Інтэлект – лепшы брэнд! Гімназія г. Шчучына – лідар сярод устаноў адукацыі раёна

Ужо многа год гімназія г. Шчучына займае самую высокую прыступку п’едэстала ў сістэме адукацыі нашага раёна. Яе вучні і педагогі пастаянна папаўняюць сваімі высокімі ўзнагародамі агульную скарбонку раённых дасягненняў.

– У гімназіі створаны ўсе неабходныя ўмовы для фарміравання і развіцця асобы кожнага нашага вучня, – гаворыць дырэктар гімназіі Уладзімір Раманавіч Дубок. – Рабяты займаюцца ў “Школе алімпійца” і навуковым таварыстве “Арыён”, у раённай школе “Інтэлект”. Гімназія з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па ўстойлівым развіцці, па вывучэнні замежных моў, па захаванні здароўя дзяцей. Прыярытэтным накірункам дзейнасці застаецца стварэнне экадружалюбнага асяроддзя на падставе сістэмы экалагічнага менеджменту, які дзейнічае ў гімназіі. У мінулым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі функцыяніравалі класы з павышаным вывучэннем матэматыкі і англійскай мовы, грамадазнаўства і англійскай мовы, фізікі і матэматыкі, хіміі і біялогіі і іншых прадметаў. Усё гэта, а таксама факультатыўныя заняткі, платныя адукацыйныя паслугі, дае магчымасць нашым выпускнікам здаваць выпускныя экзамены і тэсціраванне на высокім узроўні. Летась гімназісты атрымалі 14 сертыфікатаў з больш чым 90 баламі. 22 выпускнікі набралі ў суме на ЦТ больш за 300 балаў. Дзякуючы высокім рэзультатам, атрыманым на цэнтралізаваным тэсціраванні, 94,3% гімназістаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адным з яркіх паказчыкаў якасці адукацыйнага працэсу з’яўляецца ўзровень вучэбных дасягненняў гімназістаў: па выніках мінулага навучальнага года сярэдні бал склаў 8,8.

Другі навучальны год у гімназіі працуе пачатковая школа. У 2018 годзе гімназічная сям’я папоўнілася шасцігодкамі: упершыню прайшоў набор у першы клас. Цяпер у пачатковай школе гімназіі ўжо два класы – 43 дзіцяці. А ўвогуле ў гімназіі займаюцца больш за 370 вучняў.

Грунтоўныя веды даюць гімназістам 38 педагогаў, больш за 60 працэнтаў з якіх маюць вышэйшую катэгорыю. У мінулым годзе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца гісторыі гімназіі Жанна Генрыхаўна Гайда атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

– Мы стараемся развіваць у нашых рабят творчыя здольнасці, заахвочваем іх для удзелу ў праектнай дзейнасці, – працягвае Уладзімір Раманавіч. – Напрыклад, у мінулым годзе каля гімназіі з’явіўся прыгожы куточак – сад Гётэ. Яго абуладкавалі рабяты разам з настаўніцай нямецкай мовы Таццянай Іванаўнай Гарохавай. Гімназічны праект па стварэнні сада перамог у конкурсе і атрымаў фінансавую падтрымку. Наш вялікі гонар – ансамбль барабаншчыц, якім кіруе Таццяна Уладзіміраўна Панова. Нядаўна дзяўчаты крыху змянілі свой імідж.

У гімназіі шырока прадстаўлена інфармацыйная прастора: усе кабінеты забяспечаны камп’ютарамі, якія аб’яднаны ў лакальную сетку, створаны прадметныя блогі, віртуальны метадычны кабінет, віртуальны музей, блог выхаваўчай работы. Кабінеты фізікі, інфарматыкі, лінгафонны абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, камп’ютарамі, мультымедыйнымі праектарамі, ёсць мультыборд, што значна паляпшае якасць выкладання прадметаў. Кабінет беларускай мовы і літаратуры заняў першае месца ў раённым спаборніцтве. Летась у гімназіі быў выкананы капітальны рамонт спартыўнай залы.

Творчыя і крэатыўныя гімназісты вызначаюцца не толькі дасягненнямі ў вучэбнай дзейнасці: на іх рахунку шматлікія міжнародныя, рэспубліканскія і абласныя перамогі ў розных фестывалях, конкурсах, канферэнцыях.

Высокі прафесіяналізм педагогаў, станоўчая матывацыя практычна ўсіх вучняў, зацікаўленасць бацькоў, якія маюць у большасці высокі сацыяльны і адукацыйны статус, здароўезберагальнае асяроддзе навучання і выхавання, шырокі спектр адукацыйных паслуг забяспечылі высокі ўзровень якасці адукацыі ў гімназіі г. Шчучына.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!