Хроніка здарэнняў

Стары “промысел”

Зладзейскую вылазку ў нежылы, пакінуты ў спадчыну дом учыніў жыхар Васілішак, які меў непагашаную судзімасць. Ён дастаў аконную раму і выкраў тры секцыі чугунных батарэй. Па ўсім відаць, падчас “аперацыі” сумленне ў вяскоўца моцна спала. Калі наогул ёсць яно ў асоб, якія, дзе жывуць, там і шкодзяць.

 

Запаслівыя

Супрацоўнікі Шчучынскага РАУС і іх калегі з Мастоўшчыны ў двары дома пенсіянера ў вёсцы Вярбілкі знайшлі сур’ёзны запас – 570 літраў дызельнага паліва і 180 літраў афарбаванай саляркі на агульную суму звыш 1200 рублёў. Праводзіцца праверка. А вось на сядзібе, якая на правах спадчыны належыць жыхару Балічаў, праваахоўнікі выявілі самагонны апарат і некалькі літраў гатовага прадукту са спецыфічным пахам. Аналагічныя апарат і самагон захоўваліся і ў доме пенсіянера з Будраўцаў.

 

 Мак – расліна не для градкі

Падчас правядзення СП “Мак” супрацоўнікі міліцыі выявілі алейны мак на прысядзібных участках пенсіянерак – жыхарак вёсак Нарашы і Вялікае Сяло. Вынесены пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання.

 

Не да вучобы

Заведзена крымінальная справа на жыхара аграгарадка Ражанка, навучэнца аднаго з гродзенскіх каледжаў. Будучы нецвярозым, ён з хуліганскіх намераў пабіў студэнта, таксама мясцовага хлопца. У пацярпелага некалькі закрытых пераломаў. 

 

Непаслухмяны матацыкл

Пералом і іншыя цялесныя пашкоджанні атрымаў матацыкліст, які познім вечарам, праязджаючы па вуліцы Савецкай у Шчучыне, не справіўся з кіраваннем і ўпаў.

 

Пракаціўся

Жыхар аграгарадка Дэмбрава, работнік мясцовай гаспадаркі, угнаў трактар, які стаяў паблізу фермы. У ажыццяўленні мэты дапамог… свабодны доступ у кабіну. Праехаўшыся, вярнуў тэхніку на месца. Па факце заведзена крымінальная справа.

 

Сіла выйшла з-пад кантролю

І вінавата ў гэтым, па ўсім відаць, зладзейка з наклейкай. Бо калі ў маладога і нецвярозага жыхара Каменкі на вячэрняй вуліцы ўзнік канфлікт з пенсіянерам, мясцовым жыхаром, то ён ударыў апанента кулаком у твар. Мужчына ўпаў на асфальт, стукнуўся галавой. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі пацярпелы быў дастаўлены ў бальніцу.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!