Імя на мемарыяле – сям’я са Шчучына не толькі адшукала сляды дзеда-франтавіка на Смаленшчыне, але і дабілася, каб прозвішча героя было адноўлена на помніку

Так склалася, што магілу салдата Вялікай Айчыннай вайны Уласа Карпавіча Цецюхіна, які змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі з 1941 года, спачатку шукалі дзеці, потым унукі, а адшукаць удалося праўнукам. Гэта вялікі здабытак, што ў нашы дні створаны і дзейнічае электронны архіў – абагулены банк дадзеных “Мемарыял”, які ўтрымлівае амаль 17 тысяч лічбавых копій дакументаў аб незваротных стратах і 20 мільёнаў імянных запісаў…

 

 – Тату забралі ў армію на перападрыхтоўку акурат за тры месяцы да вайны. Мы з братам, зусім малечы, амаль не памятаем яго. А ў мамы пад сэрцам білася яшчэ адно жыццё, – ледзь стрымліваючы слёзы, расказвае 80-гадовая Ірына Уласаўна Абразцова. – Колькі ўсяго нацярпеліся за ваеннае ліхалецце! Акупанты спалілі ўсё наша сяло Стары Пруд, што на Пскоўшчыне, мы ўцякалі ў лес, дарослыя капалі зямлянкі і так імкнуліся выжыць. Але аднойчы і туды дабраліся карнікі. Доўга гналі нас пехатою да чыгункі. Пад канвоем, разам з іншымі вяскоўцамі, ішлі мы з мамай за руку, думаючы незаўважна легчы і прытаіцца ў лагчыне. Задуманае не ўдалося… Потым везлі ў лагер у душных вагонах, дзе лютаваў тыф. Гэта страшна ўспамінаць. Проста цудам выжылі.

 

Са сваім бацькам Ірына так больш ніколі і не ўбачылася. Адзіная фотакартка, і тая зроблена напрыканцы 30-х гадоў, дзе малады, высокі і моцны прыгажун Улас Цецюхін сфатаграфаваўся ў гарадскім атэлье са сваім таварышам, захавалася толькі ў сваякоў з Рыгі. Ужо ў пасляваенны час Ірына Уласаўна вярнула яе ў свой сямейны альбом.

 

– А як апынуліся ў Беларусі? – пытаюся ў жанчыны.

 

– Брат ажаніўся з шчучынскай дзяўчынай, а я прыехала да іх у госці дый засталася тут. З 1961 года жыву ў гэтым горадзе, які даўно стаў родным. Але і пра малую радзіму не забываю, цягне туды, бы магнітам, – прызналася Ірына Уласаўна.

 

Яны з братам пастаянна шукалі бацьку. Потым эстафету памяці падхапілі сыны І.У. Абразцовай. Заўжды праз сэрца прапускала ўсе ваенныя гісторыі сям’і і малодшая дачка Марына, якая ўжо сваіх сыноў выхавала людзьмі спагадлівымі і душэўнымі, зацікаўленымі ў тым, каб да канца разматаць клубок ваенных перыпетый іх радаводу. 

 

 

– І вось пасля доўгіх пошукаў і запытаў мы нарэшце атрымліваем ліст ад начальніка аддзела ваеннага камісарыята Смаленскай вобласці па горадзе Ярцава і Ярцаўскім раёне, дзе нам пішуць, што імя Уласа Карпавіча Цецюхіна занесена ў Памятны альбом і картатэку ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі і пахаваны на тэрыторыі Ярцаўскага раёна, – працягвае гутарку пра свайго дзядулю Марына Лявонаўна Хвайніцкая. – Нам паведамілі, што радавы У.К. Цецюхін загінуў як герой у жорсткім баі ля сяла Прыселле ў 1943 годзе. І ўжо ў нашы дні астанкі воінаў былі перапахаваны ў брацкую магілу ў пасёлку Якаўлева Ярцаўскага раёна. 

 

Усвядоміўшы ўсё гэта, мы прынялі рашэнне паехаць туды. Сэрца поўнілася радасцю і гонарам, што родны нам чалавек не забыты, яго імя не канула ў Лету, а нам ёсць дзе пакланіцца яму, аддаць даніну павагі яго светлай памяці.

 

Дачакаўшыся цёплых пагодлівых дзянькоў, уся сям’я Хвайніцкіх разам з Ірынай Уласаўнай рушыла ў дарогу. І вось 600 кіламетраў за плячыма. Прыехалі ў Якаўлева, знайшлі мемарыял, усклалі кветкі… Некалькі разоў абышлі па крузе помнік, але … шыльдачку з іменем Уласа Цецюхіна, загінуўшага смерцю храбрых, так і не знайшлі. Было крыўдна ад пачуцця несправядлівасці. 

 

Тады Марына Хвайніцкая звярнулася ў СМІ. Яе эмацыянальны допіс “Не впасть бы в беспамятство…” быў надрукаваны ў газеце “Смоленская правда”. “Вельмі спадзяюся на канструктыўнае рашэнне ўзнятай праблемы, якая куды шырэй, чым апісаны “прыватны выпадак”, – пісала ўнучка салдата Перамогі. – Хочацца ў наступны раз прыехаць у вашу брацкую краіну са сваімі сынамі (іх у мяне чацвёра) і паказаць хлапчукам, дзе бясстрашна ваяваў і па-геройску загінуў іх прадзед, як ушаноўвае Расія простага салдата – Уласа Карпавіча Цецюхіна…”

 

Рэакцыя на публікацыю беларускі была імгненнай. На рэканструкцыю помніка ў пасёлку Якаўлева неўзабаве знайшліся грошы, былі выраблены і замацаваны адсутныя раней шыльдачкі з імёнамі ўсіх пахаваных тут салдат.

 

– Калі мы паехалі на Смаленшчыну ўжо ў наступны раз, то ўсё было, як належыць, – канстатуе Марына Лявонаўна. – Справядлівасць узяла верх. Да чырвонай цаглянай сцяны, бы абмытай крывёю салдат, туды, дзе быў надпіс з іменем дзядулі, мы ўсклалі вянок, запалілі лампадку. Наступны год – юбілейны: будзе адзначаццца 75-годдзе Вялікай Перамогі. Думаю, што па добрай традыцыі мы зноў усёй сям’ёй разам з сынамі абавязкова наведаем святое для нас месца. Не павінна згасаць памяць аб героях вайны, тым больш, калі гэта твае родныя людзі. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага альбома І.У. Абразцовай.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!