І прачытаем Гётэ мы ў арыгінале...

Валянціна Віктараўна Будзько амаль трыццаць год працуе настаўнікам замежнай мовы ў Орлеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. За гэты час дзясяткі яе вучняў не толькі навучыліся разумець нямецкую мову і размаўляць на ёй, але і даведаліся шмат цікавага пра гісторыю старажытнай і сучаснай Германіі. Настаўніца стараецца пашырыць кругагляд рабят, пераканаць іх у тым, што выдатнае веданне роднай і замежных моў – гэта патрабаванне часу, сведчанне адукаванасці і развіцця чалавека.
Малая радзіма Валянціны Віктараўны – вёска Забалаць Воранаўскага раёна. Пасля заканчэння дзесяцігодкі яна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Вучыліся ў сталіцы разам са сваім будучым мужам Аркадзіем Мікалаевічам, з якім сябравалі яшчэ са школы. Ён атрымліваў прафесію ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля заканчэння інстытута Валянціна Віктараўна працавала паўтара года ў Радуні, затым, а на той час у маладых бацькоў было ўжо двое дзетак, перабралася да мужа ў Мінск. Толькі ў сталіцы маладая сям’я не засталася, а выбрала сваім пастаянным месцам жыхарства Шчучыншчыну.
– Так склаліся абставіны, што мой муж мэтанакіравана паехаў у Шчучын, каб даведацца пра вакансіі ў раённым аддзеле народнай адукацыі, – успамінае Валянціна Віктараўна. – Тады ў Орлеўскай школе якраз вызвалялася месца інструктара па ваджэнні – у той час там рыхтавалі трактарыстаў. А паколькі мы з ім былі людзі вясковыя, вырашылі, што гэта нядрэнны варыянт, і перабраліся з Мінска ў Орлю. Канечне, у горадзе для дзяцей было б больш магчымасцей, але мы вырашылі, што тут яны будуць расці на свежым паветры, харчавацца здаровай ежай са свайго агарода.
Гэты маляўнічы партызанскі край спадабаўся маладым настаўнікам. Спачатку яны жылі ў інтэрнаце, а затым ім выдзелілі будынак былой школьнай сталоўкі, які яны сваімі рукамі ператварылі ва ўтульны, прыгожы дом. І вось ужо амаль тры дзясяткі год жывуць на Шчучыншчыне і працуюць разам у адной школе.
– Чаму я некалі выбрала такую спецыяльнасць? – на хвіліну задумваецца Валянціна Віктараўна. – Помню, як у дзяцінстве марыла стаць урачом. Нават выразала з газеты фота знакамітага доктара і беражліва яго захоўвала. А потым карэктывы ў мае дзіцячыя планы ўнёс наш настаўнік нямецкай мовы – у мінулым ён быў ваенным перакладчыкам. Мне так падабаліся яго ўрокі, што я вырашыла таксама вучыць дзяцей.
Сёння, аглядваючыся на сваё жыццё, Валянціна Віктараўна ніколькі не шкадуе, што зрабіла такі выбар.
– Гэта сапраўды маё прызванне, – упэўнена педагог. – Я вельмі люблю дзяцей, і люблю справу, якой займаюся. Летам, падчас канікулаў, калі доўга не бываю ў школе, не магу дачакацца першага верасня – так не хапае маёй работы і вучняў. Праўда, у прафесіі настаўніка ўсё ж такі ёсць адзін мінус – сваіх дзяцей мы больш бачылі ў школе, чым дома. На нашых трох дачок ускладалася вялікая адказнасць: яны павінны былі быць эталонам у паводзінах, добра вучыцца, таму што іх бацькі – настаўнікі. Што даравалася іншым вучням, ніколі не заставалася незаўважаным у адносінах да нашых дачок. Добра, што яны выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая пайшла па нашых слядах і выбрала прафесію настаўніка музыкі.
Прадаўжальнікам справы любімай настаўніцы сталі і вучні Валянціны Віктараўны.
– Многія рабяты выбіралі для паступлення факультэты замежных моў, – гаворыць Валянціна Віктараўна. – Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купалы вучыліся Таццяна Зялінская і Гражына Шэршань, а хутка заканчвае Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт Кацярына Снапко, якая не раз займала прызавыя месцы ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Заўсёды ў кожным класе ёсць дзеці, якім падабаецца вывучаць замежную мову. Яны прымаюць удзел у алімпіядным руху. Летась мае вучні занялі чатыры другія месцы ў раённым этапе алімпіяды па нямецкай мове. Будзем імкнуцца да большага.
Сама Валянціна Віктараўна лічыць, што развівацца павінны не толькі дзеці, але і педагог. Не раз яна бывала на курсах павышэння кваліфікацыі ў інстытуце імя Гётэ, некалькі год таму пераймала вопыт сваіх нямецкіх калег падчас паездкі ў горад Кельхайм, дзе яна знаёмілася з методыкай выкладання мовы, наведала гімназію і школу Мантэсоры, пабывала ў рэальнай і прафесійнай школах.
– На сваіх уроках я стараюся быць не толькі крыніцай ведаў для рабят, а хутчэй памочнікам сваім вучням, – гаворыць настаўніца. – Прапаную ім такія заданні, каб яны самі даходзілі да ісціны, рабілі вывады. У нас нават парты стаяць так, каб дзеці не сядзелі спінамі адзін да аднаго, а мелі магчымасць размаўляць, штосьці абмяркоўваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем рыхтуюць розныя праекты, удзельнічаюць ва ўроках-дыялогах, у ролевых гульнях, актыўна працуюць па парах. Для мяне галоўнае, каб яны атрымалі веды, а для гэтага ў іх ёсць усе магчымасці. Некалькі год таму кабінет нямецкай мовы заняў другое месца ў конкурсе кабінетаў. За гэта мы атрымалі тры новыя камп’ютары.
А ў вольны час? У вольны час Валянціна Віктараўна вельмі любіць песціць сваіх дарослых дачок, а таксама чацвярых любімых унукаў рознай выпечкай: тортамі, пірагамі, хворастам і іншымі прысмакамі, калі яны збіраюцца ў бацькоўскім доме. Праўда, яны ўжо і самі не саступаюць маме ў майстэрстве. А Аркадзій Мікалаевіч, які працуе ў школе настаўнікам працоўнага навучання, – майстар на ўсе рукі. Рамонт і ўсе драўляныя вырабы ў доме – яго шэдэўры. І грыбнік заўзяты. Разам у згодзе і ўзаемаразуменні яны пражылі ўжо больш за трыццаць год. А маляўнічы орлеўскі край нашай Шчучыншчыны стаў для іх другой радзімай.
…Кожны дзень Валянціна Віктараўна раніцай адчыняе дзверы ў свой клас і з нецярпеннем чакае сваіх вучняў, каб разам з імі зноў спасцігаць усе сакрэты замежных моў. І настаўніца, і рабяты цалкам згодны са сцвярджэннем нямецкага пісьменніка Гётэ, які некалі сказаў: “Колькі моў ведае чалавек, столькі разоў ён чалавек”. Таму і сябруюць орлеўскія школьнікі з любімай нямецкай…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!