Інклюзіўнае сёння для людзей з інваліднасцю

Падчас “круглага стала” ў Шчучынскім райвыканкаме падвялі вынікі рэалізацыі кампаніі “Павестка 50”, якая распрацоўвалася на тэрыторыі нашага раёна з 2016 года. Урачыстым момантам стала падпісанне мясцовай павесткі па ажыцяўленні Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Гэты стратэгічны дакумент дазволіць здзейсніць планы па рэалізацыі Канвенцыі на рэгіянальным узроўні.

Мясцовая павестка распрацоўвалася з улікам меркаванняў насельніцтва Шчучынскага раёна – яна складзена на дваццаці дзвюх старонках і дэманструе такую ж самую колькасць крокаў, якія трэба зрабіць для паляпшэння інклюзіўнага асяроддзя ў рэгіёне. За падрыхтоўку дакумента з беларускага боку адказвалі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райвыканкама, раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама людзі з інваліднасцю.
І вось урачысты момант – падпісанне важнага для рэгіёна дакумента. Удзел у гэтай падзеі прынялі дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, член рабочай групы па распрацоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі” Сяргей Драздоўскі і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта. 

– Зараз у раёне пражывае больш за тры тысячы людзей з інваліднасцю – кожны дзень яны сутыкаюцца з шэрагам праблем, якія не дазваляюць якасна адаптавацца ў соцыуме, – зазначыла загадчыца аддзялення ТЦСАН, каардынатар праекта ў Шчучынскім рэгіёне Анжаліна Шпакоўская. – Нізкая сацыялізацыя і працоўная занятасць, недаступнасць некаторых грамадскіх будынкаў, адсутнасць развітой сеткі сацыяльнага таксі, нават недастатковае вонкавае і дваровае асвятленне з’яўляюцца сур’ёзнымі перашкодамі на гэтым шляху. 
Першыя крокі для вырашэння гэтых пытанняў ажыцяўляюцца ўжо сёння: напрыклад, у гэтым годзе атрымалася працаўладкаваць некалькі жадаючых – новыя працоўныя месцы былі створаны на прадпрыемстве “Шчучынспецпашыў”. Наперадзе правядзенне інфармацыйных мерапрыемстваў, складанне каталога даступнасці будынкаў для людзей з інваліднасцю, а таксама стварэнне працоўнай інклюзіўнай групы пры райвыканкаме.
“Павестка 50” распрацоўвалася на пяці пілотных пляцоўках – у Бабруйску, Валожыне, Стаўбцах, Століне і Шчучыне. Яе рэалізацыя стала магчымай дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з Фондам “TUS” (Польшча) і грамадскай арганізацыяй “Еўрапейскі дом” (Данія). Актыўны ўдзел у ажыцяўленні гэтай кампаніі прынялі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” і Цэнтр Еўрапейскай трансфармацыі.
Арганізатары праекта спадзяюцца, што ўдзельнікі “Павесткі 50” актыўна ўключацца ў абмеркаванне і вырашэнне праблем, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, а таксама перададуць свой вопыт іншым рэгіёнам краіны.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!