшымі дзецьмі.

Ужо тут 9 мая 1946 года мама нарадзіла сястру Марыю, а ў 1947-ым і мяне… 
Так на родавым дрэве рускага Леаніда Парфёнава пад мірным небам Беларусі з’явілася яшчэ адна моцная галінка. Дарэчы, услед за мужчынам сюды перабраліся з Расіі і іншыя яго сваякі, стварылі сем’і. Як сёння жартуе муж Антаніны Леанідаўны Станіслаў Зыгмунтавіч Руткевіч, “утварылася цэлая дыяспара”. Дарэчы, ён сам родам з Буйвічаў, дзе некалі пусціла карані сям’я Парфёнавых. Называе цесця добрым чалавекам, падкрэслівае, што і мясцовыя яго паважалі. Шкада, кажа, што вайна падарвала яго здароўе, – ветэран памёр у 1960-ым і навечна застаўся ў беларускай зямлі. “Праводзіць тату ў апошні шлях многа людзей прыйшло і на падводах прыехала… “, – прыгадвае Антаніна Леанідаўна. А вось яе мама пражыла доўгі век – 93 гады. Яна знаходзілася пад апекай сваіх малодшых дачкі і сына, калі старэйшыя дзеці выраслі і асталяваліся ў розных рэгіёнах Расіі. 
– І сёлета 9 Мая пайду з партрэтам дзеда-франтавіка ў калоне Памяці, – напрыканцы размовы запэўнівае ўнучка ветэрана Г.С. Хрыптовіч. – А яшчэ я даслала фота нашага салдата сваёй роднай сястры Галіне ў Маскву і стрыечнай Таццяне ў Санкт-Пецярбург. Няхай наш гераічны продак “пройдзе” і ў святочных калонах гэтых гарадоў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!