Ім пад сілу балота ператварыць у раллю

Яшчэ тры месяцы таму поле ля вёскі Якубавічы Астрынскага сельсавета было моцна забалочана і густа парасло хмызняком і пустазеллем. Аднак з прыходам сюды меліяратараў сітуацыя стала выпраўляцца ў лепшы бок, і ўжо восенню аграрыі ААТ “АграГЖС” змогуць уключыць гэтыя землі ў севазварот.

– Гэтыя землі пэўны час знаходзіліся ў заняпадзе: усюды стаяла вада, якая не дазваляла сельскагаспадарчай тэхніцы нармальна працаваць, – гаворыць механізатар з дзесяцігадовым стажам Валерый Тадэвушавіч Лісёнак. – Нават гусенічны экскаватар, на якім працую, змог улезці сюды толькі нядаўна, калі спёка падсушыла палеткі. Займаюся чысткай і паглыбленнем каналаў: за працоўную змену аднаўляю роў даўжынёй да 200 метраў. Строга прытрымліваюся распрацаванай выпіскі, у якой указаны нормы паглыблення, вугал наклону адкосаў і іншыя важныя параметры.


Побач з В.Т. Лісёнкам у полі працаваў яшчэ адзін экскаватар. Якое ж было маё здзіўленне, калі з кабіны магутнай машыны вылез механізатар, як дзве каплі вады падобны да Валерыя Тадэвушавіча.
– Мы з Валерыем блізняты, – усміхаецца Віталій Тадэвушавіч Лісёнак. – Я старэйшы за яго ўсяго на пяць хвілін. Прыйшлі працаваць у прадпрыемства міліярацыйных сістэм амаль адначасова і вось ужо дзесяць гадоў асушваем і прыводзім у парадак палеткі Шчучыншчыны. Калі хтосьці думае, што прафесія экскаватаршчыка лёгкая, прапаную ў летнюю спякоту папрацаваць дзянёк-другі на экскаватары, дзе заводам не ўсталяваны кандыцыянер. Унутры кабіны паветра награецца да 40 градусаў і болей. Каб пазбегнуць абязводжвання, кожны дзень бяру з сабою ў поле чатыры літры вады.
У такіх жа няпростых умовах працуе і бульдазерыст з 22-гадовым працоўным стажам І.І. Юхневіч. Амаль увесь светлавы дзень ён займаецца расчысткай хмызняку, які пры дапамозе спецыяльнага карчавальніка з дзевяццю зубамі вырывае з зямлі і складвае ў бурты.


– У майго бульдозера, які важыць 21 тону, устаноўлены гусеніцы амаль метровай шырыні, якія апіраюцца на сем каткоў з кожнага боку, – зазначае Ігар Іванавіч. – Дзякуючы гэтаму ён можа праехаць амаль усюды. Аднак на гэтым полі тэхніка месцамі буксавала – так моцна была забалочана глеба. Ды толькі я не прывык пасаваць перад цяжкасцямі і заўсёды выконваю пастаўленыя задачы. Гэтаму мяне навучылі ў танкавых войсках, дзе служыў у маладосці. Менавіта там навучыўся кіраваць танкам Т-72, таму асвоіць гусенічны бульдозер было проста.
У гэтыя гарачыя летнія дні ў шчучынскіх меліяратараў хапае работы. Яны аднаўляюць дрэнажную сістэму не толькі на палетках ААТ “АграГЖС”, але і на палях ААТ “Шчучынаграпрадукт” і “Першамайск-агра”. Пасля возьмуцца за землі ААТ “Васілішкі” і Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі.
– У нашым раёне налічваецца 30528 гектараў асушаных зямель, у тым ліку 26741 гектар сельгасугоддзяў, – гаворыць галоўны інжынер Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Сямёнавіч Сняжко. – Сёлета плануем увесці ў абарот яшчэ каля 500 гектараў. Для гэтага задзейнічаем 3 бульдозеры, 9 экскаватараў і столькі ж трактараў. Адначасова падкошваем каналы, даўжыня якіх у раёне складае 1516 кіламетраў. Да ўсяго нашы работнікі пракладваюць водаправод і каналізацыйную сістэму на комплексе па вырошчванні культываваных шампіньёнаў, які актыўна будуецца на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома ў Шчучыне. Не абыйдуцца без нас і шчучынскія будаўнікі, якія пачалі ўзводзіць у райцэнтры новы 60-кватэрны жылы дом па вуліцы Заводскай. Такім чынам, аб’ём выкананых работ у параўнанні з мінулым годам у нас вырасце амаль на 180%, што прынясе істотны прыбытак нашай арганізацыі.
Зарабіць дадатковы рубель шчучынскім меліяратарам дапамагае і цэх шынамантажу, які на прадпрыемстве адчынілі летась. Тут усталявана сучаснае абсталяванне, пры дапамозе якога можна пераабуць колы любога дыяметра. Гэтай паслугай з задавальненнем карыстаюцца як аграрыі раёна, такі і сяляне.


У тым, што прадпрыемства меліярацыйных сістэм сёння цвёрда стаіць на нагах і працягвае ўпэўнена развівацца, – заслуга ўсяго працоўнага калектыву, які вось ужо 13 гадоў узначальвае Аляксандр Зянонавіч Астраух – неабыякавы чалавек і таленавіты кіраўнік, які па-добраму хварэе за сваю справу і ўмее правільна арганізаваць вытворчы працэс. Дзякуючы сваёй нястрымнай энергіі і мэтанакіраванасці ён заўсёды дабіваецца пастаўленай мэты.
– Галоўнае наша багацце – гэта людзі, – зазначае Аляксандр Зянонавіч. – Мне пашчасціла, што побач са мной працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія не баяцца працы і гатовы ўзяцца за любы, нават самы складаны праект. Бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі інжынер-энергетык Аляксандр Мікалаевіч Чырэц, слесар-інструментальшчык Алег Вячаслававіч Бахар, машыніст бульдозера Станіслаў Іосіфавіч Палуян, трактарысты Станіслаў Станіслававіч Сеўка і Юрый Юзэфавіч Слапік, вадзіцелі Святаслаў Уладзіміравіч Рышкевіч і Іосіф Станіслававіч Адамчык. І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць. Дарэчы, усе, хто вызначыўся працай, напярэдадні прафесійнага свята атрымалі грашовыя прэміі ад роднага прадпрыемства. Да ўсяго тры нашыя работнікі – галоўны інжынер Віктар Сямёнавіч Сняжко, галоўны бухгалтар Галіна Мар’янаўна Козіч і машыніст экскаватара Віктар Антонавіч Богдан – былі адзначаны Ганаровай граматай і Пісьмамі-падзякамі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Безумоўна, яны заслужылі гэтыя высокія ўзнагароды! Хочацца павіншаваць паважаных калег з Днём меліяратара. Няхай у нашай нялёгкай, але надзвычай запатрабаванай і высакароднай справе заўсёды спрыяюць удача і поспех. Здароўя, бадзёрасці і сямейнага дабрабыту!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.